Кангрэгацыя руху «Святло-Жыццё»

З 1 па 4 сакавіка ў Чанстахове адбылася Кангрэгацыя руху«Святло-Жыццё». У паседжанні асобаў, якія курыруюць працу гэтага вядомага каталіцкага руху ў рэгіёнах, узялі ўдзел прадстаўнікі Віцебшчыны — канцлер дыяцэзіяльнай курыі кс. Пётр Сялкоўскі і пробашч віцебскай парафіі св. Антонія кс. Аляксандр Амяльчэня. Кангрэгацыя адбывалася ў самым вялікім памяшканні на Яснай Гары — у зале айца Кардэцкага — і працягвалася чатыры дні. Галоўнай тэмай сустрэчы быў Дэўтаракатахуменат — далейшая евангелізацыя ўжо ахрышчаных людзей, скіраваная на іх свядомы ўдзел у рэлігійным жыцці.«Як дайсці да сэрцаў тых людзей, што, атрымаўшы Сакрамант Хросту, пазней занядбалі гэтую найважнейшую з Божых ласкаў і такім чынам спыніліся на шляху да Бога?» — гучала падчас дыскусій, чытання рэфератаў, размоў у кулуарах. Асаблівая ўвага была нададзена пытанню ролі сям’і ў евангелізацыі асобы. У Кангрэгацыі ўзялі ўдзел духоўныя асобы з Беларусі, Польшчы, Германіі, Украіны, Літвы. Напрыканцы працы адбылася Св. Імша ў капліцы Маці Божай Чанстахоўскай. На думку віцебскіх святароў, Кангрэгацыя мела дзейсную практычную скіраванасць і яе праца, безумоўна, дасць плён у справе вырашэння ўзнятых на ёй праблем каталіцкага жыцця.

Ф.Д.

У сярэдзіне сакавіка Віцебск наведалі прадстаўнікі цэнтра руху«Святло-Жыццё» з польскага горада Красценка. Яны правялі рэкалекцыі ў Маладзечне, наведалі Смаленск і Полацк. Пра дзейнасць руху ў сённяшняй Польшчы, пра перспектывы яго развіцця ў свеце разважаюць мадэратар Круцыяты Вызвалення Чалавека, выкладчык інстытута Пастаральна-Літургічнай Фармацыі Каталіцкага універсітэта ў Любліне ксёндз доктар Пётр Кульбацкі і пастаянная дыяконія руху Катажына Аўчарэк.

Ксёндз Пётр Кульбацкі:
— Рух«Святло-Жыццё» дзейнічае ў Польшчы ўжо некалькі дзесяцігоддзяў: яго распачаў кс. Бляхніцкі ў 1954 г. Напрыканцы 60-х гг. ён ахопліваў ужо тысячы людзей. Формы працы руху — сустрэчы ў невялікай групе (падчас якіх людзі маюць магчымасць чытаць Слова Божае, Святое Пісанне), сустрэчы падчас Эўхарыстыі і асабліва падчас рэкалекцый, а таксама сустрэчы некалькіх груп. Такім чынам мы вучымся разумець, чым ёсць для нас Касцёл як Супольнасць Супольнасцяў. А самая галоўная з формаў — пятнаццацідзённы Аазіс. Гэта рэкалекцыі, якія базуюцца на пятнаццаці Таямніцах Святога Ружанца і прымяркоўваюцца да літургічнага года. Так на працягу пятнаццаці дзён мы перажываем ўсё, што звязана з Адвэнтам, Божым Нараджэннем, Уваскрэсеннем, дзеля таго, каб пасля глыбей перажываць Літургію Касцёла. Вельмі важна скіраваць справу евангелізацыі на тых асобаў, якія яшчэ не прыйшлі да Бога, ігнаруюць Касцёл, а таксама на тых, хто ходзіць у Касцёл, але мае павярхоўную, нетрывалую веру. Галоўная мэта нашага руху — дапамагчы чалавеку наладзіць глыбокі асабісты кантакт з Хрыстом. Дзякуючы такой працы тысячы людзей не толькі ў Польшчы, але і ў іншых краінах свету, такіх, як Славакія, Чэхія, ЗША, Канада, Украіна, Беларусь, Расія, знаходзяць шлях да Бога, а наш рух паступова ператвараецца ў міжнародны. Сімвалам руху з’яўляецца знак са старажытных катакомбаў у выглядзе двух скрыжаваных грэцкіх слоў: вертыкальна — святло, гарызантальна — жыццё. Гэты знак сімвалізуе еднасць святла і жыцця, заклікае хрысціянаў да этычнай і маральнай годнасці іх учынкаў. А дасягнуць такой годнасці можна толькі з дапамогай моцы Крыжа, таму што ўвасабляе і заключае ў сабе яе менавіта Крыж. Групы нашага руху рэгулярна сустракаюцца з вернікамі парафій. Для кожнай катэгорыі вернікаў маецца свой план, і мы кіруемся ім у сваёй дзейнасці. Асаблівай паслугай руху«Святло-Жыццё» з’яўляецца паслуга па аднаўленні парафіі. З гэтаю мэтай арганізоўваем евангелізацыйныя рэкалекцыі, скіраваныя на стварэнне ўласных груп па ўдасканаленні рэлігійных ведаў. Апроч таго мы, разумеючы, што ўсялякае жыццё нараджаецца з жыцця, пастаянна заахвочваем удзельнікаў руху да глыбокага асэнсавання правілаў жыцця касцельнага. Асабістым прыкладам для нас з’яўляюцца ў гэтай справе Езус і Панна Марыя, Маці Касцёла. Сёння да нас у цэнтр прыязджаюць на рэкалекцыі тысячы людзей, і мы ў сваю чаргу ажыццяўляем з цэнтра стварэнне Аазісаў ва ўсім свеце. Евангелізацыя, якую ў свой час праводзіў заснавальнік нашага руху ксёндз Францішак Бляхніцкі, абапіралася на пастанову Другога Ватыканскага Сабора. Так што рух«Святло-Жыццё» можна без перабольшання лічыць рухам за аднову жыцця саборнага, літургічнага, біблейнага, капланскага, парафіяльнага і г.д. Не менш важным з’яўляецца і тое, што, аднаўляючы сваё рэлігійнае жыццё, чалавек разам з тым робіць пэўны ўклад у аднову жыцця грамадскага, а праз гэта — ва ўдасканаленне свету. І гэта самы галоўны вынік дзейнасці руху«Святло-Жыццё».

Дыяконія Катажына Аўчарэк:
— Адным з паказчыкаў дзейнасці руху«Святло-Жыццё» з’яўляецца стварэнне Круцыяты Вызвалення Чалавека. Яна была арганізавана на заклік Папы Яна Паўла ІІ і з’яўляецца адказам на яго заклапочанасць станам годнасці чалавека як Божай істоты. Праграма дзейнасці Круцыяты скіравана на пераадоленне ўсяго, што пагражае годнаму людскому існаванню. Дзеля дасягнення такой мэты яна прапануе стыль жыцця, заснаваны на праўдзе, любові і волі. І галоўнае — пазбаўленні ад страху, бо менавіта ён найчасцей перашкаджае чалавеку далучыцца да Таямніцы Крыжа. Круцыята Вызвалення Чалавека рэалізуе свае мэты шляхам аб’яднання асобаў, якія жадаюць узяць удзел у змаганні за тую«зямлю святую», якой ёсць кожны чалавек. Радуе, што ўсё болей з’яўляецца гэткіх асобаў тут, на Беларусі (упэўнілася ў гэтым падчас рэкалекцый у Маладзечне). Разам з тым, людзі ўсё яшчэ баяцца і баяцца часта не кагосьці, а сябе. Баяцца прызнацца ў кепскім учынку, баяцца сведчыць супраць кепскага. Зрэшты, усё гэта можна пераадолець. Я дзякую Богу за магчымасць наведаць Беларусь і пазнаёміць яе грамадзянаў з асновамі нашай дзейнасці.

Падчас кароткага побыту на Беларусі Пётр Кульбацкі і дыяконія Катажына выязджалі ў Катынь. Там, на месцы захавання тысячаў польскіх ваеннапалонных, кс. Пётр Кульбацкі адшукаў знак у памяць закатаванага сваяка.

Запісаў Ф. Дубраўскі.
Фота кс. П. Сялкоўскага, В. Кучаравага.