Жаночы францішканскі закон сфармаваўся з так званага трэцяга закону для свецкіх, які заснаваў св. Францішак Асізскі ў 1221 г.

У 1438 г. адбылася першая капітула закону.

У 1453 г. св. Ян Капістран заснаваў у Кракаве першы закон абсэрвантаў пад тытулам св. Бернарда з Сіены. З часам законнікаў, што жылі ў гэтым кляштары, пачалі называць бернардынамі.

Дамы сясцёр знаходзіліся непадалёк ад бернардынскіх касцёлаў. Сёстры хадзілі туды на набажэнствы, айцы бернардыны аказвалі ім душпастырскую паслугу і таму з часам сясцёр пачалі таксама называць бернардынкамі.

Першы законны дом бернардынак з’явіўся ў Кракаве ў 1454 г. Сёстры прынялі рэгулу трэцяга свецкага закону, якая была зацверджана папам Мікалаем V.

У 1452 г. сандамерскі кашталян Ян Хінча збудаваў сёстрам бернардынкам кляштар і касцёл св. Агнешкі ў Кракаве.

У канцы ХVІІІ ст. кляштары сясцёр бернардынак перайшлі пад юрысдыкцыю біскупаў, і такое становішча захавалася да нашага часу.

У 1772 г. бернардынкі мелі 22 пляцоўкі, якія знаходзіліся ў 4 правінцыях.

У літоўскай правінцыі было шэсць кляштараў, з іх на тэрыторыі сучаснай Беларусі — у Мінску, Гродне і ў Слоніме.

Слонімскі кляштар сясцёр бернардынак быў пабудаваны ў 1645 г. на ахвяраванні Аляксандра Юдыцкага і слонімскага старасты Сасноўскага. Сёстры прыехалі сюды з Вільні. Першаю кіраўнічкаю кляштара была Тэкля Сапяжанка. У 1670 г. кляштар згарэў падчас вялікага пажару. У 1674 г. быў збудаваны новы, мураваны будынак кляштару.

Закон сясцёр бернардынак быў апошнім, што падлягаў касацыі: царскія ўлады забаранілі прымаць у навіцыят новых сясцёр. Такое становішча было да 1906 г., да выхаду талерантнага царскага маніфеста...

У 1946 г. савецкія ўлады ў Вільні забралі сясцёр з усіх жаночых кляштараў і ноччу вывезлі за 25 км ад горада, у мясцовасць Чорны Бор. Сёстрам быў дадзены загад разыходзіцца і больш не вяртацца ў свае кляштары. Сярод вывезеных былі таксама сёстры бернардынкі.

Пасля распаду камуністычна-атэістычнай сістэмы аказалася, што ў Вільні жыве і працуе 21 сястра бернардынка; 7 з іх былі з Беларусі. Неўзабаве сёстры вярнуліся ў Слонім шукаць сваю спадчыну, але ў іх кляштары размяшчаўся шпіталь. Ды добры Бог для добрай справы заўсёды пасылае добрых людзей: 1 жніўня 2001 г., у дзень св. Клары, у Слоніме быў асвечаны адноўлены кляштар — першы кантэпляцыйны кляштар у Беларусі, дзе сёстры бернардынкі служаць Богу і людзям праз малітву і пакуту, жывучы з ахвяраванняў.

Дык няхай як найбольш шчырых і пабожных душаў пакліча Пан Бог для службы ў францішканскім законе сясцёр бернардынак.

А. Вітальд ЖЭЛЬВЕТРА, Слонім