Прыехаў з Парыжа ў Гродна артыст і рэжысёр польскага паходжання Тадэвуш Ружыцкі і паставіў з парафіянамі Фары містэрыю жыцця, пакутаў, смерці і ўваскрэсення Збаўцы нашага Езуса Хрыста. Вялікі пост у гарадзенцаў узмоцнены далучэннем да перажывання тых вялікіх падзеяў, якія адбыліся 2000 гадоў таму. Сам артыст узяў на сябе галоўную ролю — ён і знешне падобны да традыцыйнага вобраза Збаўцы. У спектаклі ён умацоўвае гэты вобраз або стварае свой, але так пераканаўча, што людзі, якія застаюцца пасля вячэрняга набажэнства ў касцёле, бачаць і вераць, што цуд адбыўся — і мы ўвачавідкі знаходзімся побач з нашым Богам і перажываем Яго апошнюю Крыжовую Дарогу. Усе гледачы носяць у сабе Езуса, жывуць з Ім, таму ў касцёле адбываецца падзея незвычайная: калі Езус дзеліць хлеб з вучнямі і падае яго людзям каля сходкаў алтара, увесь касцёл, усе прысутныя ўжо далучаныя да падзеяў і забываюць, дзе яны, у якім часе знаходзяцца.

Калі Езус нясе цяжкі Крыж праз вялікі касцёл, а Яго бічуюць і Ён падае, плачуць не толькі дзяўчаты, якія іграюць ролі Маці Божай, Магдалены, Веранікі, — плачуць усе. Людзям, якія не вераць, глядзець гэты спектакль было б немагчыма. Ды і вызначаць гэтае дзейства словамі «ігра», «спектакль» няправільна. Ніхто не звяртае ўвагі на тое, што моладзь дрэнна вымаўляе польскія словы, ніхто не дзівіцца, што Пілат такі малады. Пераканаўчыя вобразы святога Пятра і апостала Яна. Магдалена менавіта такая, якой мы яе ўяўлялі. Аж дзіўна, дзе знайшлі такога салапяку на ролю Юды Іскарыёта...

У касцёле холадна, персанажы містэрыі босыя, у кашулях, у туніках. Два ўкрыжаваныя хлопцы толькі ў павязках, але на крыжах трымаюцца годна. Укрыжаванне Езуса Хрыста, прыбіванне Яго святых рук і ног вялікімі чорнымі цвікамі, кананне на Крыжы, цемра, добрая музыка і каментар за кадрам, постаць Маці Марыі — усё адбываецца папраўдзе.

І з’яўленне Яго ў бліскучай залатой кашулі. Змёртвыхпаўстанне. Цяжка пераказаць пачуцці, з якімі выходзіш з касцёла. Але найпершае — ачышчэнне.

Ёсць глядачкі, якія не прапускаюць ніводнай пастаноўкі містэрыі.

4 сакавіка, прыйшоўшы ў касцёл, я нечакана ўбачыла Тадэвуша Ружыцкага, які зайшоў з бочных дзвярэй касцёла — такі мілы, у чорных джынсах і мяккай простай куртцы, каўняром прыхапіўшы доўгія русыя кучаравыя валасы, нашмат маладзей, чым у спектаклі. Пастаяў перад алтаром Святой Тройцы і перайшоў бліжэй да мяне, спыніўся каля сцяны. А я проста глядзела здалёку на таго, хто стаў нам такім дарагім і паважаным, бо вось прыехаў у наш горад і паказаў нам Езуса Жывога — укрыжаванага і ўваскрэслага.

Як ён жыве сам? Як ён выходзіць з вобраза Бога? Ці проста носіць Яго ў сэрцы, як павінны насіць усе хрысціяне?

У канцы спектакля сябра Ружыцкі раздае абразкі Езуса і чыстыя канверты з парыжскім адрасам з прапановай напісаць яму на той мове, якой валодаеш. І кажа:«Я адказваю ўсім...»

Д.Б., Гродна