– Маё першае пытанне гучыць вельмі проста: чаму Вы гэта робіце?

– Калі я размаўляў з маімі сябрамі акторамі, якія іграюць у класічных п’есах «Макбет», «Антыгона» ці іншых, заўсёды ў іх пытаю, ці важны для іх духовы бок, ці чыталі яны, напрыклад, ліст Святога Айца Яна Паўла ІІ да артыстаў, які, на маю думку, з’яўляецца шэдэўрам, ці чыталі яны энцыкліку «Veritatis splendor», якая гаворыць, як зразумець чалавека і свет праз Хрыста. Аказваецца, што гэта іх увогуле не цікавіць. Але ж у нашай працы ідзе гаворка не пра апладысменты, а пра тое, каб пераказаць найглыбейшыя думкі, пераказаць Евангелле, якое будуе, натхняе, дае сілу, энергію, бо аўтар Евангелля – сам Бог. І таму я прыйшоў да высновы, што ніякая класіка, ніякая найлепшая п’еса не могуць так уздзейнічаць на чалавека, як п’еса, заснаваная на Евангеллі...

– Як Вы лічыце: тое, што Вы робіце, гэта нейкая форма апостальства?

– Так, гэта форма апостальства, бо сёння немажліва прамаўляць толькі з амбоны. Мне здаецца, што евангелізацыю трэба праводзіць у розных аспектах, у розных стылях. Праз такую акцыю можна прамаўляць да розных людзей, у тым ліку і да тых, хто знаходзіцца на палове дарогі альбо хто адвярнуўся ад Хрыста. Акрамя гэтага, сёння існуе псіхалагічная і сацыялагічная патрэба на такія п’есы.

– На Вашу думку, гэта сучаснае апостальства можа захапіць кожнага?

– Так, бо акрамя секулярызацыі і абыякавасці ў чалавеку заўсёды прысутнічае элемент Бога, незалежна ад таго, ведае аб гэтым чалавек альбо не. Пазней, у пэўных абставінах, гэты элемент адгукнецца і адродзіцца.

– Як пачалася Ваша справа?

– Уласна кажучы, усё пачалося яшчэ ў Люблінскім каталіцкім універсітэце, дзе пад кіраўніцтвам Лешка Мундзіка ставіліся розныя п’есы. Усё рабілася ў стылі мадэрн, хоць у большасці п’есы былі рэлігійнымі. Калі я вучыўся, то вельмі быў зачараваны гэтым. Калі скончыў універсітэт, наша група сабралася, і мы прыйшлі да высновы, што трэба працягваць займацца тэатрам, бо ён з’яўляецца жывым словам. Пачалі з фільма пра св. Клару і св. Францішка з Асізі. Потым перайшлі да тэатра, таму што тэатр усё ж больш дынамічны.

– А што Вы вывучалі ва універсітэце?

– Вывучаў тэалогію, каб лепш спазнаць Хрыста. Вучыўся з такім захапленнем. Мае бацькі былі рэлігійныя, перадалі мне веру чыстую, але не наіўную. Яшчэ ў дзяцінстве я штодзённа прымаў удзел у трох Святых Імшах, ужо тады я ведаў, што трэба ўдзельнічаць у Св. Імшы, каб падзякаваць Пану Езусу за тое, што даў мне жыццё. Св. Імша і Камунія – больш вялікага цуда немажліва ўявіць. Я лічу, што Св. Імша – найвялікшая форма пакланення Хрысту, такі анёльскі хлеб.

– Чаму для рэалізацыі сваёй місіі Вы выбралі Беларусь?

– Я ўжо даўно хацеў прыехаць на Беларусь, каб паказаць дзве п’есы: «Містэрыя Мукі Пана» і «Фаустына». Я хацеў такім чынам падзякаваць людзям, якія захавалі сваю веру, за тое, што гэтыя людзі вытрывалі ў вельмі цяжкіх сітуацыях. Я маліўся да св. Фаустыны, бо лічыў, што ад яе гэта таксама залежыць. Калі б у мяне быў выбар выехаць з такой мэтай у Злучаныя Штаты альбо ў Канаду, то выбраў бы Беларусь. Я проста вельмі хацеў прынесці радасць звычайным людзям, зрабіць падарунак на святы. Ведаю, што гэта асаблівая ласка Бога...

– Тое, што Вы робіце, гэта Ваша праца ці захапленне?

– Гэта тэатр. У нас ёсць і прафесіяналы, і аматары. У гэтым годзе спаўняецца 30 гадоў з таго часу, як я пачаў ставіць п’есы па Новым і Старым Запавеце. Але што датычыць «Фаустыны», то гэта вельмі актуальна, нешта палымянае, трапяткое. Калі людзі захочуць быць апосталамі Божай Міласэрнасці, то можна евангелізаваць цэлыя дзяржавы.

– Як Вы ацэньваеце мясцовую моладзь, з якой супрацоўнічаеце?

– Я сказаў бы, што з гэтай моладзі можна зрабіць вялікіх святых. Энергія, сіла, якой яны валодаюць, яшчэ ўкрытыя, але моладзь адкрытая для евангелізацыі.

«Божая Міласэрнасць – вялікі дар»

– Мяне завуць Анастасія Стасюк. Вучуся ў 10-м класе ў 14-й школе, у гэтым годзе заканчваю школу. Збіраюся паступаць у Люблінскі каталіцкі універсітэт. Я каталічка, кожную нядзелю хаджу ў касцёл.

– Як атрымалася, што ты іграеш ролю св. Фаустыны?

– Калі ў нас у польскай школе аб’явілі, што прыязджае рэжысёр з Парыжа, каб паказаць сакральную п’есу, і што патрэбны акторы, я вельмі спакойна гэта ўспрыняла. Калі глядзела фільм і здымкі св. Фаустыны, падалося, што яе духоўнасць вельмі блізкая мне. Я бяру прыклад з духоўнасці св. Тэрэсы ад Дзіцятка Езус, але св. Фаустына, напэўна, сама захацела, каб распаўсюджваўся культ Божай Міласэрнасці тут, у Гродне, і таму я прыняла прапанову іграць гэту роль як пакліканне, заданне св. Фаустыны.

– Ці лёгка іграць св. Фаустыну?

– Лёгка, бо, упэўнена, што св. Фаустына чувае над гэтым працэсам. Я толькі павінна вывучыць словы, а як мне рухацца, як паводзіць сябе, вырашае менавіта сама Фаустына.

– Якія моманты ў спектаклі цябе найбольш узрушаюць?

– Я вельмі моцна перажываю ўвесь спектакль, але такім момантам для мяне з’яўляюцца яе словы: «Калі я ўступіла ў кляштар, адчувала сябе нязмерна шчаслівай. З майго сэрца вырывалася адзіная малітва – малітва падзякі». Фаустына ішла, углядаючыся ў Бога, пераносячы ўсе цярпенні і страх. Яе неба пачалося з нашай зямлі.

– Будучы с. Фаустынай на сцэне, што ты хацела б пераказаць гледачам?

– Найперш, што Божая Міласэрнасць – вялікі дар для людзей. Пекла існуе, але людзі павінны даверыцца Пану не з-за боязі пекла, а толькі з-за разумення, што Езус іх вельмі любіць. І менавіта гэтае пачуццё Яго любові я хачу пераказаць іншым людзям.

– Ты вельмі глыбока разумееш духоўнасць Фаустыны, яе місію. Гэта прыйшло падчас працы над роллю альбо ты ведала нешта пра с. Фаустыну раней?

– Я чула пра святую, пра яе Дзённік, але не захаплялася ёю як сваім ідэалам. Такім ідэалам для мяне з’яўляецца Панна Марыя, і праз Яе я бачу розных святых, такіх, як св. Тэрэса ці св. Фаустына. Углядаючыся ў гэтыя постаці, я стараюся зразумець, што Пан Бог хацеў праз іх сказаць чалавецтву, перадусім пра сваю любоў і ідэал любові да бліжняга.

– Ці шмат моладзі ўдзельнічае ў спектаклі?

– Сярод маіх партнёраў-актораў ёсць дзяўчаты і хлопцы, для якіх гэты спектакль – першае набліжэнне да Пана Бога. Я цешуся, што такім чынам яны цягнуцца да Бога. Мажліва, яны яшчэ не сустрэлі нікога, хто змог бы ім даць адказ на ўсе пытанні. А ў гэтым спектаклі ім адказвае Пан Езус.

З акторамі гутарыла Л. Манько.