Калі прыходзяць сябры...

Раней у Івана Іванавіча Клімічэнкі з Шуміліна было шмат сяброў, знаёмых. Дні ляцелі бесклапотна, незаўважна, і здавалася, што так будзе заўсёды. Але так трывала да таго часу, пакуль было здароўе. Калі ж яно здрадзіла Івану Іванавічу, пакінуўшы яго, адзінокага, у ложку, жыццё вельмі хутка страціла ранейшую прывабнасць. Бо чалавеку, чые дні і ночы працякаюць у ложку, трэба аднекуль браць сілы, каб не надламацца канчаткова. Тады і адчынілі дзверы яго жытла законніцы з ордэна сясцёр міласэрнасці святога Вінцэнта дэ Поль. Прыйшлі, каб пагаварыць, дапамагчы, падтрымаць. З таго часу яны і пасябравалі. Прынамсі, Іван Іванавіч у тэлефоннай размове прызнаўся мне, што вельмі любіць іх і рады кожнаму з’яўленню ў ягонай кватэры сясцёр Барбары, Ядвігі, Соф’і, бо тады ў ёй робіцца святлей.

Іван Клімічэнка не лічыць сябе вернікам, хоць і не адмаўляе веры ды светапогляду сваіх новых сяброў. Проста яму, выхаванаму савецкім часам, цяжка паверыць у Бога, прызнаць рэальнасцю тое, чаго не памацаеш рукамі ды не ўбачыш вачыма. Але, мабыць, галоўнае на сёння тое, што ён, каго напаткала жорсткая бяда, змог паверыць у дабрыню ды бескарыслівасць законніц, пра існаванне якіх да нядаўняга часу нават не падазраваў. Таму, хто ведае, ці не настане і для яго такі час, калі ён паверыць у любоў ды міласэрнасць не толькі добрых законніц, але таксама і ў Таго, Каму яны служаць.

Як ім дапамагчы паверыць?

Гэта, бадай, самае цяжкае — дапамагчы паверыць тым, каго жорстка пакрыўдзіў лёс. Як, напрыклад, пераканаць дзіця з галоднымі вачанятамі, чые бацькі праз гарэлку проста забываюць на яго існаванне, што яго... любіць Бог? Якімі словамі трэба казаць пра Божую любоў адзінокай бабульцы, калі яе дзеці даўно забыліся дарогу да хаты? Дзе знайсці патрэбныя аргументы, каб пераканаць маладую кабету, што вярнулася з турмы з вялікім ды суровым досведам аб людской жорсткасці, у тым, што трэба любіць бліжняга? Альбо як навучыць адзінокую маці, якая штодня стаіць перад выбарам, на што патраціць свае мізэрныя грошы — на бутэльку гарэлкі альбо на хлеб для дзяцей, — што нельга красці, нельга сведчыць фальшыва, нельга... А ім, пакрыўджаным, самотным, збяднелым і знявераным, часта здаецца, што ўсё можна: абы толькі як-небудзь перажыць гэты дзень ды забыцца, не памятаць, не рваць душу сваімі бедамі.

Як дапамагчы паверыць тым, хто, нібы ў вядомым творы Аляксея Горкага, апынуўся «на дне»? Ды вось жа загадка: аказваецца, ёсць на свеце людзі, якія не баяцца спусціцца, ступіць на гэтае дно бядоты й нэндзы! Не баяцца забрудзіцца, але адважна адчыняць дзверы той, найчасцей самотнай, занядбанай хаціны, каб нагадаць: не ўсё так блага й чорна ў гэтым свеце...

Закасаўшы рукавы

Калі сёстры Барбара, Ядвіга і Соф’я чарговы раз ідуць да тых, кім апякуюцца, то заўсёды бяруць з сабой фартухі і адзенне для працы. А праца тая найчасцей бывае самая чорная: прыбраць у хаце, памыць падлогу, часам схадзіць у краму па прадукты, насекчы дроў, прынесці вады, зварыць есці, памыць ды пераапрануць хворага, а потым — яго бялізну. Нібыта нянечкі-санітаркі ў бальніцах? Ды не, санітаркі ўсё ж атрымліваюць такія-сякія грошы — як кажуць, праца ў іх такая. А сёстры... Сёстры проста маюць такі харызмат — быць міласэрнымі, дапамагаць бедным, няшчасным, хворым, пакінутым, тым, каму найцяжэй.

«Як у кіно», — магчыма, скажа хтосьці. Ды не, не ў кіно, а ў Шуміліне, невялікім гарпасёлку на Віцебшчыне, дзе асаблівых сакрэтаў ад суседзяў не бывае, дзе гора ды шчасце навідавоку. Вось у гэтым Шуміліне і з’явіліся ад нядаўняга часу законніцы ордэна сясцёр міласэрнасці. З’явіліся, як і трэба законніцам, непрыкметна, не звяртаючы на сябе асаблівай увагі. Проста прыехалі ў нядаўна створаную парафію, каб служыць тут Пану Богу, дапамагаючы пробашчу ў катэхізацыі дзяцей і дарослых. Але апрача непасрэднай працы ў парафіі сёстры маюць абавязкі яшчэ і па рэалізацыі паклікання ў сваім ордэне: служба Богу праз клопат аб чалавеку, якому патрэбна дапамога, асабліва беднаму і адзінокаму. Нялёгкая і няпростая гэта служба, але такі ўжо кожная з іх абрала ордэн, які ад пачатку свайго заснавання паставіў перад сабой задачу дапамагаць тым, каму найцяжэй.

Крыху гісторыі: 1633 год, Францыя

Ордэн быў заснаваны ў Францыі святым Вінцэнтам дэ Поль і святой Людвікай дэ Марыяк. Краіна перажыла тады трыццацігадовую вайну, паўсюль панавалі гора й бядота, а сірочыя слёзы ды роспач раненых, бяздомных ужо мала каго краналі. Тады і ўзнік ордэн, сёстры якога былі пакліканыя не толькі да малітвы ў манаскім жыцці, але і браць на сябе цяжар дапамогі тым, хто быў у найбольшай бядоце. Гэта быў першы чынны законніцкі ордэн, дагэтуль жа законнікі адно маліліся ў сваіх кляштарах і іхняя дзейнасць сярод свецкіх ніяк не праяўлялася. Cёстры міласэрнасці сталі першымі, хто пайшоў да людзей. Яны адразу ўвайшлі ў іхнія найбалючэйшыя праблемы, прынялі частку гэтых праблемаў на сябе. Яны пачалі даглядаць хворых, самотных, пакінутых, катэхізавалі вязняў каралеўскіх галераў, апекавалі сіротаў, многія з якіх былі падкідышамі, знойдзенымі каля касцёлаў. Тагачасныя норавы выклікалі ў людзей агіду да падкідышаў, бо гэта былі «дзеці граху». З вялікім намаганнем Вінцэнт дэ Поль пераламаў гэтае стаўленне да ні ў чым непавінных дзяцей. Так у Францыі з’явіліся дзіцячыя прытулкі, у якіх таксама працавалі сёстры міласэрнасці.

І заўсёды разам з усёй гэтай працай сёстры неслі тым, да каго ішлі, слова пра Пана Бога. Яны вучылі дзяцей у прытулках чытаць ды пісаць па катэхізісах, а старых ды нямоглых рыхтавалі да годнага завяршэння жыццёвага шляху, да прыняцця святых сакрамантаў.

Вельмі хутка ордэн распаўсюдзіўся па ўсім свеце. Дарэчы, першай яго місіяй была Польшча, якая ў той час задыхалася ад вайны са шведамі, а сёлета ордэн адзначае ў Польшчы юбілей — 350 гадоў існавання на яе тэрыторыі. Дзесяць гадоў таму першыя прадстаўніцы ордэна з’явіліся і на Беларусі, у Брэсце. Сярод тых першых была і сястра Барбара, якая цяпер служыць у Шуміліне, а разам з ёю тут цяпер нясуць сваю нялёгкую службу сёстры Ядвіга ды Соф’я.

Верныя задуме заснавальнікаў

Задачы, якія ў 1633 годзе паставілі перад ордэнам Вінцэнты дэ Поль і Людвіка дэ Марыяк, сёстры рупліва выконваюць. І цяпер яны апякуюцца адзінокімі старымі, робячы ўсё магчымае, каб тыя адыходзілі з гэтага свету ў сваіх дамах, а не ў казённай пасцелі, і, вядома ж, паяднаўшыся з Богам...

Бабулі ды дзядулі на Беларусі неяк вельмі ж хутка паміраюць. Асабліва гэта заўважна па тым, як на вачах пусцеюць нашы вёскі, халоднымі вачніцамі зеўраць старыя хаты там, дзе яшчэ нядаўна ліпела жыццё. Сёстры ўжо нават за год службы ў Шуміліне, пераглядваючы свой альбом альбо сшыткі са спісамі тых, кім яны апякуюцца, усё часцей ды часцей узгадваюць тых, каго ўжо няма на гэтым свеце.

Старыя адыходзяць. Дзеці падрастаюць. І не ўсе з іх заўсёды маюць кавалак хлеба. Вядома, крыўдна і горка, але такая наша рэальнасць. І колькі б мы ні ўздыхалі, колькі б ні шукалі прычын ды вінаватых, ім, галодным і пакрыўджаным, ад гэтага ўсё роўна не перастане хацецца есці. Таму так і атрымліваецца: хтосьці бядуе, уздыхае, абураецца, а хтосьці адчыняе ім дзверы, пускае галоднага ў свой дом, каб накарміць, падзяліцца вопраткай. Нехта, магчыма, скажа: усіх не накорміш, не апранеш. Вядома. Але ўявім на хвілінку, што ролі памяняліся, і сыты тэарэтык апынуўся на месцы галоднага жабрака. Немагчыма ўявіць? Яшчэ як магчыма: віражы лёсаў бываюць такія пакручастыя!..

Але вернемся да сясцёр з Шуміліна. На кухні ў іх заўсёды ёсць пэўны запас стравы — на выпадак, калі ў дзверы пастукаецца галодны. І дзіўная рэч: не да ўсіх жа яны стукаюцца, не ва ўсіх просяць есці, а сюды кожны дзень хтосьці зазірае. Найчасцей — дзеці. У кагосьці маці дашчэнту спілася ды забылася на свой абавязак, у кагосьці быццам і не шмат п’е, але зарабляе столькі, што не хапае да зарплаты, а хтосьці забыўся, калі яна была, тая зарплата... Усіх, вядома, не накорміш, не апранеш, але калі нехта з гэтых пакрыўджаных ды знявераных весялейшымі вачыма зірне на свет і ў яго вачах з’явіцца пробліск надзеі, то, магчыма, хоць крышку паменее ў свеце зла.

Спагада множыць нахабства?

Вядома, бывае і такое: убогія ды галодныя, ведаючы, што нехта адгукнецца на іхнюю нэндзу, проста выкарыстоўваюць гэтую дабрыню. Цяпер шмат можна пачуць, што жабракі ды бяздомныя проста злоўжываюць нашай дабрынёю. Што яны п’юць гарэлку за тыя рублі, якім мы кідаем у іх шапкі, што яны маглі б жыць лепш за нас — столькі за дзень заробяць, выпрошваючы той рубель. І да таго можна дагаварыцца, што мы ледзьве не бяднейшыя за іх, і што гэта нам трэба спачуваць, а не ім.

Вядома, душу кожнага жабрака не прапусціш цераз рэнтген, але ў іх жа ёсць... вочы! І калі чалавек сапраўды галодны, няшчасны, беспрытульны, ягоныя вочы скажуць самі за яго. Толькі б хапала ў нас жадання час ад часу зазіраць у тыя галодныя, самотныя вочы.

А ў сясцёр міласэрнасці ўсё яшчэ прасцей. Вінцэнты дэ Поль, засноўваючы ордэн, папярэджваў, прасіў іх быць гатовымі да таго, што хтосьці на дабро адкажа ім злом. Дык і было, што і абзывалі іх, і дражнілі, а нейкі галернік, лязгаючы ланцугом вязня, мог і міскай з варывам шпурнуць у твар той, якая прынесла яму паесці. Тыя, каго бясконца крыўдзяць ды прыніжаюць, не заўсёды здольныя адрозніць дабро ад зла. І роспач іхняя праяўляецца часам зусім нечакана. Сёстры Барбара, Ядвіга і Соф’я таксама заўсёды гатовыя да людской няўдзячнасці — яны ведалі, на што ідуць. Таму на маё пытанне, ці вельмі ім цяжка, сястра Барбара таксама спытала:

— А дзе лёгка?

Потым крыху падумала і з роздумам дадала:

— Вядома, нас часам і ашукваюць, і злоўжываюць дабрынёй. Гэта напачатку. Потым усё распазнаецца. Але і тады мы не маем права адвярнуцца ад іх, бо гэта ж нашы браты і сёстры. Яны і надалей застаюцца нашымі сябрамі, адно што мы даем ім зразумець, што бачым ашуканства. Найчасцей такое стаўленне абуджае ў людзей сумленне.

Дзе браць сілы?

Яны шмат моляцца. Вельмі шмат. Прызналіся мне, што моляцца нават больш, чым патрабуюць таго правілы ордэна. Асабліва тут, у Шуміліне, дзе так шмат балючых людскіх праблем і так шмат трэба сэрца, каб мець сілы ісці насустрач тым праблемам. Тым больш, што для сясцёр няма розніцы, каму дапамагаць — католікам, праваслаўным альбо бязбожнікам. Яны адгукаюцца на бяду кожнага чалавека, кожнага, каму ў гэтую хвіліну вельмі цяжка. Дык дзе браць для гэтага сілы?

Кожнага дня з раніцы ў сясцёр дзве гадзіны адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту, дзве гадзіны трывання пры Тым, Хто не цураўся людской бядоты, хваробы, Хто не баяўся людской праказы і, ратуючы людзей з бяды, не чакаў ад іх удзячнасці. Пасля двухгадзіннага трывання пры Езусе пачуеш у сабе такія сілы, што і надалей, нягледзячы на людскую жорсткасць, няўдзячнасць, злосць, гатовы ісці да іх. Цябе нібы асвятляе нейкае надпрыроднае святло, і ты больш не губляешся, не паліш свае нервы, бо проста ведаеш, куды, да каго павінна сёння ісці, што казаць. Пан Бог дае гэтае святло. Толькі трэба ўмець яго прыняць. Словам, святы Вінцэнты дэ Поль нібы знарок для іх, хто цяпер працуе ў Шуміліне, сказаў у свой час: «Калі хочаш зрабіць нейкую добрую справу, трэба заўсёды пытацца ў Божага Сына: «Пане, калі б Ты быў на маім месцы, то што зрабіў бы Ты ў гэтай сітуацыі?»

А яшчэ сёстры перакананы, што ім пашанцавала, бо яны знаходзяць поўнае разуменне ў пробашча парафіі Крыштафа Барадзея і ксяндза Гжэгажа Ваўжыняка, якія належаць да закону місіянераў аблатаў Беззаганнай Марыі. У айцоў Крыштафа і Гжэгажа сёстры атрымліваюць маральную і духоўную падтрымку для сваёй нялёгкай службы. Духоўная супольнасць гэтых двух законнікаў і трох законніц у Шуміліне сапраўды вельмі прыгожая. А яшчэ іх моцна аб’ядноўвае надзвычай цікавая праца па катэхізацыі дзяцей і дарослых. Ды гэта ўжо тэма іншай, не менш важнай гаворкі, якая, спадзяюся, неўзабаве адбудзецца на старонках «Ave Maria».

Ірына Жарнасек.