Споўнілася 10 гадоў гродзенскаму духоўнаму хору «Бацькаўшчына», якім кіруе Вера Кунцэвіч.

Святая Імша ў касцёле — гэта таксама й хор, у якім спяваюць усе далучаныя да таямніцы — і святар, і Божы люд. Неўміручы дух стагоддзяў вырываецца з глыбіняў пад купалы святыні і адчыняе нябёсы...

Ад народаў застаецца музыка. Хоры яднаюць натоўпы ў шарэнгі. Хоры спяваюць гімны жыццю...

4 кастрычніка1992 года ў Гродне ў Фарным касцёле адбылася першая Святая Імша на беларускай мове. Перад гэтым у суботу пробашч запрасіў беларускую інтэлігенцыю застацца ў касцёле пасля вячэрняга набажэнства. Сказаў: вучыцеся спяваць. І пайшоў.

Вера Кунцэвіч з хорам паднялася да арганаў і заспявалі так, нібы спявалі ў гэтай святыні ад яе стварэння...

Набажэнствы па-беларуску загучалі прыгожа і арганічна, выпадковыя наведвальнікі дзівіліся — як духоўна, інтэлігентна заспявала беларуская парафія. Хор «Бацькаўшчына» на той час меў добры рэпертуар: «Магутны Божа», касцельны гімн «Божа, што калісь народы на асобкі падзяліў», «Мы хочам Бога, Дзева Маці», «Заступніца»... Мелі спевы і на Каляды, і на Вялікдзень, і на многія літургічныя святы. Ксёндз Анатоль Маркоўскі павёз хор у Будслаў, калі Святы Айцец Ян Павел ІІ надаў касцёлу стутус базылікі. На ўрачыстасці з тае нагоды хор выканаў «О Марыя, Маці Бога» і «Матачка добрая» і атрымаў благаславенне кардынала Казіміра Свёнтка.

У часе пілігрымкі Святога Айца Яна Паўла ІІ у Вільню наш хор паехаў туды з айцом Анатолем цягніком і спяваў у касцёле святога Мікалая на беларускай Імшы. Пасля віленская беларуская дыяспара, душой якой быў Лявон Луцкевіч, запрасіла гасцей у сваю сядзібу, паказала гродзенцам беларускія мясціны Вільні. Напрыканцы сустрэчы ўдзячныя харысты спявалі разам з віленчукамі ў начной Вострай Браме.

У тым жа 1993 годзе хор быў удзельнікам фестывалю духоўнай песні«Магутны Божа» ў Магілёве, дзе спадарыня Вера атрымала з рук арганізатара фестываля Віктара Скорабагатава дыплом. Хор быў узнагароджаны як адзіны калектыў з толькі беларускім духоўным рэпертуарам. Адзначалася яго нацыянальнасць, інтэлігентнасць, духоўнасць гучання, рэстаўраванае з мінулых стагоддзяў...

Хор спяваў у Магілёве ва ўсіх святынях і на розных пляцоўках. Пробашч магілёўскага касцёла святога Станіслава, цяперашні біскуп Віцебскай дыяцэзіі Уладзіслаў Блін, таксама адзначыў хор«Бацькаўшчына» спецыяльным прызам. І ў наступным, 94-м годзе, хор удзельнічаў у магілёўскім фестывалі і меў поспех. Там прысутнічаў Гай Пікарда, даследчык гісторыі рэлігіі з Лондана, які падараваў кіраўніку хору Веры Кунцэвіч нотны зборнік духоўных спеваў Міколы Шчаглова-Куліковіча і уніяцкія канты.

У 1997 годзе моладзевая група хору ўдзельнічала ў Міжнародным фестывалі ў Францыі. Харысты цэлы тыдзень спявалі і адпачывалі ў горадзе Брыф. Там з’явіліся ў іх сапраўдныя фаны, якія скрозь суправаджалі гродзенцаў, распытвалі пра Беларусь — не чулі пра яе дагэтуль. Ім надта падабаліся вяночкі з саломкі, сплеценыя сям’ёй Блудавых. Дапамогу на дарогу ў Францыю хору аказалі пробашч Юзаф Трубовіч і каваль-мастак Юрась Мацко. Назад хор вяртаўся аўтастопам: зараблялі грошы канцэртамі, спыняючыся ў Германіі і Польшчы.

Свецкі рэпертуар хору складаецца з беларускай класічнай спадчыны — гэта песні«Люблю наш Край»,«О Беларусь, мая шыпшына»,«Пагоня»,«У імшарах, затканых імглою»...

На калядах, купаллях, у шматгалосым жыцці Краю, на літаратурных вечарах і мастацкіх выставах гучаць чыстыя, цёплыя, цнатлівыя галасы харыстаў «Бацькаўшчыны». Душа хору — яго кіраўнік Вера Кунцэвіч. Яна сама, як добрая песня, — такая ўся натхнёная, годная, сціплая.

Вера выкладае ў музычна-педагагічным каледжы, хорам кіруе таму, што любіць гэтую справу. Ёй не плоцяць нават камянямі, як плацілі ў старажытнасці святому Францішку з Асізі.

Сваёй залы для рэпетыцый у хора няма. Збіраюцца ў аўдыторыях універсітэта, а за арэнду плацяць песнямі...

Вера Кунцэвіч з самага пачатку марыла пра хор з духоўным поліканфесійным укладам. Такімі ж думкамі з Верай на экскурсіях і ў гутарках дзялілася спадарыня Вікторыя Тарасэвіч. Яна працавала ў музеі гісторыі рэлігіі. Вікторыя паходзіць з грэка-каталіцкай сям’і, таму ведае, што уніяты стварылі багатую нацыянальную спеўную спадчыну, але народ ад яе адключаны...

На тэрыторыі Беларусі ўжо ў ХІІ ст. былі свае арыгінальныя школы царкоўных спеваў... У часы Вялікага Княства Літоўскага беларускі знаменны распеў і беларускія манодыі дасягнулі свайго найвышэйшага росквіту...

Дык навошта ж нам грэбаваць сваімі багатымі беларускімі распевамі, калі гаворка ідзе пра беларускіх святых?

Святой Еўфрасінні Полацкай прысвечаны цэлыя цыклы песнапенняў невядомых сярэднявечных аўтараў... Якім водарам сярэднявечча, чысцінёй і цнатлівасцю вызначаюцца гэтыя спевы... (Ларыса Касцюкавец,«Ці не час вярнуцца да святых». «Мастацтва Беларусі», № 7, 1990 г.).

Веру з Вікторыяй пазнаёміла выкладчыца музпедвучэльні Наталля Валковіч. Восенню 1991 г. яны пачалі збіраць аматараў духоўных спеваў. Жаночыя галасы знайшліся хутка, не хапала мужчынскіх. Выручыў клуб беларускай інтэлігенцыі«Паходня». Сябры клуба і цяпер з’яўляюцца актывам хору«Бацькаўшчына» — гэта Міхал Амелішка, Кастусь Жынь, Вітаўт Парфёненка, Міхал Лапеха, Юрась Тарасэвіч і шмат хто яшчэ.

Такая кароткая гісторыю хору. «Бацькаўшчына» спявае шматгалоса, цёпла, шчыра, па-роднаму, як бы нашы прабабулі нашых мамаў у калысках люляюць, як бы наша зямліца размаўляе, пераклікаецца з нашым небам...

Данута Бічэль, Гродна.
Фота з архіва хору.