Папская рада па справах сродкаў масавай інфармацыі

І. Уступ

1. Тое, што Касцёл цікавіцца Інтэрнэтам, сведчыць пра яго асаблівае стаўленне да сродкаў масавай інфармацыі. Успрымаючы СМІ як вынік гістарычна-навуковага працэсу, дзякуючы якому чалавецтва «ідзе далей наперад, адкрываючы схаваныя ва ўсім стварэнні багацці і вартасці» 1, Касцёл часта выказваў сваё перакананне, што яны, паводле азначэння Другога Ватыканскага Сабору, «з'яўляюцца цудоўным тэхнічным вынаходніцтвам»2, і ўжо сёння многае робяць для таго, каб задаволіць патрэбы чалавека, і могуць зрабіць яшчэ больш.

Касцёл заняў прынцыпова станоўчую пазіцыю адносна СМІ3. Нават асуджаючы сур'ёзныя злоўжыванні, дакументы Папскай рады па справах сродкаў масавай інфармацыі імкнуліся растлумачыць, што «толькі цэнзарскае настаўленне з боку Касцёла да СМІ (...) не з'яўляецца ані дастатковым, ані слушным»4.

Цытуючы энцыкліку Папы Пія ХІІ Miranda Prorsus (1957г.), Пастаральная Інструкцыя аб сродках масавай інфармацыі Communio et Progressio, апублікаваная ў 1971 годзе, падкрэсліла наступны пункт: «Касцёл бачыць СМІ як «Божы дар», які, згодна з намерамі Яго Провіду, яднае людзей у братэрстве і такім чынам дапамагае ім супрацоўнічаць з Яго планам збаўлення»5. Гэта і надалей застаецца нашым пунктам гледжання і гэтак жа мы глядзім на Інтэрнэт.

2. Гісторыя камунікацыі паміж людзьмі, як яе разумее Касцёл, гэта штосьці накшталт доўгага падарожжа, якое вядзе чалавецтва «ад будаўніцтва Вавілонскай вежы, што стала праяўленнем пыхі чалавека (крушэнне гэтай вежы прывяло да змяшання моў і зрабіла немагчымым узаемаразуменне паміж людзьмі (пар. Быц 11, 1-9)), аж да Пяцідзесятніцы і дару моў, які дазволіў адбудаваць узаемную камунікацыю, сканцэнтраваную вакол Езуса дзякуючы дзеянню Духа Святога»6. У жыцці, смерці і ўваскрасенні Хрыста «дыялог паміж людзьмі набыў свой найвышэйшы ідэал і самае дасканалае праяўленне ў Богу, які стаў чалавекам і братам»7.

Сучасныя сродкі масавай інфармацыі - гэта вынік культуры, які стаў здабыткам нашай гісторыі. (...)

Сёння гэта асабліва датычыць Інтэрнэта, які ўносіць рэвалюцыйныя змены ў гандаль, адукацыю, палітыку, журналістыку, міжнародныя і міжкультурныя адносіны - змены не толькі ў тым, як людзі абменьваюцца інфармацыяй, але таксама ў тым, як разумеюць сваё жыццё. У дадатковым дакуменце «Этыка ў Інтэрнэце» абмяркоўваем гэтыя пытанні ў іх этычным вымярэнні. У дадзеным дакуменце разважаем над выкарыстаннем Інтэрнэту ў галіне рэлігіі, а асабліва ў каталіцкім Касцёле.

3. Касцёл ставіць падвойную мэту адносна СМІ. Адным з аспектаў з'яўляецца заахвочванне да іх належнага развіцця і адпаведнага іх выкарыстання на карысць развіцця чалавека, справядлівасці і спакою для пабудовы грамадства на мясцовым узроўні, нацыянальным і на ўзроўні супольнасці ў святле агульнага дабра і ў духу салідарнасці. Беручы пад увагу вялікую вагу сродкаў масавай інфармацыі, Касцёл хоча «справядлівага і поўнага павагі дыялогу з асобамі, адказнымі за сродкі інфармацыі»8 - дыялогу, які датычыць перадусім фармавання палітыкі СМІ. (...)

4. (...) Папа Павел VI сказаў, што Касцёл «адчуваў бы сваю віну перад Панам», калі б не змог выкарыстаць СМІ для евангелізацыі9. Папа Ян Павел ІІ назваў СМІ «першым Арэапагам сучаснасці» і заявіў, што «недастаткова выкарыстоўваць іх для распаўсюджвання хрысціянскага звароту і звароту Настаўніцтва Касцёла, але трэба ўключыць сам зварот у гэтую «новую культуру», створаную сучаснымі сродкамі масавай інфармацыі»10 (...)

Гэта ўсё датычыць Інтэрнэту. Хоць свет СМІ «часам можа здавацца не гатовым да пагаднення з хрысціянскім заклікам, ён стварае выключныя магчымасці для абвяшчэння збаўчай праўды Хрыста ўсяму чалавецтву. Як прыклад можна падаць (...) станоўчы патэнцыял Інтэрнэту, здольнага пераказваць таксама рэлігійную інфармацыю і вучэнне па-за ўсялякімі межамі і бар'ерамі. Магчымасць прамаўляць да такога шырокага кола тых, хто ім карыстаецца, не існавала нават у найбольш фантастычных уяўленнях тых, хто абвяшчаў Евангелле перад намі. (...) Католікі павінны адважна «адчыніць дзверы» сродкаў інфармацыі Хрысту так, каб Яго Добрая Навіна абвяшчалася з дахаў усяго свету!»11.

ІІ. Магчымасці і заклікі

5. (...) Паколькі абвяшчэнне Добрай Навіны людзям, выхаваным у культуры СМІ патрабуе прадугледжвання асаблівых якасцяў саміх СМІ, сёння Касцёл патрабуе зразумення Інтэрнэту. Гэта неабходна, каб весці плённы дыялог з людзьмі, асабліва з маладымі, якія маюць кантакты з новай тэхналогіяй... (...)

Інтэрнэт выкарыстоўваецца ў многіх сферах дзейнасці і ў касцёльных праграмах - евангелізацыі, а таксама рэевангелізацыі, новай евангелізацыі, традыцыйнай місійнай паслузе ad gentes, катэхезе і іншых формах адукацыі, навінах і інфармацыях, апалагетыцы, у кіраванні і адміністрацыі, а таксама ў пэўных формах душпастырскіх кансультацый і духоўнага кіраўніцтва. Хоць віртуальная рэчаіснасць кібернетычнай прасторы не можа замяніць сапраўдную чалавечую супольнасць, уцелаўлёную рэчаіснасць сакрамантаў і літургіі ці таксама непасрэднага абвяшчэння Евангелля, яна можа, аднак, яе дапоўніць, прыцягваць людзей да больш поўнага вопыту веры і ўзбагачаць рэлігійнае жыццё тых, хто гэтай рэчаіснасцю карыстаецца. (...)

Усё больш парафій, дыяцэзій, законных кангрэгацый і інстытутаў, праграм і ўсялякага тыпу арганізацый, звязаных сёння з Касцёлам, ужо плённа выкарыстоўваюць Інтэрнэт у гэтых і іншых мэтах. Апостальская Сталіца таксама актыўна дзейнічае ў гэтай сферы ўжо некалькі гадоў і надалей пашырае і развівае сваю прысутнасць у Інтэрнэце. Заахвочваем звязаныя з Касцёлам групы, якія яшчэ не зрабілі крокаў, каб увайсці ў кібернетычную прастору, каб задумаліся над магчымасцю зрабіць гэта як мага хутчэй. Вельмі рэкамендуем абмен думкамі і інфармацыяй, што датычыць Інтэрнэту паміж тымі, хто мае ўжо ў гэтай сферы вопыт, і навічкамі.

6. Касцёлу неабходна таксама разуменне і выкарыстанне Інтэрнэту як прылады знешняй камунікацыі. Гэта патрабуе яснага ўсведамлення яго асаблівага характару як непасрэдных, інтэрактыўных і дзейсных СМІ. (...)

8. Інтэрнэт стварае для Касцёла і пэўныя канкрэтныя праблемы. (...) Падкрэсліваючы тое, што з'яўляецца ў Інтэрнэце пазітыўным, трэба адначасова выразна сказаць пра адмоўнае.

На вельмі глыбокім узроўні «часам здаецца, што свет сродкаў масавай інфармацыі абыякава ці нават варожа ставіцца да хрысціянскай веры і маральнасці. Часткова гэта вынікае з таго, што культура СМІ вельмі моцна прасякнута тыпова постмадэрнісцкім менталітэтам, для якога адзінай абсалютнай ісцінай з'яўляецца тое, што не існуе абсалютнай праўды, а калі б нават яна і існавала, то была б недаступнай для розуму чалавека і таму пазбаўленай значэння» 12.

У ліку канкрэтных праблем, якія стварае Інтэрнэт, - старонкі, прасякнутыя нянавісцю, знявагай да рэлігійных і этнічных груп. Некаторыя старонкі скіраваны супраць каталіцкага Касцёла. Гэтак жа як парнаграфія і насілле ў СМІ, старонкі нянавісці ў Інтэрнэце з'яўляюцца «адлюстраваннем цёмных момантаў чалавечай натуры, знявечанай грахом»13. Хоць шанаванне свабоды слова можа патрабаваць у пэўнай ступені талерантнасці нават адносна галасоў нянавісці, унутраныя правілы галіны Інтэрнэту, а таксама, калі гэта неабходна - умяшальніцтва грамадскай улады, павінны ўстанавіць і захоўваць разумныя межы таго, што можна сказаць. Разнастайнасць старонак Інтэрнэту, якія называюць сябе «каталіцкімі», стварае іншую праблему. (...) Неадрозненне эксцэнтрычных дактрынальных інтэрпрэтацый, дзіўных практык пабожнасці, расхвальвання розных ідэалогій, якія маюць этыкетку «каталіцкія», ад сапраўдных пазіцый Касцёла, гаворачы далікатна, вядзе да непаразумення. (...)

ІІІ. Указанні і высновы

10. (...) Важна таксама, каб людзі ўсіх структур Касцёла творча падыходзілі да Інтэрнэту, выконваючы свае абавязкі, дапамагалі спаўняць місію Касцёла. Баязлівае адыходжанне ад гэтай тэхналогіі з'ўляецца непрымальным, беручы пад увагу многія пазітыўныя магчымасці Інтэрнэту. (...)

11. (...) Тыя, хто мае ўладу ў Касцёле, абавязаны выкарыстоўваць «поўны патэнцыял «кампутарнай эпохі» для служэння чалавецтву і трансцэдэнтнаму пакліканню кожнай асобы і такім чынам праслаўляць Айца, ад якога паходзіць усялякае дабро»14. Павінны прымяніць гэтую выдатную тэхналогію ў многіх іншых аспектах місіі Касцёла, пазнаючы адначасова магчымасці яе выкарыстання ў экуменічным і міжрэлігійным супрацоўніцтве.

Асаблівы аспект Інтэрнэту, як ужо было заўважана, датычыць часам няўдалага распаўсюджвання неафіцыйных старонак WWW, якія акрэсліваюць сябе як «каталіцкія». Сістэма дабравольнай перадачы сертыфікатаў на мясцовым і нацыянальным узроўні, пад наглядам прадстаўнікоў Настаўніцтва магла б аказацца карыснай у тым, што датычыць матэрыялу спецыфічна катэхетычнага ці дактрынальнага характару. Маецца на ўвазе не навязванне цэнзуры, але прапанова тым, хто карыстаецца Інтэрнэтам, надзейнага правадніка па тым, што з'яўляецца праўдзівай пазіцыяй Касцёла.

12. (...) На заканчэнне хочам прапанаваць пэўныя дабрадзейнасці, якія павінны практыкаваць усе, хто хоча добра выкарыстаць Інтэрнэт: іх дзейнасць павінна абапірацца на рэалістычную ацэнку яго зместу і кіравацца ёю.

Неабходна разважлівасць, каб ясна бачыць наступствы - патэнцыял дабра і зла, - схаваныя ў СМІ, і творча адказваць на іх выклікі і магчымасці.

Патрэбна справядлівасць, асабліва справядлівасць і праца дзеля змяншэння колькаснай прорвы - адлегласці паміж тымі, хто ў сённяшнім свеце мае багатую інфармацыю, і інфармацыйна беднымі15. Гэта патрабуе атыўнага ўдзелу дзеля дабра міжнароднай супольнасці, г.зн. «глабалізацыі салідарнасці»16.

Неабходны мужнасць і адвага. Гэта значыць - абарона праўды ад рэлігійнага і маральнага рэлятывізму, альтруізму і шчодрасці - ад эгаістычнага спажывальніцтва, прыстойнасці - ад пажадлівасці і граху.

Патрэбна таксама стрыманасць - самадысцыпліна ў адносінах да Інтэрнэту - выдатнай тэхналагічнай прылады, каб выкарыстоўваць яго мудра і толькі для добрых мэтаў.

Разважаючы пра Інтэрнэт, як і пра ўсе іншыя сродкі масавай інфармацыі, нагадваем, што Хрыстус (...) - гэта норма і ўзор касцёльнага стаўлення да камунікацыі, а таксама змест, які Касцёл абавязаны перадаваць іншым. (...)

Ватыкан, 22 лютага 2002.
Свята Катэдры св. Пятра Апостала.


  1. Ян Павел ІІ, энцыкліка Laborem Exercens, п. 25; гл. ІІ Ват. Сабор, Душпастырская Канстытуцы пра Касцёл у сучасным свеце Gaudium et spes, п. 34.
  2. ІІ Ват. Сабор, Дэкрэт аб сродках масавай інфармацыі Inter Mirifica, п. 1.
  3. Напр. Inter Mirifica; Пасланні Папы Паўла VІ і Папы Яна Паўла ІІ з нагоды Сусветных Дзён СМІ; Папская рада па справах СМІ, Душпастырская інструкцыя Communio et Progressio, Парнаграфія і насілле ў СМІ: Душпастырскі адказ, Душпастырская інструкцы Aetatis Novae, Этыка рэкламы, Этыка ў СМІ.
  4. Парнаграфія і насілле ў СМІ, п. 30.
  5. Communio et Progressio, п. 2.
  6. Ян Павел ІІ, Пасланне на 34 Дзень СМІ, 4.06.2000.
  7. Communio et Progressio, п. 2.
  8. Aetatis Novae, 8.
  9. Апостальская адгартацыя Evangelii Nuntiandi, п. 45.
  10. Энцыкліка Redemptoris Missio, п. 37.
  11. Ян Павел ІІ, Пасланне на 35 Сусветны Дзень СМІ, п. 3, 27.05.2001.
  12. Тамсама.
  13. Парнаграфія і насілле ў СМІ, п. 7.
  14. Пасланне на 24-ы Сусветны дзень СМІ.
  15. Гл. Этыка ў Інтэрнэце, пп. 10, 17.
  16. Ян Павел ІІ, Прамова да Генеральнага сакратара ААН і Адміністрацыйнай Камісіі па справах каардынацыі ААН,07.04.2000.