Калі едзеш з Мазыра на Мінск праз Калінкавічы, з радасцю і хваляваннем заўважаеш сярод жылога кварталу гэтага горада касцёл, вежа якога, быццам маяк, паказвае падарожніку шлях у самы надзейны прыстанак.

Калінкавічы ўпершыню згадваюцца ў хроніках у 1560 г. як мястэчка ў Мазырскім павеце Вялікага Княства Літоўскага. З 1793г. яно ўваходзіла ў склад Расійскай імперыі і належала князю Шахоўскаму. У 1860 г. у мястэчку было 100 двароў. Развіццё горада і рост насельніцтва пачаліся з будаўніцтвам палескіх чыгунак. Цяпер у горадзе жыве каля 43 тысяч чалавек.

З даўніх часоў у Калінкавічах і навакольных вёсках жылі каталікі. Бліжэйшыя касцёлы мясціліся ў Мазыры (з 1610 г.) і ў Юравічах (з 1673 г.). У саміх жа Калінкавічах ніколі не было касцёла. Негатыўнае стаўленне да каталікоў з боку царскіх уладаў, пераслед за веру ў савецкія часы не дазвалялі мясцовым вернікам нават марыць пра ўласную святыню.

Кажуць, што цудаў у наш час не бывае. Але Хрыстус не абмяжоўваецца цудамі, апісанымі ў Евангеллі. Ён робіць іх і сёння. Відавочны доказ таму — прыгожы касцёл у Калінкавічах, пабудаваны на хвалу Богу як найвышэйшая ўзнагарода вернікам за гады пераследу.

Рэлігійнае жыццё тут адрадзілася ў 1990 г., калі ў суседнім Мазыры пачаў працу ксёндз Юзаф Дзеконьскі. 5 студзеня 1993 г. была зарэгістравана рымска-каталіцкая парафія ў Калінкавічах.

З 1 лістапада 1994 г. пробашчам парафіі прызначаны айцец цыстэрцыянец Эфрэм Бісага. Пад яго кіраўніцтвам са снежня 1997г. вялося будаўніцтва касцёла. Новапабудаваная святыня пад тытулам Св. Тройцы была асвечана 9 чэрвеня 2001 г. кардыналам Казімірам Свёнткам. Будаўніцтва было б немагчымым без фінансавай падтрымкі дабрачынцаў з Германіі, Аўстрыі і Польшчы.

Калінкавіцкія каталікі дзякуюць Богу за свой касцёл, за айца Эфрэма, які стварыў у іх горадзе астравок веры, надзеі і любові, дзе заўсёды адчуваецца прысутнасць Хрыста, велічна гучыць малітва на роднай беларускай мове, а да засмучаных прыходзіць суцяшэнне, якое ператварае неспакой у радасць.

Калі бачыш касцёл у Калінкавічах, разумееш, што Бог у сваёй шчодрай дабрыні пераўзыходзіць просьбы і заслугі тых, хто да Яго звяртаецца.

Дык хто казаў, што цудаў у наш час не бывае?

Руслан ГАРОДКА, г. Мазыр.
Фота аўтара.