Як свецкія вернікі могуць абараніць святара ад несправядлівых абвінавачванняў, нагавораў, плётак і г.д.?

Тэрэса Рогава, г.Паставы.
На гэтае пытанне адказвае ксёндз Вячаслаў Барок.

Шчаслівыя тыя, каго гоняць за праўду (гл. Мц 5, 10). Кожны чалавек, які прымае ўдзел у выкананні місіі Хрыста, павінен памятаць, што Хрыстус, не ўчыніўшы ніякага зла, быў асуджаны на смерць. І таму кожны, хто наследуе Хрыста, павінен прадбачыць магчымасць такой «узнагароды».

Шаноўная спадарыня Тэрэса! Мяне, святара, вельмі цешыць, што Вас, свецкую верніцу, хвалюе гэтае пытанне — значыць, вам не абыякавы лёс Касцёла, да якога Вы належыце. Вам баліць тое, што бачыце ў Касцёле нейкія недарэчнасці, непаразуменні альбо нават і зло, якога, вядома ж, сярод вернікаў не павінна быць. Вы ставіце пытанне, як гэтае зло выправіць. Як яго пазбегнуць? Як абараніць святара ад несправядлівасці? Думаю, паважаная спадарыня Тэрэса, Вы самі ўжо бароніце святароў, выносячы гэтае пытанне на старонкі каталіцкага часопіса. Такім чынам Вы засяроджваеце ўвагу людзей над гэтай праблемай, не адгароджваецеся ад зла, але дамагаецеся панавання справядлівасці.

Святар, які не адзін год рыхтаваўся да свайго служэння, ведае, што амаль немагчыма пазбегнуць такой «узнагароды», як несправядлівае абвінавачванне. Але, вядома, ведаць — гэта адно, а калі цябе закране гэтая несправядлівасць — гэта ўжо трохі іншае. І таму яму таксама патрэбна дапамога: звычайная людская падтрымка, разуменне як з боку сваіх братоў у святарстве, так і з боку свецкіх вернікаў. У чым гэтая падтрымка? Часам, можа, у звычайным тэлефонным званку, з якога ён зразумее, што вы разам з ім, давяраеце яму, не паддаяцеся на брудныя плёткі. Можа, яму ў такія дні трэба проста ведаць, што вернікам ён патрэбны і што яны хочуць жыць паводле запаведзяў Хрыста, пачутых з вуснаў святара. Гэта дапаможа святару не зламацца, вытрываць тыя непрыемнасці, што ачарняюць ягонае імя.

Усё сказанае зыходзіць з тае простае высновы, што хрысціяне павінны бараніць праўду, як бы цяжка гэта ні было. Але ў гэтай сваёй службе на варце праўды мы не павінны забывацца, што ўсё ў руках Божых. І таму кожны вернік павінен найперш прасіць Бога, каб Ён вырашыў гэтую праблему, каб запанавала справядлівасць і праўда.

Мы маем і яшчэ адну надзейную зброю для абароны справядлівасці: малітву. Свецкі вернік проста абавязаны маліцца за свайго святара, духоўна падтрымліваць яго у службе Богу і людзям, бо праз малітву ў нашае зямное жыццё ўваходзіць сам Бог, і мы дазваляем Яму дзейнічаць. У такім кантэксце можна згадзіцца з народнай мудрасцю: праўда сябе абароніць. Толькі ж, вядома, і хрысціянін не можа не задаваць сабе лагічнага пытання: «А што я зраблю для гэтага?»