Папская рада па справах сродкаў масавай інфармацыі

2. (...) У дадзеным дакуменце мы хочам прадставіць каталіцкі пункт погляду на Інтэрнэт як на пачатак дыялогу Касцёла з іншымі грамадскімі групамі, асабліва рэлігійнымі, што датычыць развіцця і выкарыстання гэтай выдатнай прылады тэхналогіі. Сёння Інтэрнэт знаходзіць рознае добрае прымяненне, і ёсць надзея, што яно будзе яшчэ большым, аднак можа зрабіць шмат дрэннага яго неадпаведным выкарыстаннем. Што будзе ў выніку - дабро ці зло, у значнай ступені залежыць ад выбару, да якога Касцёл залічвае два вельмі важныя элементы: шанаванне годнасці чалавека і даўнюю традыцыю маральнай мудрасці1.

3. Гэтак жа, як і ў іншых СМІ, асоба і супольнасць з'яўляюцца галоўнымі паняццямі ў этычнай ацэнцы Інтэрнэту. Адносна перадаваемага звароту, працэсу перадачы інфармацыі, а таксама структур і сістэмных пытанняў перадачы інфармацыі «ёсць наступная асноўная этычная праблема: асоба чалавека і грамадства з'яўляюцца мэтаю і мераю ў выкарыстанні сродкаў масавай інфармацыі; камунікацыя павінна праходзіць у накірунку ад асобы да асобы і служыць інтэгральнаму развіццю асобаў» 2. (...)

ІІ. Пра Інтэрнэт

7. Інтэрнэт мае пэўныя надзвычайныя якасці. Ён хуткі, прамы, ахоплівае ўвесь свет, дэцэнтралізаваны, інтэрактыўны, неабмежаваны адносна зместу і водгукаў, лёгка прыстасоўваецца і ў значнай ступені адаптуецца. Ён эгалітарны, г.зн., што кожны, хто мае адпаведнае тэхнічнае абсталяванне і мінімальныя тэхнічныя навыкі, можа ўваходзіць у гэтую кібернетычную прастору, абвяшчаючы сваё пасланне свету і патрабуючы ўвагі. Дазваляе адзінкам заставацца ананімнымі, адыгрываць розныя ролі і фантазіраваць, а таксама ўваходзіць у супольнасць з іншымі і дзяліцца з імі. Паводле густу тых, хто ім карыстаецца, дазваляе быць і актыўнай, і пасіўнай асобай, якую паглынае «пазбаўлены знешніх адносінаў свет і якая паддаецца амаль што наркатычным імпульсам уздзеяння»3. Можа быць выкарыстаны для пераадолення ізаляцыі адзінак і груп альбо для яе паглыблення. (...)

18. (...) Мы хочам толькі падкрэсліць, што каталіцкі Касцёл (...) павінен быць бачны і актыўны ў Інтэрнэце і быць партнёрам у публічным дыялогу, які датычыць яго развіцця. «Касцёл не ставіць сабе мэту дыктаваць рашэнні і выбары, але хоча быць карысным, указваючы этычныя і маральныя крытэрыі, звязаныя з гэтым працэсам - крытэрыі, якія можна знайсці як у чалавечых каштоўнасцях, так і ў хрысціянскіх»4.

Інтэрнэт можа ўнесці незвычайна каштоўны уклад у жыццё чалавека. Можа падтрымліваць дабрабыт і спакой, інтэлектуальны і эстэтычны ўзрост, узаемаразуменне паміж нацыямі і народамі ў глабальным маштабе.

Можа таксама дапамагчы людзям у іх адвечным пошуку зразумення саміх сябе. У кожную эпоху, таксама і ў нашую, людзі задаюць тыя самыя асноўныя пытанні: «Хто я? Адкуль прыходжу і куды іду? Чаму існуе зло? Што чакае мяне пасля гэтага жыцця?»5. Касцёл не можа навязваць адказы, але можа - і павінен - абвяшчаць свету ісціны, якія сам атрымаў. Сёння, так як і заўсёды, ён дае той адзіны канчатковы і задавальняючы адказ на самыя глыбокія жыццёвыя пытанні - Езуса Хрыста, які «ў поўні аб'яўляе чалавека яму ж самому і ўказвае яму на яго найвышэйшае пакліканне»6. Як сённяшні свет, так і СМІ, а таксама Інтэрнэт, былі ўведзены Хрыстом (пачаткова, але праўдзіва) у межы Божага Валадарства і прызначаныя на служэнне слову збаўлення. «Аднак чаканне новай зямлі не павінна аслабляць, але павінна хутчэй абуджаць клопат, каб апрацоўваць зямлю, на якой узрастае гэтае цела новай чалавечай сям'і, якая можа даць пэўныя ўяўленні пра новы свет»7.

Ватыкан, 22 лютага 2002.
Свята Катэдры св. Пятра Апостала.

Пераклад з польскай мовы М. Пашук


  1. Гл. Папская рада па справах СМІ, Этыка ў СМІ, п. 5.
  2. Тамсама, п. 21.
  3. Тамсама, п. 2.
  4. Aetatis Novae, п. 12.
  5. Ян Павел ІІ, Энцыкліка Fides et ratio, п. 1.
  6. Gaudium et spes, п. 22.
  7. Тамсама, п. 39.