Горад Чавусы – старажытны, асаблівы статус ён набыў у XVIІ стагоддзі, калі яму было дадзена магдэбургскае права. На яго гербе, на думку даследчыкаў, змешчана выява святога Марціна (пазней царыца Кацярына адмяніла яго, даўшы гораду новы герб).

Духоўнае жыццё ў Чавусах набыло асаблівае развіццё з пабудоваю касцёла і кляштара кармелітаў на пачатку XVIІ ст. На жаль, пасля паўстання 1830 г. касцёл быў зачынены (1832 г.), а кармелітаў выгналі. Парафія ж, хоць і налічвала каля 1000 вернікаў, стала філіяй чэрыкаўскага касцёла. У 1905 г. была ўзведзена новая святыня – касцёл Дзевы Марыі Каралевы, які быў знішчаны падчас айчыннай вайны.

У 1994 г. пасля больш як 70-гадовага перапынку набажэнствы ў Чавусах аднавіліся, а ў 1995 г. была зарэгістравана парафія Дзевы Марыі – Маці Касцёла.

З прызначэннем пробашчам у гэтую парафію кс. Францішка Рудзя – выпускніка Гродзенскай вышэйшай семінарыі – распачалася пабудова новай святыні. Адметна тое, што практычна ўпершыню святаром-грамадзянінам Беларусі была распачата пабудова новай святыні.

І вось настаў такі незабыўны і такі хвалюючы момант: 1 чэрвеня Яго Эмінэнцыя кардынал Казімір Свёнтэк кансэкраваў святыню. «Няхай гэтая святыня будзе заўсёды непарушным і трывалым цэнтрам хрысціянскай веры, няхай заўсёды будзе пацвярджэннем слоў прарока Ісаі: «Бо дом мой домам малітвы будзе названы для ўсіх народаў», – сказаў, дзякуючы ўсім прысутным за ахвярнасць і дапамогу, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

Рэд. Фота М. Новікава.