Рэкалецыі ў Маладзечне

Доўгі час лічылася, што вялізныя кубкі з півам ці бутэлькі з алкаголем — прыкмета так званых «забулдыгаў», але апошнім часам усё радыкальна змянілася. Убачыць сёння на вуліцах хлопцаў і дзяўчат з бутэлькамі піва ў руках можна паўсюдна. П’юць і дарослыя, і моладзь. І чамусьці піва не лічыцца моцным і небяспечным алкагольным напоем. Ужываюць яго як ваду. І паступова моладзь прывыкае да яго. І агідная пачвара пад назвай «алкагалізм» паціху авалодвае людзьмі, здабываючы сабе новыя і новыя ахвяры. І раптам з жахам заўважаеш, што алкагалізм — гэта ўжо хвароба не аднаго чалавека, але ўсяго грамадства! І робіцца страшна.

Менавіта гэтай страшнай хваробе і былі прысвечаны трохдзённыя рэкалекцыі, што адбыліся 8-10 сакавіка ў Маладзечна. Галоўная мэта — пазнаёміць удзельнікаў руху «Святло-Жыццё» з круцыятай вызвалення чалавека («круцыята» з польскага — крыжовы паход). Толькі свабодны чалавек можа быць шчаслівы. А людзі, залежныя ад алкаголю, — рабы. І фізічныя, і духоўныя. Каб вылечыць такую хваробу, патрэбны малітва, пост і міласэрнасць (гэта і ёсць асноўныя метады круцыяты).

Таму і складаюць людзі праз круцыяту ахвяру Богу. Адзначым, што даюць абяцанне ўстрымацца ад алкаголю людзі, якія зусім ад яго не залежаць.

Абстыненцыя — адмова ад ужывання алкагольных напояў — толькі частка круцыяты. А самае важнае — малітва за хворых людзей і міласэрныя ўчынкі ў адносінах да іх. Безумоўна, гэта вельмі цяжка і патрабуе вялікіх намаганняў, але складанасці ў дасягенні мэты не палохаюць і, па сведчаннях многіх вернікаў, Бог прымае іх добраахвотную ахвяру і чуе маленні. Родныя і знаёмыя, а часам і зусім незнаёмыя, выздараўліваюць і самі ўступаюць у круцыяту.

У маладзечанскіх рэкалекцыях прымалі ўдзел каля дваццаці сем’яў руху «Святло-Жыццё» і суполка «Каштоўная жамчужына». Прыехалі яны з Мінска, Свіры, Магілёва, ну і, вядома ж, з Маладзечна.

Мяркую, што толькі любоў і гарачае жаданне дапамагчы бліжняму падштурхнула столькі незнаёмых людзей пакінуць свае справы і адпачынак, каб прыехаць сюды. Мы ведаем, што Хрыстус моцай свайго Духа можа выратаваць нашыя душы і целы, але вызваленне можа прыйсці толькі тады, калі адбудзецца нейкая перамена ў сэрцы чалавека.

Праз канферэнцыі і спатканні ў групах глыбей зразумець праблему дапамагалі сем’ям айцец Пётр Кульбацкі і сястра Катажына Аўчарэк, што па запрашэнню пробашча касцёла св. Юзафа Рыгора Гуральскага прыехалі на рэкалекцыі з польскага мястэчка Красценка пад Дунайцам. Завітаў у Маладзечна і мадэратар руху «Святло-Жыццё» на Беларусі айцец Пётр Сялкоўскі.

Прысутнасць столькіх духоўных асобаў, што прагнулі падзяліцца сваімі ведамі, а таксама простых людзей, што ўсёю душою ўспрымалі Слова Божае і былі гатовыя несці яго бліжнім, стваралі атмасферу цеплыні і ўзаемапаразумення.

Складана ахарактарызаваць апошнія гадзіны рэкалекцый. Вельмі не хацелася расставацца. Але гэта быў бадай самы шчаслівы і светлы дзень, бо менавіта ў нядзелю на развітальнай Імшы адбылося самае галоўнае — значная колькасць удзельнікаў падпісала Круцыяту вызвалення чалавека! У часе літургічнага ахвяравання гэтыя людзі з поўнымі мужнасці, веры і надзеі сэрцамі прынеслі да ног Пана Езуса сваю маленькую, але такую вялікую ахвяру. І гэта – толькі пачатак...

Вікторыя Млечка.