Хто і калі пісаў Біблію?

Біблію пісалі самыя розныя людзі, у розных месцах і абставінах (у выгнанні, падчас падарожжа, у вязніцы) і на працягу 1900 гадоў. Такая разнастайнасць звязана не толькі з месцам і часам, але таксама цесна звязана з людзьмі, якія пісалі Кнігу кніг. Гэту Кнігу пісалі вельмі адукаваныя людзі, такія, як Саламон, Ісая, Хіоб, Эклезіяст альбо св. Павел. Яе стваралі людзі, на якіх былі ўскладзены вельмі адказныя функцыі ў народзе і грамадстве, напрыклад, Даніэль, які быў прэм’ерам, цар Давід, альбо Ёзуэ, які быў галоўным камандуючым арміі. У стварэнне Бібліі ўнеслі свой уклад таксама і «простыя» людзі, такія, як св. Пётр і Марк, і людзі, якія паходзілі з розных культур, напрыклад, Майсей, Фараон, царыца Саба і іншыя. Творцамі гэтай незвычайнай Кнігі таксама былі людзі з рознымі адносінамі да рэлігіі, пачынаючы ад тых, хто сумняваўся і быў грэшны, і заканчваючы містычным апосталам Янам. Вартая здзіўлення кампазіцыя Кнігі, утвораная з розных формаў, літаратурных жанраў і трох моваў: габрэйскай, арамейскай і грэцкай.

Хто галоўны натхніцель Бібліі?

Ужо гэтая самая простая інфармацыя, даступная кожнаму чытачу, прымушае задумацца і выклікае чарговыя пытанні: хто так учыніў, што кніга, якую пісала столькі людзей і ў розны час, а таксама ў самых розных месцах і жыццёвых сітуацыях, такая цэласная і тэматычна маналітная!

На працягу мінулых тысячагоддзяў на гэта пытанне даваліся розныя, часам супярэчлівыя адказы, якія аспрэчвалі падзеі і факты пры дапамозе аргуметацыі, заснаванай на так званых «актуальных» выніках даследаванняў, што праводзіліся метадамі, якія не ўлічвалі існавання Бога і веры ў Яго. Рэха гэтай памылкі яшчэ чутнае ў самаізаляваных супольнасцях і ў колах, якія баяцца нават праўды ў гістарычнай трактоўцы. А яна адназначная, аб’ектыўная і вядзе нас да высновы, што натхніцелем і аўтарам гэтай Кнігі з’яўляецца Хтосьці Геніяльны, нейкая інтэграваная Асоба, якая дасканала ведае чалавека, яго пачатак, сутнасць і спосабы кожнага жыцця, а таксама розныя яго вымярэнні!

Натхнёная Святым Духам!

Таму мы адказваем, што Біблія была напісана людзьмі, натхнёнымі Божым Духам. Пра гэта непасрэдна сведчаць наступныя тэксты:

«А ты трывай у тым, чаго навучыўся і што табе даверана, ведаючы, кім ты навучаны; дый ты з дзяцінства ведаеш Святое Пісанне, што зрабіць цябе можа мудрым на збаўленне вераю, што ў Хрысце Езусе. Кожнае Пісанне натхнёна Богам і карысна дзеля навукі, дзеля дакору, дзеля папраўлення, дзеля ўзгадавання ў праведнасці, каб дасканалым быў чалавек Божы, да ўсякае добрае справы гатовым» (гл. 2 Цім 3, 14-17).

«Дый маем самае пэўнае слова прарочае; і вы добра робіце, што паварочваецеся да яго, як да светача, што свеціць у цёмным месцы, пакуль не разаднее і не ўзыйдзе дзянніца ў сэрцах вашых, ведаючы перадусім, што ніякае прароцтва ў Пісанні не дзеецца сваім уласным развязаннем. Бо ніколі прароцтва не выказвалася воляй чалавечай, але выказвалі яго святыя людзі Божыя, ведзеныя Духам Святым» (гл. 2 П 1, 19-21).

Гэтыя тэзы трэба прыняць з верай і трэба старацца быць удзячным за дар Божай прысутнасці, выказаны праз людскія словы і спосабы мыслення. Дзякуючы гэтаму можам сказаць, што Біблія – не кніга ведаў, а кніга для веруючых. Гэта яна робіць нас здольнымі да лепшых учынкаў, паказваючы выдатныя прыклады людзей, якія жывуць аб’яўленай сутнасцю. Дзякуючы гэтаму мы можам пазнаць бязмежнае мінулае, якое рэалізуецца тут і цяпер, у нас і праз нас.

Грунтуючыся на гэтых галоўных ісцінах, біскупы Беларусі распрацавалі на гэты год душпастырскую праграму, сканцэнтраваную вакол Бібліі. Кульмінацыйным пунктам праграмы будзе інтранізацыя* Бібліі ў парафіях і сем’ях. Канкрэтызацыя гэтага смелага пачынання здзейсніцца праз Біблійны Трыдыум, мэта якога – ажыўленне супольнага маштабу веры ў аўтэнтычнасць і сапраўднасць Слова Божага. «Выбар такога шляху для далейшай паглыбленай біблійнай адновы лагічны і абгрунтаваны, бо Касцёл у першую чаргу бачыць сваю прысутнасць у сям’і. Таму сям’я выходзіць на першае месца як суб’ект і аб’ект душпастырскіх высілкаў Касцёла. Хрысціянская сям’я як «хатні Касцёл» – гэта асаблівае асяроддзе веры, у якім Слова Божае павінна займаць выключнае месца. Гэтай магчымасці увогуле не выкарыстоўвае традыцыйнае душпастырства. Хоць многія сем’і і маюць Біблію, але часцей за ўсё ў яе не заглядваюць. Замала намаганняў, каб прывучыць сем’і да пастаяннага чытання Святога Пісання, каб дапамагчы ў гэтым чытанні і пакіраваць ім. Біблія павінна быць сямейнай кнігай, якая ў каталіцкім доме мае сваё прывілеяванае месца і вакол якой збіраецца сям’я на малітву і разважанне Слова Божага. Таму перад Касцёлам стаіць важнае і разам з тым цяжкае заданне: вызначыць, што трэба зрабіць, каб Святое Пісанне заняло належнае месца ў сем’ях.

Адказ на гэты выклік трэба шукаць у межах парафіяльнага душпастырства, бо яно апякуецца рэлігійным жыццём сем’яў, якія ўваходзяць у склад парафіі. Таму заданне інтранізацыі Бібліі ў сем’ях было дадзена паасобным парафіям. Гэта ініцыятыва ўпісваецца ў парафіяльнае душпастырства не толькі як яго абнаўленне, але як магчымасць яго актывізацыі, бо ўвядзенне ў сем’ях пастаяннай практыкі чытання Святога Пісання стварае магчымасць адказнай актывізацыі свецкіх вернікаў. Гэта дае ім шанц для рэалізацыі іх святарскай, прароцкай і каралеўскай функцыі. Такім чынам у нейкай ступені ўзнікае грамадскае запатрабаванне на новы спосаб душпастырства ў парафіі...

Чытаючы Біблію, сем’і будуць адраджацца духоўна, становячыся сапраўднымі супольнасцямі «хатняга Касцёла». Гэта будзе на карысць усёй парафіі, якая зможа станавіцца супольнасцю супольнасцяў. Менавіта да гэтага імкнецца сучаснае душпастырства». (пар. S. Haręzga, «Triduum parafialne z intronizacją Biblii w rodzinach», Przemyśl 2000, s. 1-2)

Кс. д-р Анджэй Шэўціў.


  • Слова «інтранізацыя» паходзіць ад лац. inthronizare – узвесці на трон. У дачыненні да Бібліі – ўзмацненне яе ролі ў жыцці хрысціяніна.