Мар’ян ДУКСА

Пасланне да Святога Айца Яна Паўла ІІ

Ушанаваны і светам усім прывітаны,
пастыр любімы і самы найбольшы мудрэц.
Слухаем голас сардэчны, што йдзе з Ватыкана, —
гэта мы чуем твой голас, Свяцейшы Айцец.

Праўда Хрыста у тваім карануецца слове,
праўда, якая жыве і кіруе людзьмі.
Рымскі Айцец, ты апостал вялікай любові,
ад Беларусі удзячныя словы прымі.

Сейбіт нястомны, ты сееш лагоду і згоду.
Голуб нябесны, што мір нам нясе на крыле.
Вечны вандроўнік, яднаеш і лучыш народы.
і Беларусь захапленне табе сваё шле.

Наш рулявы, капітан велізарнага чоўна,
буры і ветры ліхія аціхнуць прымусь.
У новае тысячагоддзе вядзі нас любоўна.
Сілы і моцы жадае табе Беларусь.

Шчыры заступнік усіх і гаротных, і бедных.
Добры й ласкавы заўжды, апякун маладых.
Ты — як надзея у нашых блуканнях і бедах,
ты — як апора для хворых, самотных, старых.

Нашыя сэрцы запоўні замілаваннем,
голас душы абудзі, калі стане нямы.
Як ты ахвярна за ўсіх спавясціў пакаянне!
О, беларусы, таксама пакаемся мы.

Богу і людзям штодзённа ты служыш аддана,
верай людскою малітвы твае прараслі.
Шчодра ліецца і ззяе святло з Ватыкана —
робіцца ясна і цёпла на цэлай зямлі.

Змрок прападае паціху ў паветры празрыстым,
і блаславёная радасна ўсходзіць зара.
Як ты мацуеш старанна Касцёл прамяністы,
што збудаваўся ад першай цаглінкі Пятра.

Болей і болей вакол дабрыні і мілосці.
Сонца ўстае і суцешліва песціць акно...
Пастыр любімы! Да нас ты наведайся ў госці,
бо Беларусь цябе вельмі чакае даўно.