У Фарным касцёле ў бочнай наве знаходзіцца прыгожы абраз святога Казіміра, апекуна Гродзенскай дыяцэзіі. Яго светлы святы вобраз яднае Гродна і Вільню, гэтаксама як абраз Маці Божай Вастрабрамскай.

Святы Казімір пражыў у Гродне частку свайго кароткага жыцця: у 1463 годзе яго бацькі Казімір Ягелончык і Альжбета пераехалі сюды як у чысты ад маравой язвы горад.

Тут, у касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Марыі Панны, які гісторыкі называюць касцёлам Вітаўта і які быў узарваны ў 1963 г., каралеўскі сын маліўся, а калі касцёл уночы быў зачынены, цалаваў яго святы парог і дзверы.

У Гродне святы Казімір памёр 4 сакавіка 1484 г. Труна з целам была перавезена ў Вільню.

На Казюкі, свята майстроў Вільні, гродзенцы любяць ездзіць. У гэтым годзе ездзілі туды мастакі нашага горада. Яны прывезлі з Вільні чысты настрой адноўленай літоўскай сталіцы і радасць шматлюднага кірмашу, на якім галоўным прадметам паказу быў абраз Маці Божай Вастрабрамскай, зроблены з каменьчыкаў бурштыну.

І ў Гродне, на цэнтральным пляцы, у нядзелю, 3 сакавіка, майстры дэманстравалі сваю творчасць.

А 4 сакавіка, у дзень, калі святы Казімір нарадзіўся для Бога, святочныя белыя шаты апранулі ксяндзы і клерыкі. Прыехалі госці з Літвы і Расіі — браты ордэна езуітаў, прадаўжальнікі справы заснавальніка закону Ігнацыя Лаёлы і яго сябра і вучня, апекуна гродзенскай Фары, святога Францішка Ксаверыя. Час спыніўся. Кантыненты паядналіся. У Вялікі пост святочны радасны дзень падаравалі вялікія людзі, якія аддалі Богу свае сэрцы. ХV і ХVІ стагоддзі сталі нашым сённяшнім днём. Апошні манах складаў шлюб у Фарным касцёле 230 гадоў таму. Пасля дзейнасць закону езуітаў у Гродне і Краі была спыненая. Айцец Казімір Жыліс, які атрымаў духоўную адукацыю у Ковенскай семінарыі, у 1974 г. склаў першы шлюб паслушэнства, беднасці і чысціні правінцыялу езуітаў Літвы таемна.

Цяпер а. Казімір Жыліс склаў вячысты шлюб закону езуітаў. На ўрачыстасці казанне гаварыў правінцыял Маскоўскай акругі, прымаў клятву а. Казіміра правінцыял езуітаў Літвы Ежы Карпінскі. Урачыстасць канцэлебраваў кс. біскуп Аляксандр Кашкевіч, а ў канцы яе меў слова біскуп Антоні Дзям’янка.

Ксёндз Казімір Жыліс доўгі час нёс святарскую службу ў мястэчку Індура і карыстаўся там вялікім аўтарытэтам. Ён, між іншым, дамогся, што парафіяне перасталі на пахаваннях ужываць алкаголь. Цяпер а. Казімір Жыліс працуе ў Фарным касцёле ў Гродне і выконвае абавязкі капелана турмы, якая знаходзіцца ад савецкага часу ў езуіцкім каляштары.

Д.Б.