18 мая 2002 г. у мястэчку Ледніца, што паміж Гнезнам і Познанню, адбылася V сустрэча каталіцкай моладзі Польшчы. Галоўная мэта спаткання, як лічыць арганізатар мерапрыемства а. Ян Гура ОР, – даць моладзі магчымасць падзяліцца энтузіязмам веры, надзеі і любові. Нездарма ледніцкія сустрэчы адбываюцца ў вігілію спаслання Святога Духа, калі маладыя людзі прыязджаюць сюды ўмацавацца духам, атрымаць сілу, адвагу, надзею.

Вось амаль і ўсё, што ведалі пра ледніцкую сустрэчу 38 маладых беларусаў і беларусак, якія вырашылі на свае вочы ўбачыць так званае польскае Taize.

Асабіста для мяне ўсё пачалося з незвычайнага запрашэння, бо менавіта ў гэтым годзе V сустрэча ў Ледніцы была арганізавана як вяселле ў Кане Галілейскай. Ці гэта не шчасце мець запрашэнне на вяселле разам з Езусам і Марыяй?! Убачыць першы цуд нашага Збаўцы?!

І вось – едзем. 38 шчаслівых з Мінска, Віцебска, Баранавічаў пад кіраўніцтвам а. Браніслава Дашкевіча і яго памочніка кс. Уладзіміра Русака. Дзякуючы Божай ласцы і нашаму арганізатару мы мелі магчымасць наведаць Гданьск і Гдыню, убачыць Балтыйскае мора, адчуць подых Сярэднявечча ў Мальбургскім замку.

І вось увечары, 18 мая, мы ў Ледніцы. Адразу ўражвае мноства польскай моладзі – ажно 100 тысяч!

А 17-й гадзіне пачалася ўрачыстая Святая Імша. Падчас Імшы адбылося аднаўленне сужэнскіх прысягаў і манаскіх шлюбаў, святар прапанаваў усім сужонкам, якія прысутнічалі на ледніцкім полі, гучна паўтарыць словы прысягі. З захапленнем гляджу на ўжо немаладую пару: сужонкі, узяўшыся за рукі і гледзячы адно аднаму ў вочы, паўтаралі словы любові і вернасці.

Пасля Святой Імшы да ўсіх удзельнікаў набажэнства праз тэле-мост звярнуўся Святы Айцец, які сказаў словы, поўныя веры, упэўненасці, пераканання: «Жывіце з Хрыстом. Зрабіце Яго Валадаром кожнай хвіліны вашай штодзённасці. Не бойцеся заўсёды выбіраць Хрыста. Няхай гэты выбар надае каштоўнасць вашаму жыццю, каб станавіліся сведкамі адкуплення для будучага пакалення».

Потым адбылася самая прыгожая і кранальная частка свята – працэсія з выявамі Маці Божай розных санктуарыяў Польшчы і іншых краін. Амаль тысяча абразоў – знакамітых і не вельмі, цудатворных і намаляваных сучаснымі мастакамі ці проста дзіцячай рукой. Усё гэта ўражвала да глыбіні душы. Здавалася, што ідзе незлічонае Марыйнае войска, легіён мужных і смелых хлопцаў і дзяўчат, якія не пашкадуюць жыцця за Апякунку свету...

Нарэшце – галоўная частка сустрэчы: цуд ператварэння вады ў віно. Прадстаўнікі кожнай парафіі ўлілі ў велізарны збан ваду, якую яны прывезлі са сваіх родных мясцін (дарэчы, беларуская вада была з Будслава), пасля чаго адбылося сімвалічнае ператварэнне. Але галоўным, зразумела, быў не сам абрад, а цудоўныя словы малітвы, якую прамаўлялі біскупы, а разам з імі і ўвесь люд, просячы Езуса перамяніць нашыя душы, напоўненыя вадой, у душы, напоўненыя цнотамі і каштоўнасцямі веры.

І цуд адбыўся.

Можна шмат пісаць пра слёзы, пра радасць, пра цвёрдыя пастановы жыць з Езусам, – гэтага не пералічыць, але несумненна тое, што з кожным з нас адбыўся маленькі цуд...

На гэтым вяселле не скончылася – нас чакалі танцы і пачастунак з мясцовымі прысмакамі. Астатняй кропкай вяселля быў праход праз браму Трэцяга тысячагоддзя. Кожны ўдзельнік павінен быў прайсці праз «Рыбу» і без страху «выплысці на глыбіню жыцця». Гэтым актам мы давалі згоду на словы, прамоўленыя Святым Айцом: «Выплыві на глыбіню! Павер Хрысту, перамажы слабасць і расчараванне і зноў выплыві на глыбіню! Адкрый глыбіню ўласнага духу. Пранікні ў глыбіню свету. Людзі новага стагоддзя чакаюць твайго сведчання. Не бойся! Выплыві на глыбіню! З табою – Хрыстус!»

Узыходзіла сонца, а з ледніцкага поля яшчэ доўга даносіўся спеў.

Не хачу рабіць ніякіх высноваў з гэтай пілігрымкі. Дадам толькі некалькі выказванняў маіх сяброў.

Ігар: Мяне гэта паездка духоўна ўмацавала. Вельмі спадабалася. Дух Святы зышоў на гэту зямлю.

Аляксандр: Няма слоў. Словамі не раскажаш...

Аляксандр: Незвычайнае мерапрыемства, вельмі добра арганізаванае, відовішчнае, уражанняў шмат.

Іна: Не спадзявалася, што мы атрымаем благаслаўленне Святога Айца...

Ілона: Вельмі спадабалася нашая вандроўка. Лічу, што ў нас таксама трэба арганізоўваць такія сустрэчы.

Ірына: Сапраўды на нас зышоў Дух Святы.

Павел: Паглядзіце на твары маіх сяброў і ўсё зразумееце. Мы выбралі Хрыста!

Ірына Зямчонак.
Фота кс. Уладзіміра Русака.