(св. М.Д. Мадзарэллё, 1837—1881)

Першая сустрэча Яна Боскі і Марыі Дамінікі Мадзарэллё адбылася ў Марнэзэ 7 кастрычніка 1864 года.

...Марыя слухала кожнае слова айца Боскі. Яна была натхнёная гэтым святым чалавекам. Нягледзячы на тое, што яны не сказалі адно аднаму ніводнага слова, гэта была сапраўдная сустрэча дзвюх душаў, якія Святы Дух падрыхтаваў да вялікіх спраў.

У 1859 г. а. Боска заснаваў таварыства салезіянцаў, а ў 1872 г. разам з Марыяй Дамінікай яны стварылі таварыства Дачок Марыі Успамогі Хрысціянаў (сясцёр салезіянак).

«1837 года Хрыстовага, 9 дня траўня а. Ларэнца ўдзяліў сакрамант хросту дзяўчынцы, народжанай у гэты дзень, якой дадзена імя Марыя Дамініка» — так запісана ў парафіяльнай кнізе Марнэзэ. Марыя была першай з васьмярых дзяцей Джузэппэ Мадзарэллё і Магдалены, ураджэнкі Калькан’ё. Дзяўчынка вельмі любіла бацьку. Пасля яна прызнавалася, што калі ў ёй ёсць нешта добрае, то гэтым яна абавязана бацьку, які быў чалавекам чыстым у словах і справах, як святы.

У 1843 г. сям’я пераехала ў вёску Вальпанаска.

Марыя дапамагала маці па гаспадарцы і вучылася дома. Дзяўчынка вельмі шмат працавала фізічна і малілася, не пакідаючы працы. Уставала яна вельмі рана, каб паспець на Св. Імшу і прыняць Св. Камунію.

З вакна яе дома быў бачны ўзгорак, на якім стаяў касцёл. Калі яна не магла туды пайсці, сачыла, калі там запаляцца свечкі, і запрашала бацькоў, малодшых сясцёр і братоў стаць на калені і маліцца.

У 1854 г. а. Дамінік Пэстарыно заснаваў у Марнэзэ супольнасць Дачок Беззаганнай. Семнаццацігадовая Марыя запісалася туды адной з першых. У 1854г. у Італіі пачалася эпідэмія тыфу. Людзі хварэлі і паміралі. У Марнэзэ захварэла ўся сям’я Марыінай цёткі. Нягледзячы на небяспеку, Марыя пайшла дапамагаць родным. Калі цётка паправілася, моцна захварэла сама Марыя, але яе малады арганізм справіўся з небяспечнаю хваробаю.

У 1863 г. Марыя разам са сваёй сяброўкай Петранілай і сябрамі асацыяцыі Дачок Беззаганнай Панны вырашылі жыць у супольнасці, сумяшчаючы працу з малітвай. Разам з сяброўкамі Марыя арганізавала святочны араторый для вясковых дзяўчынак. Араторый развіваўся, дзяўчынкі ўдзельнічалі ў Св. Імшы, часта прыступалі да сакрамантаў, былі паслухмянымі дома.

У 1867 г. пад духоўным кіраўніцтвам а. Пестарына ўзнікла супольнасць з чатырох сябровак асацыяцыі Дачок Беззаганнай Панны, у якую ўвайшло і некалькі вясковых дзяўчынак. Потым гэтая супольнасць разраслася ў таварыства Дачок Марыі, Успамогі Хрысціянаў.

У 1869 г. а. Боска склаў першы статут для створанай супольнасці.

5 жніўня 1872 г., у дзень Маці Божай Снежнай, сястра Марыя і некалькі сясцёр склалі вечныя шлюбы. Таварыства пачало развівацца. 9 лютага 1876 г. сёстры адкрылі ў Бадзігеры новы дом і школу для дзяўчынак з каталіцкіх сем’яў. З часам з’явіліся дзіцячыя сады, школы, араторыі і дамы для сіротаў. 30 сясцёр выехалі на місію ў Паўднёвую Амерыку.

Сёстры, якія мелі шчасце жыць разам з с. Марыяй Дамінікай, успаміналі, што яна была вельмі пакорная і любіла ўсіх, як маці. Лічыла, што ўсе сёстры вартыя любові, імкнулася кожнай дапамагчы. Марыя была простай і вясёлай.

«Будзьце заўсёды радаснымі, ніколі не хадзіце панылыя — гэта нараджае холад», — казала Марыя Мадзарэллё. Яна вельмі любіла малітву. «Хай малітва будзе для вас зброяй, якая заўсёды знаходзіцца пад рукою». «Менш размаўляйце з іншымі, больш — з Богам. Ён дасць вам сапраўдную мудрасць».

У 1881 г. Марыя Дамініка Мадзарэллё захварэла. Запрошаны доктар канстатаваў плеўрыт. Марыя жадала памерці дома, у Ніццы Манфератта, сярод сваіх любімых сясцёр.

У апошнія гадзіны свайго жыцця яна сказала сёстрам: «Дарагія, я адыходжу ад вас. Любіце адна адну. Не весяліцеся празмерна, і не смуткуйце. Радуйцеся ў Богу».

У суботу, 14 траўня 1887 г., каля 2 гадзін ночы яна прапанавала сёстрам: «Заспяваем!» І пачала спяваць Марыйную песню. Праз паўтары гадзіны запрасіла да сябе а. Кальера і сказала: «Айцец, з Богам адыходжу, сустрэнемся ў небе». Пацалавала крыж і ціха прамовіла тройчы: «Езус, Марыя, Юзаф». У той момант сэрца яе перастала біцца, і Маці Мадзарэллё ціха адышла да Пана. Ёй было 44 гады.

У 1951 годзе Святы Айцец Пій ХІІ абвясціў Марыю Мадзарэллё святою.

Падрыхтавала
Ірына Малашэнкава,
г. Бабруйск.

Кангрэгацыя Дачок Марыі Успамогі Хрысціянаў

Ужо больш за 100 гадоў існуе наша Кангрэгацыя Дачок Марыі Успамогі Хрысціянаў, інакш кажучы — супольнасць сясцёр салезіянак.

Месца заснавання супольнасці — маленькая вёсачка Марнэзэ ў паўночнай Італіі. Сёння нас больш чым 16 тысяч ва ўсім свеце. І ўсіх нас яднае любоў да Бога і Марыі, якую мы выказваем праз асаблівы клопат пра моладзь і дзяцей.

Кс. Боска заўсёды паўтараў: «Трэба дапамагчы маладым людзям стаць добрымі хрысціянамі і грамадзянамі». Па прыкладзе св. Марыі Мадзарэллё сёстры салезіянкі працуюць у школах не толькі як катэхеткі, яны працуюць таксама ў дзіцячых дамах, інтэрнатах, вядуць дзіцячыя садкі, розныя прафесійныя курсы, цэнтры для моладзі і дзяцей (араторыі), займаюцца іншымі справамі.

Каб дапамагчы моладзі перамяніць сваё жыццё да лепшага, трэба спачатку палюбіць тое, што яна любіць. А гэта магчыма толькі тады, калі знаходзішся заўсёды з маладымі: і тады, калі яны вучацца, і на малітве, і ў час іх адпачынку.

Калі камусьці гэта справа неабыякавая, калі хтосьці хоча дапамагчы выхоўваць маладое пакаленне — нашу будучыню, хоча пайсці за Панам Богам, адказваючы «так» на Яго покліч, то сёстры салезіянкі шчыра запрашаюць да сябе. Мы маем тры супольнасці: у Бабруйску, у Мінску і ў Смаргоні. Калі хочаце спаткацца з намі, дык мы заўсёды будзем вам рады. Толькі памятайце: гэта Бог робіць цуды, мы, людзі, толькі прылады ў Яго руках. Толькі з Ім можна многае зрабіць у гэтым свеце. А сілы заўсёды хопіць, калі ўсё аддаць у рукі нашаму Нябеснаму Айцу і Панне Марыі, Успамозе Хрысціянаў.

Адрас супольнасці
сясцёр салезіянак:
213809 Бабруйск,
вул. Пралетарская, 25/2.