Музычная культура любой нацыі грунтуецца на нацыянальнай традыцыі. Добра, калі гэтая традыцыя ніколі не перарывалася і з’яўляецца трывалым падмуркам духоўнага развіцця народа. У Беларусі многія старонкі музычнай традыцыі па розных прычынах былі згубленыя ды расцярушаныя па свеце, таму найперш важна аднавіць нацыянальныя мастацкія традыцыі, у тым ліку і ў музычнай сферы.

І такая праца ў нашай краіне вядзецца высілкамі многіх беларускіх даследчыкаў, такіх як А.Мальдзіс, В.Дадзіёмава, В.Скорабагатаў, В.Жывалеўскі. Беларуская нацыянальная музычная спадчына адраджаецца прафесійнымі і самадзейнымі артыстамі, гучыць у лепшых музычных тэатрах і залах, касцёлах і цэрквах...

Свой пасільны ўнёсак у ганаровую справу вяртання нашай музычнай спадчыны спрабуюць рабіць незалежныя грамадскія структуры. Адна з іх — выдавецкая суполка BMAgroup, якая прапанавала беларускім слухачам унікальную серыю кампакт-дыскаў «Беларускі музычны архіў» з запісамі сусветнавядомага опернага спевака беларускага паходжання Міхася Забэйды-Суміцкага і кампазітара-эмігранта, аўтара духоўнага гімна-малітвы «Магутны Божа» Міколы Равенскага.

Першая з названых навінак з’яўляецца своеасаблівай музычнай энцыклапедыяй, прысвечанай 100-гадоваму юбілею Міхася Забэйды-Суміцкага, хоць спозненым, але добрым помнікам нашаму знакамітаму зямляку, данінай таленту «беларускага салаўя». Знаёмства з гэтай фонаграфічнай навінкай распачынаецца з грунтоўнага буклета, у якім музычны крытык В. Мартыненка знаёміць суайчыннікаў з біяграфіяй песняра. Прыхільнікі творчасці М. Забэйды-Суміцкага могуць паразважаць пра драматычную прадвызначанасць лёсу беларускага генія.

Не менш драматычным было і змаганне за добрае імя спевака на яго радзіме. Для аднаўлення гістарычнай справядлівасці шмат зрабілі Максім Танк і Рыгор Шырма, які ў трагічным 1937 годзе адзначаў у заходнебеларускім друку: «Толькі такі мастак-артыст, як Забэйда-Суміцкі патрапіў вывесці беларускую народную песню ў шырокі культурны сусвет».

Аматарам музыкі будуць цікавыя і выбраная дыскаграфія, і спіс літаратуры пра творчасць вялікага беларускага тэнара. І ўсё ж асноўныя ўражанні ад дыска «Ластаўкі ў стрэсе» — музычныя, звязаныя з непаўторным голасам М. Забэйды-Суміцкага. У яго выкананні тут гучыць каля дзесятка твораў беларускіх кампазітараў, у тым ліку К. Галкоўскага, П. Падкавырава, М. Аладава, М. Чуркіна, Р. Пукста, а таксама каля дваццаці трэкаў з унікальнымі апрацоўкамі беларускага фальклору, якія спявак выконваў з асаблівым натхненнем і прачуласцю.

Наперадзе выданне найважнейшай часткі спадчыны М. Забэйды-Суміцкага — оперных партый, што гучалі ў сусветных оперных цэнтрах і былі зафіксаваныя нямецкімі, італьянскімі, польскімі і чэшскімі фірмамі гуказапісу ды захаваныя для нашчадкаў беларускай эміграцыяй.

У тым жа энцыклапедычным рэчышчы вытрыманы і іншы рэліз Беларускай музычнай альтэрнатывы (BMAgroup) — кампакт-дыск «Магутны Божа» з музыкай Міколы Равенскага. Выданне і прэм’ера кружэлкі стала асноўнай падзеяй у святкаванні 115-гадовага юбілею беларускага кампазітара, які частку свайго эмігранцкага жыцця пражыў у бельгійскім горадзе Лювэне.

Як адзначыў на прэзентацыі навінкі заслужаны артыст Беларусі Віктар Скорабагатаў (у яго выкананні на дыску гучыць песня М. Равенскага «Менск»), на гэтай кружэлцы пададзены аж тры версіі духоўнага гімна беларусаў «Магутны Божа» (на верш Н. Арсенневай) — у выкананні хору і аркестра Гарадзенскай капэлы, хору «Унія», Казачага хору пад кіраўніцтвам П. Жарава (ЗША) і спевака беларускага паходжання Пётры Конюха.

В. Скорабагатаў адзначыў, што гэты твор даў назву знакамітаму фэсту духоўнай музыкі, што праводзіцца ў Магілеве. Падчас яго канцэртных праграм калектывы і выканаўцы з розных краінаў і розных хрысціянскіх канфесіяў выконваюць гімн «Магутны Божа». Колькасць яго незвычайных апрацовак і версій дасягнула такой лічбы, што іх можна выдаваць асобным фонаграфічным дыскам. «У аб’яднанні людзей ўсяго свету, — адзначыў В. Скорабагатаў, — я бачу экуменічную функцыю гэтага неўміручага твора М. Равенскага».

Як і належыць выданню з серыі «Беларускі музычны архіў», кампакт-дыск насычаны запісамі твораў кампазітара на вершы яго любімых паэтаў Я. Коласа («Мой родны кут», «Вясна»), М. Багдановіча («Пагоня», «Слуцкія ткачыхі», «Лявоніха»). Сёння існуе шмат версіяў музычных твораў на гэтыя словы аўтарства сучасных беларускіх кампазітараў. І таму вельмі цікава, параўноўваючы іх структуру, паразважаць наконт узаемных уплываў музыкі і паэзіі ў розных гістарычных варунках.

Драматычная арыя Браніславы з аднаймённай оперы на вершы У. Дубоўкі (выконвае дачка кампазітара В. Аляксеенка-Равенская), вялікая сюіта для фартэпіяна (выканаўца — І. Алоўнікаў) распавядуць слухачам дыска пра імкненне М. Равенскага рэалізаваць свой талент у розных музычных жанрах, пра яго творчы універсалізм.

Адной з яскравых праяваў нацыянальнага ў музыцы М. Равенскага з’яўляецца яго любоў да беларускага меласу і народнай песні, таму на дыску «Магутны Божа» асноўны музычны блок — апрацоўкі беларускага фальклору ў выкананні Беларускага хору студэнтаў Лювэнскага універсітэта пад кіраўніцтвам М. Равенскага.

І хоць якасць запісаў некаторых твораў на дыску можна аднесці да архіўных, да іх хочацца вяртацца яшчэ і яшчэ, каб зноў прыпасці да гаючых крыніц меласу.

Серыя «Беларускі музычны архіў», як сцвярджаюць выдаўцы з BMAgroup, не будзе абмяжоўвацца жанрава-стылістычнымі рамкамі сваіх фонаграфічных выданняў. І таму ўжо сёння выдадзены архіўны дыск знанага наваполацкага барда Сержука Сокалава-Воюша «Нефармальны беларус», на якім гучаць такія любімыя слухачамі песні барда, як «Аксамітны вечар», «Крупнік», «Грунвальд», «Нефармальны беларус», бардаўскі цыкл «Песні касінераў»...

Так разнастайная музычная традыцыя — творчае апірышча сённяшніх музыкантаў і кампазітараў, выканаўцаў і аранжыроўшчыкаў — вяртаецца ў наш штодзённы музычны побыт праз лічбавыя дыскі серыі «Беларускі музычны архіў».

Замовіць альбомы можна па адрасе: 220085 Менск, а/с 5, пэйджэр 2118585, аб. БМА, а таксама набыць у касцельных шапіках.

Анатоль Мяльгуй