Па прыступках, крок за крокам, паднімаюцца людзі, каб трапіць у касцёл Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха), што на Залатой Горцы ў Мінску. Ідуць яны на Святую Імшу, дзе іх чакае размова з Богам. Па прыступачках паднімаюцца на хоры дзяўчаты і хлопцы, маладыя жанчыны і мужчыны — удзельнікі хору «Залатая Горка». Ідуць яны на Святую Імшу, каб узнесці хвалу Езусу не толькі ў малітвах, але і ў музыцы — самай пранікнёнай размове.

Сягае «Ave» ў нябёс высоты —
Душа няўмёрла ўлілася
ў ноты.
Напамінае аб муках Хрэсных
У сэрцах — Езус, на вуснах —
песня.

І загучала мелодыя. Маленькай птушачкай узляцела яна з клавіятуры аргана. Далі жыццё ёй чуллівыя пальцы арганісткі Вольгі Паўлоўскай, якая асвоіла ігру на гэтым чароўным музычным інструменце ў касцёле святога Роха дзякуючы духоўнай апецы ксяндза пробашча Міхала Сапеля. Затрымалася трапяткая мелодыя-птушачка на напружаных руках дырыжора хору Святланы Шэйпы і, паслухмяная яе патрабавальным рухам, узвілася ўгору, напоўненая жыццёвай энергіяй чыстых галасоў.

Гэта галасы залатагорскіх харыстаў — людзей, якіх аб’ядноўвае бязмежная любоў да Бога і Музыкі. Большасць з іх — «юныя ветэраны», бо спяваюць яны ў хоры з маленства. Сярод іх — студэнтка медыцынскага універсітэта Вераніка Пархімовіч, навучэнцы гандлёвага каледжа Таццяна Зелянко, Алеся Шымук, Аляксей Пліскоўскі, навучэнка педагагічнага каледжа № 1 Марына Шарамет, студэнтка політэхнічнай акадэміі Вікторыя Асаула, вучаніца 134-й мінскай школы Галіна Ждан, студэнтка эканамічнага універсітэта Вольга Мамкова, навучэнка каледжа мастацтваў імя І. Ахрэмчыка Аліна Мельнік, навучэнец гуманітарнага ліцэя імя Якуба Коласа Павел Белы. Людзі з рознымі інтарэсамі, яны спяшаюцца пасля заняткаў у касцёл, бо тут адчуваюць сябе патрэбнымі іншым, тут знаходзяць сяброўскую падтрымку. Іх вабяць цікавыя кантакты, магчымасць пазнаёміцца з культурным жыццём іншых парафій розных гарадоў Беларусі (удзельнікі хору пабывалі ў Полацку, Браславе, Жыровічах). Але найперш залатагорскія галасы яднаюць спевы падчас Святой Імшы. «Не кожны мае дар спяваць, і калі Бог узнагародзіў цябе такім талентам, то неабходна яго выкарыстаць на хвалу Пану Богу», — сцвярджае Ганна Зелянко, бухгалтар па прафесіі, якая спявае ў хоры ўжо 10 гадоў. З дня заснавання хору яго ўдзельніцай з’яўляецца Ірэна Голуб, бухгалтар камерцыйнага прадпрыемства, якую вабіць узвышаная атмасфера касцельных спеваў. «Прыгожыя і мілыя», — так характарызуе сваіх калег па хоры Ірэна Зварыка, навуковы супрацоўнік Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі. Яе захапляюць найвыдатнейшыя, з густам падабраныя музычныя творы, у тым ліку дзівосна прыгожыя народныя мелодыі. «Я адчула, што магчымасць спяваць у касцёле — гэта Божая ласка. Падчас спеваў мяне агортвае струмень Боскіх гукаў, якія вабяць сваёй таямнічасцю, асабліва калі на музыку пакладзены лацінскія тэксты», — гаворыць Ірэна.

Сапраўды, у багатым і разнастайным рэпертуары хору шмат складаных музычных твораў, выкананне якіх патрабуе высокага ўзроўню прафесійнага майстэрства. Сярод харыстаў-музыкантаў — Арына Арлоўская, студэнтка Акадэміі музыкі і кіраўнік дзіцячага парафіяльнага хору, Марына Каляда, канцэртмайстар і выкладчык музыкі 201-й мінскай школы, Сняжана Пацэвіч, настаўніца музычнай школы № 6. Побач з гэтымі таленавітымі людзьмі асаблівую адказнасць адчуваюць тыя, для каго музыка — не прафесія, а захапленне, якое прыносіць асалоду і душэўную гармонію. «Нельга займацца толькі чымсьці прагматычным. Трэба думаць пра карысць для душы», — упэўнены ўдзельнік хору Уладзімір Кандрусевіч, сябра Саюза мастакоў. З ім згаджаюцца бухгалтар Алена Пустабрыкава, супрацоўнік мытні Генадзь Манчынскі, студэнт універсітэта культуры Уладзімір Глускер, навучэнка інстытута прафесійнай адукацыі Ганна Анейчык, студэнтка медыцынскага універсітэта Марыя Емяльянчык, выпускніца БДУ Юлія Тамашэвіч. Усе яны — духоўна багатыя, шчодрыя на дабрыню, жыццярадасныя людзі, захопленыя яркай асобай кіраўніка хору, аспіранткі кафедры беларускай музыкі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Святланы Шэйпы, якая лічыць, што самае важнае для хору — пачуццё духоўнага яднання, шчырыя ўзаемаадносіны. «Толькі ў такой атмасферы можна ствараць. Толькі пры такіх умовах узнікае патэнцыял для развіцця», — упэўнена Святлана.

Імкненне да таго, каб харыстаў ядналі не толькі заняткі музыкай, але і духоўныя інтарэсы, — клопат Міколы Гракава, ганаровага сябра музычнага таварыства «Ліра», які наладжвае з удзельнікамі хору цікавыя духоўныя сустрэчы.

Сёння хору «Залатая Горка» ёсць чым ганарыцца. Нядаўна ўбачыў свет дыск «Святая ноч», дзе сабраны песні на Нараджэнне Хрыстова. Аўтарам ідэі гэтага праекту з’яўляецца Мікола Арцюхоў — адзін з залатагорскіх харыстаў.

Празрыстым ручайком цурчыць кожная мелодыя гэтага дыска, і загадкавая Музыка трымае ў сваіх пяшчотных далонях спакой і гармонію.

І голас голас гукае ў хоры,
І чуюць людзі, і бачаць зоры —
Імя Святое гучыць пачэсна:
У сэрцах — Езус, на вуснах —
песня.

Вольга Зелянко.