У Рыме, у доме айцоў салезіянаў, з 24 па 28 красавіка праходзіў Х Сімпозіум Біскупаў Еўропы, арганізаваны Канферэнцыяй Каталіцкіх Біскупаў Еўропы. У ім прынялі ўдзел каля 150 біскупаў і кардыналаў, прадстаўнікі іншых канфесій, святары з італьянскіх парафій, а таксама ўпершыню ўдзельнічала 35 маладых асобаў з розных краін Еўропы.

На папярэдняй сустрэчы ў Бруселі іерархі Касцёла пастанавілі, што моладзь таксама павінна ўдзельнічаць у падобных сустрэчах. Да гэтага іх падштурхнула сітуацыя ў сучасным свеце і дэвіз Сімпозіума: «Моладзь Еўропы ў працэсе пераменаў. Школа веры», а таксама ажыццяўленне новай евангелізацыі Еўропы.

Беларусь прадстаўляў наш кардынал Казімір Свёнтэк, а таксама аўтарка гэтых радкоў, якой пашчасціла стаць дэлегаткай першага ў гісторыі Сімпозіума з удзелам моладзі.

Усведамляючы ўсю адказанасць, ускладзеную на мяне, я вылецела ў Рым. Хваляванні і страх пачалі знікаць па меры таго, як самалёт аддаляўся ад роднай зямлі. Напэўна, большую ўпэўненасць надалі мне думкі пра тое, што магчымасць далучыцца да скарбніцы паўсюднага Касцёла, знаходзіцца сярод такой колькасці біскупаў і кардыналаў, пабываць на аўдыенцыі ў Святога Айца, засведчыць не толькі аб існаванні, але і аб сталенні і ўмацаванні беларускага Касцёла здараецца раз у жыцці.

Для маладых дэлегатаў Х Сімпозіум распачаўся на дзень раней. Гэта сустрэча мела на мэце прадоўжыць працу над супольным дакументам, працоўныя матэрыялы якога былі дасланыя загадзя кожнаму ўдзельніку. Моладзь павінна была стварыць дакумент-дэкларацыю, у аснову якога пакладзена бачанне Еўропы Святым Айцом і які б падыходзіў усім краінам як Заходняй, так Усходняй Еўропы. У гэтым дакуменце акрэслены найбольш актуальныя для ўсёй еўрапейскай моладзі задачы: «Абвяшчэнне Евангелля Еўропе», «Адкрыццё нанова хрысціянскіх карэнняў», «Зрабіць Еўропу агульным домам», «Аднаўленне маральных каштоўнасцяў», «Усталяванне справядлівасці і салідарнасці паміж народамі свету», «Усе хрысціяне прыносяць свае дары», «Іншы чалавек – мой брат», «Маладыя людзі на службе жыцця і будаванні міру», «Новая духоўная хваля для Еўропы», «Калі Еўропа – гэта... мары, прароцтва і адказнасць». Праца над дакументам стала рэальнай магчымасцю для моладзі ўнесці свой уклад у справу аднаўлення супольнага дома ў Хрысце. Для многіх маладых людзей Еўропы гэта была нагода распачаць новую пілігрымку да Божага Валадарства. І падчас гэтай вандроўкі ім трэба было па-новаму навучыцца весці дыялог, адкрываць Бога, абвяшчаць Добрую Навіну з радасцю, бо толькі на радасць іншыя могуць адгукнуцца радасцю.

Спадарожнічаць гэтай высакароднай справе абяцалі іерархі Касцёла. Для іх гэта таксама быў першы вопыт сустрэчы на Сімпозіуме з маладымі людзьмі, якія, трэба сказаць, не былі пасіўнымі назіральнікамі, а разам з імі вялі дыскусіі, абмяркоўвалі надзённыя праблемы сённяшняга часу. Размовы вяліся няспынна, біскупы з лёгкасцю ішлі на кантакт падчас снедання, абеду і вячэры, у перапынках паміж паседжаннямі, у кожную вольную хвіліну. Тэмы для размоў былі разнастайныя. Пастыраў Касцёла цікавіла рэлігійная сітуацыя ў краіне, касцёльныя супольнасці, парафіяльнае, культурнае і грамадскае жыццё. На паседжаннях біскупы неаднаразова зазначалі, што яны прагнуць кантактаў з моладдзю, хочуць слухаць і рэалізоўваць тое, аб чым просяць маладыя людзі. Яны лічаць, што моладзь не з’яўляецца праблемай для Касцёла, яна адкрытая і чулая, яна – творчы патэнцыял і багатая крыніца Касцёла. Ёсць шмат маладых людзей, якія, нягледзячы на слабасці і непаразуменні, здольныя жыць і сведчыць аб сваёй веры ў кантэксце сучаснага жыцця. Трэба толькі данесці да ведама тых, хто не прысутнічаў на Сімпозіуме, значнасць усёй сустрэчы і патрэбу распачынання новай евангелізацыі. Новай евангелізацыі таксама патрэбны змены і новыя сілы. Менавіта таму гэты шлях неабходна прайсці духавенству і моладзі разам.

Галоўнай кульмінацыяй тых дзён стала аўдыенцыя ў Святога Айца. Асабіста для мяне быў падараваны Богам яшчэ адзін шанц больш блізкай сустрэчы з гэтым мудрым, велічным, добрым і простым чалавекам, ад якога зыходзіць незвычайнае святло Божай любові. Я з нецярпеннем чакала моманту сустрэчы з Папам. Асабліва таму, што ведала: наш кардынал Казімір на аўдыенцыі павінен уручыць Яну Паўлу ІІ «вынік працы» Сіноду трох дыяцэзій.

Пасля ранішняга паседжання ўсе ўдзельнікі Х Сімпозіума накіраваліся ў Ватыкан, дзе і адбылася аўдыенцыя. Святы Айцец звярнуўся да прысутных з прамоваю і з радасцю прывітаў усіх прысутных, асабліва моладзь. Ён паўтарыў словы, якія сказаў на Сусветных днях моладзі ў Рыме, называючы рэлігійны вопыт маладых людзей «школай веры». Хрысціяне павінны стаць «школай веры» для пакалення новай Еўропы, якое «думае вачамі»... Трэба было бачыць, як узрушыўся і ажывіўся Святы Айцец, калі наш кардынал падышоў прывітаць Яго Святасць і падаў прыгожа выдадзеную кнігу Статутаў Сіноду. У гэты момант асабліва адчувалася, што Папа жыве клопатам аб Касцёле на Беларусі і гэтай падзеі ён чакаў.

Паўгадзіны, вызначаныя на аўдыенцыю, праляцелі імгненна, але ў памяці назаўсёды засталася такая знаёмая, крыху ссутуленая постаць нястомнага Пілігрыма нашага часу, які напаследак удзяліў нам сваё апостальскае благаслаўленне.

У нядзелю 28 красавіка падчас урачыстага заканчэння Х Сімпозіума Біскупаў Еўропы маладыя ўдзельнікі ад імя сваіх аднагодкаў уручылі біскупам ліст, дзе выказалі сваю падзяку, пажаданні і надзеі...

Іна Ламака.
Фота з матэрыяла Servizio Fotografico de «L’O.R.» i аўтара.

 

Ліст моладзі да біскупаў Еўропы

Нашы паважаныя біскупы!

Мы, маладыя хрысціяне, прыехалі з розных краін еўрапейскага кантынента, для кожнай з якіх характэрны свае сацыяльныя і касцёльныя рэаліі, але, нягледзячы на гэта, мы адчуваем нашую еднасць у Хрысце.

Перажыўшы разам з вамі гэтыя дні, якія сталі важнай падзеяй у нашым жыцці, мы хацелі б выказаць сваю самую глыбокую падзяку за тое, што 35 маладым асобам была дадзена магчымасць прысутнічаць на гэтым сімпозіуме.

Мы адчуваем патрэбу падзякаваць вам за ваш пастаянны пошук формаў і шляхоў зносін з намі падчас пленарных дыскусій і ў любы момант на працягу гэтых дзён. Звычайныя абставіны, такія як абед альбо супольная малітва, стваралі магчымасць для асабістых сустрэч, для змястоўных і стымулюючых размоў. Гэта дазволіла нам зразумець, наколькі глыбока мы паяднаныя на шляхах пошуку Дарогі, Праўды і Жыцця.

Напрыканцы Сімпозіума мы можам з усёй шчырасцю сцвердзіць, што ён даў магчымасць пераадолець усялякую дыстанцыю, якая, здавалася б, раздзяляе нас. На ім панавала атмасфера сяброўства, адкрытага, канструктыўнага і жывога дыялогу.

Таму мы не можам не падзяліцца з вамі плёнам нашых разважанняў.

Мы хочам запэўніць вас, што:

  • мы не будзем вагацца, каб сказаць нашае «так» Богу, калі Ён пакліча нас адкрыць хрысціянскія карані Еўропы ў нашым штодзённым жыцці;
  • мы поўныя рашучасці працягваць распачаты тут дыялог, ставячы яго на службу нашым дыяцэзіям і супольнасцям;
  • мы будзем працаваць разам з вамі, каб канкрэтным чынам будаваць Касцёл;
  • мы будзем сведчыць пра вопыт лучнасці з тымі, з кім тут сустрэліся;
  • мы пастараемся зрабіць свой уклад у развіццё Еўропы як супольнага дома, што больш адпавядае чалавечым і хрысціянскім ідэалам. (Распачата праца над дакументам, які будзе абмеркаваны ў нашых супольнасцях. Мы маем намер падрыхтаваць гэты дакумент да пачатку пленарнай сесіі ККБЕ ў кастрычніку 2002 г.)

    Каб гэтыя словы сталі рэчаіснасцю, мы лічым неабходным выказаць таксама нашы патрэбы.

    Мы адчуваем:

  • патрэбу ў рэгулярных сустрэчах з вамі, каб дзяліцца сваімі радасцямі і клопатамі і такім чынам разам з вамі крочыць па нашым хрысціянскім жыцці;
  • неабходнасць стварэння магчымасцяў для адукацыі і хрысціянскай фармацыі моладзі, каб мы маглі ўзяць на сябе адказнасць у выкананні пэўных функцый у сваіх супольнасцях;
  • патрэбу ў падтрымцы з вашага боку нашых намаганняў, скіраваных на тое, каб жыць нашым пакліканнем і несці адказнасць у разнастайных сацыяльных, палітычных і эканамічных сітуацыях;
  • жаданне імкнуцца да таго, каб нашае жыццё і адносіны з вамі былі ў тым самым духу, які натхняў першую хрысціянскую супольнасць;
  • патрэбу ў тым, каб вы навучылі нас маліцца, каб маліліся з намі і за нас, каб праз гэта мы маглі нанава адкрыць сапраўдны сэнс літургіі і жыць ім;
  • жаданне дапасаваць да нашага жыцця новае ўспрыманне Евангелля і багацце Святых Традыцый Касцёла;
  • імкненне да новых сустрэчаў (канферэнцый, сінодаў, сімпозіумаў і г. д.), каб шлях, які мы распачалі на гэтым сімпозіуме, меў працяг;
  • патрэбу адчуваць вас побач як духоўных кіраўнікоў, што не абмяжоўваюцца навучаннем, але становяцца сведкамі, ідуць разам з намі да асабістай сустрэчы з Хрыстом.

    Мы дзякуем Богу, які дазволіў нам сустрэцца, і давяраем Яму наш супольны шлях.

    «Выплыві на глыбіню!» (Лк 5, 4).

    Рым, 28 красавіка 2002 г. Маладыя дэлегаты Х Сімпозіума Біскупаў Еўропы