Сустрэча святароў

«Няма веры без ахвяры, і няма святарства без ахвяры», – гэтымі словамі завяршыў сустрэчу святароў ардынарый Віцебскай дыяцэзіі біскуп Уладзіслаў Блін. Сустрэча адбылася 26 сакавіка, напярэдадні Вялікадня, у катэдральным касцёле св. Барбары. У ёй прыняў удзел Апостальскі нунцый на Беларусі арцыбіскуп Іван Юркавіч. Падчас Святой Імшы адбылося асвячэнне алеяў. Арцыбіскуп Іван Юркавіч падзякаваў святарам і вернікам Віцебшчыны за запрашэнне на ўрачыстасць і пажадаў усім прысутным шчаслівага святкавання Уваскрэсення Хрыста. У гэты ж дзень адбылася канферэнцыя для святароў і законных сясцёр «Біблія — кніга жыцця», якую правёў кс. д-р А. Шэўціў.

Ф. Д.
Фота кс. П. Сялкоўскага.

Сустрэча з журналістамі

Напярэдадні Вялікадня ў курыі Віцебскай дыяцэзіі адбылася сустрэча біскупа Уладзіслава Бліна з журналістамі. Ардынарый дыяцэзіі расказаў пра гістарычныя карані каталіцтва на Віцебшчыне, пра жыццё і дзейнасць некаторых парафій (дарэчы, іх у дыяцэзіі 81). Ён адзначыў, што амаль палова з іх пакуль што не мае адбудаваных касцёлаў.

7 красавіка ў свята Божае Міласэрнасці кс. біскуп У. Блін разам з кс. пралатам М. Скочыласам і кс. канцлерам П. Сялкоўскім канцэлебраваў Св. Імшу ў парафіі Езуса Міласэрнага, падчас якой разам з парафіянамі маліўся аб супакоі ў Святой Зямлі і ва ўсім свеце, а таксама ўдзяліў Сакрамант Бежмавання 13 вернікам горада.

Пачатак традыцыі

Глыбокай штодзённай малітвай і цікавымі мерапрыемствамі сустракалі Вялікдзень вернікі віцебскай парафіі Езуса Міласэрнага. Так, 15 сакавіка тут адбыўся тэатралізаваны паказ Мукі Панскай. У спектаклі, які вызначаўся прачуласцю і адмысловым выкананнем роляў, бралі ўдзел і дзеці, і дарослыя. На пачатку Імшы пробашч парафіі кс. Тадэвуш Дабравольскі падзякаваў удзельнікам містэрыі і яе арганізатаркам — сёстрам Ніколе і Люцыне — і выказаў надзею на працяг тэатральнай традыцыі. У гэты ж дзень у капліцы парафіі распачаліся тыднёвыя перадвелікодныя рэкалекцыі. Правёў іх дыякан аршанскай парафіі св. Язэпа Міхаіл Цвячкоўскі.

Ф. С.