У ноч з 23 на 24 сакавіка ў мінскай архікатэдры Імя Найсвяцейшай Панны Марыі адбылося архідыяцэзіяльнае начное чуванне моладзі. У ім удзельнічалі прадстаўнікі многіх парафій Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, моладзь з Гродзенскай дыяцэзіі — з лідскай парафіі, а таксама шматлікія святары.

Дэвізам начнога чування былі словы з Евангелля, якія Святы Айцец скіраваў да вернікаў у сваім Пасланні на Вялікі пост 2002 года: «Дарма атрымалі, дарма давайце» (Мц 10, 8). Гэтая сустрэча моладзі напярэдадні Пальмовай нядзелі была адпаведнай падрыхтоўкай да святкавання галоўнай таямніцы нашай веры – Змёртвыхпаўстання Езуса Хрыста. Падчас чування было шмат часу для малітвы, разважання над Мукай Пана, спеваў, індывідуальных размоў.

Сустрэча распачалася навінамі з парафій, моладзь якіх прысутнічала ў мінскім архікатэдральным касцёле. Кс. Міхал Сапель, пробашч касцёла Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха), што на Залатой Горцы ў Мінску, правёў канферэнцыю. Тэмаю для разважання ён абраў адну з дзесяці Божых запаведзяў, а дакладней – восьмую запаведзь «не сведчы фальшыва супраць бліжняга твайго». «Мова чалавека – адзін з найважнейшых дароў Пана Бога, павінна быць прыладаю праўды і дабра, бо нішто так не псуе характару, як жыццё ў мане, крывадушнасці і фальшы», – у гэтым заключалася асноўная думка канферэнцыі.

Апоўначы адбылася Святая Імша, якую цэлебраваў кс. біскуп Кірыл Клімовіч. Падчас Св. Імшы асвячаліся галінкі вярбы на ўспамін урачыстага ўезду Пана Езуса ў Ерузалем. Кс. біскуп заклікаў маладых людзей быць кожны дзень сведкамі любові ў сем’ях, школе, на працы. Потым моладзь адаравала Найсвяцейшы Сакрамэнт, малілася да Божай міласэрнасці, удзельнічала ў сцэнічнай дзеі Крыжовага шляху, падрыхтаванага вернікамі архікатэдры. Пасля адарацыі крыжа і супольнай малітвы моладзь вярталася дадому, захоўваючы ў сэрцах словы Папы Яна Паўла ІІ: «Ці можа быць больш адпаведны час, чым перыяд Вялікага посту, для таго, каб даць сведчанне бескарыслівасці, якая так патрэбна свету? Любоў, якою адорвае нас сам Бог, заклікае, каб і мы таксама бескарысліва аддавалі сябе іншым».

І. Л.
Фота В. Кучаравага.