На пачатку красавіка ў віцебскім Мастацкім музеі адбыўся заключны этап гарадскога конкурсу дзіцячай творчасці «У радасці зямля», прысвечанага святу Уваскрэсення. Ініцыятарамі яго правядзення і арганізатарамі каторы год запар выступаюць урач абласной клінічнай бальніцы Людміла Ярмолава, дырэктар Цэнтра дзіцячай творчасці «Задзвінне» Зоя Гаршкова і парафія Маці Божай Салятынскай.

Ідэя правядзення конкурсу з’явілася ў парафіянкі Л. Ярмолавай у 2000 г., пасля таго, як у выставачнай зале «Задзвінне» з поспехам прайшла яе сумесная з дачкою Ядзяй выстава «Жыць Раством». Ініцыятыву мастачкі падтрымаў пробашч зусім маладой тады яшчэ парафіі Маці Божай Салятынскай кс. Анджэй Бочар. І вось без малога праз год гасціннае «Задзвінне» прапанавала залу юным вернікам для паказу працаў на тэму Божага Нараджэння. Цікавасць да выставы шырылася, і на Вялікдзень 2001 г. у ёй ужо брала ўдзел у паўтара раза больш дзяцей, чым у папярэдняй.

Цяперашні, пяты па ліку, конкурс выявіў адмысловую садружнасць музаў, бо праводзіўся па трох намінацыях: ужытковае мастацтва, выяўленчае мастацтва, літаратура. «Кожны мае свой талент, а талент — гэта дар Бога», — сказаў на адкрыцці свята адзін з членаў журы кс. Міхал Ермашкевіч.

Наогул, прадстаўнічаму журы, у склад якога, апроч віцебскіх святароў, увайшлі такія аўтарытэтныя асобы, як дацэнт кафедры жывапісу Віцебскага дзяржуніверсітэта Вячаслаў Шамшур, кіраўнік студыі «Задзвінне» Вольга Вінаградава, літаратуразнаўца Ірына Саматой, працы хапіла. Суперпрыз — вялікага плюшавага мядзведзя — атрымала Марыліта Вінаградава. Прыз глядацкіх сімпатый дастаўся Вользе Гаўрыленкавай. Дыпломамі і каштоўнымі падарункамі былі адзначаны творы выяўленчага і ўжытковага мастацтва Насці Пішчуловай, Леры Мацкевіч, Светы Лаўрэнавай, Ядзі Сіпайлы, Мікіты Авяр’янава, Веранікі Панкевіч, Каці Сініцкай, Машы Машковіч, Лены Грышчанкі. За літаратурныя творы былі ўзнагароджаныя Станіслаў Кірылаў, Алег Лялік. А вось такім цікавым вершам парадавала журы і шматлікіх гледачоў парафіянка парафіі св. Антонія Алеся Саматой:

Светлае свята — Вялікдзень,
Радасны, сонечны час.
Цепліцца ў кожным надзея:
Бог не пакіне нас.

Сэрцы і думкі людскія
Поўняцца чысцінёй.
Лепшыя падарункі —
Радасць, спагада, спакой.

Як жа у гэтым свеце
Войнаў, злачынстваў і слёз,
Выцерпеўшы пакуты,
З мёртвых паўстаў Хрыстос?

Гэта — святая падзея:
Сонца прамень не згас.
Цепліцца ў кожным надзея:
Бог не пакіне нас!

Своеасабліваю аздобаю конкурсу сталі спевы вядомага ў горадзе ансамбля «Жалейка» пад кіраўніцтвам Веры Козак і драматычная мініяцюра «Спакой вам!» у выкананні вучняў 5 «в» і 6 «б» класаў сярэдняй школы № 39. «Спакой пакідаю вам, спакой Мой даю вам!» — гучала ў гэты дзень пад высокімі скляпеннямі музея ў выкананні юных артыстаў. А яшчэ гучалі Laudate Dominum, Magnificat, Ubi caritas.

«Галоўнае, да чаго мы імкнуліся на конкурсе, — сказала, падводзячы яго вынікі,

Л. Ярмолава, — гэта выхаванне міласэрнасці, любові да бліжняга, беражлівага стаўлення да прыроды — усяго, што абуджае лепшае ў чалавеку і робіць яго сапраўдным Дзіцем Божым».

Мяркуючы па водгуках удзельнікаў свята, менавіта такім конкурс і атрымаўся. Для адных — чарговаю прыступкай у асэнсаваным далучэнні да Бога, для другіх — невычэрпнаю крыніцаю натхнення на спасціжэнне таго вечнага, што ёсць Ён, Бог, і Яго несмяротны прыклад у імя выратавання Чалавека.

Францішак Дубраўскі.
Фота Міхаіла Шмерлінга, сястры Ляоны.