Год таму ксёндз Чэслаў Куцмеж, пробашч касцёла Узвышэння Святога Крыжа ў Шаркоўшчыне, прапанаваў некалькім сем’ям, якія часта бывалі на Святой Імшы, стварыць кола хатняга касцёла. Мала хто ўяўляў, што гэта такое, ці патрэбнае ім і якіх абавязкаў запатрабуе, але быў давер да пробашча, які імкнуўся зрабіць жыццё парафіі цікавейшым, а веру сваіх парафіянаў — глыбейшай. На сустрэчу з мужам і жонкай Карпушавымі з Паставаў, якія з’яўляюцца аніматарамі руху хатняга касцёла ў Віцебскай дыяцэзіі, прыйшло даволі шмат людзей. Праўда, калі прагучала канкрэтная прапанова заснаваць кола хатняга касцёла і ў шаркоўшчынскай парафіі, ахвотнікаў было ўжо значна менш: напачатку ўсяго пяць сем’яў, потым далучыліся яшчэ дзве.

Што аб’ядноўвае гэтых людзей? Найперш, жаданне глыбей запоўніць Хрыстом сваё жыццё, яго будні і святы. Існаванне кола хатняга касцёла ў парафіі — не самамэта, але імкненне паглыбіць веру і надзею на тое, што саюз кожнай з гэтых сем’яў, якія блаславіў Пан Бог, будзе трывалым, напоўненым духоўным зместам, бо менавіта ў гэтым і ёсць сэнс руху хатняга касцёла, пакліканага стаяць на ахове сям’і, яе трываласці і маральнасці.

Так задумана і так ёсць, што чужога шчасця і чужой бяды ў тых, хто ўваходзіць у кола хатняга касцёла, проста не бывае. І калі, да прыкладу, у Ганны Рыкун захварэў муж Уладзімір, то сябры разам з Ганнай і маліліся за яго здароўе, і, вядома, цярпліва чакалі яго вяртання дахаты. А калі ў Кацярыны Старавойтавай хварэюць дзеці, сябры адразу ж гатовыя падтрымаць маладых маму з татам парадай, малітвай, канкрэтнай дапамогай.

Уменне бачыць лепшае ў чалавеку — нялёгкая навука, але патрэбная. У кагосьці пахіснулася вера, і чалавек пачаў радзей бываць у касцёле. Як на гэта рэагаваць? Таксама патрабуецца шмат мудрасці ды цярплівасці. І абавязкова — малітвы, супольнай малітвы за кожнага, хто перажывае нейкі крызіс, каму асабліва патрэбная падтрымка Неба.

Сістэматычныя сустрэчы ў коле хатняга касцёла вучаць многаму. Адным яны дапамаглі зразумець сужонка, другім — вырашыць нейкія праблемы па выхаванні дзяцей, трэцім дапамаглі з надзеяй і верай паглядзець у будучыню. Чэслаў Выжыкоўскі лічыць, што хатні касцёл вучыць прабачаць людзям, разумець таго, хто жыве побач, імкнуцца стаць на ягонае месца, каб убачыць свет ягонымі вачыма, а гэта вельмі важна ў сямейных адносінах. Галіна Янушонак прызналася: хатні касцёл дапамагае жыць. І ўсе прысутныя на той нашай агульнай размове адразу з ёй згадзіліся.

Вось здавалася б: сабраліся ў гэтым коле хатняга касцёла людзі розных узростаў, заняткаў, рознага ўзроўню дабрабыту, захапленняў, інтарэсаў, але ўсе гэтыя адрозненні перамагла вера. Гэта яна здолела аб’яднаць іх, зрабіць роднымі не па крыві, а па духу. Магчыма, іншыя парафіяне часам дзівяцца: чаму гэтыя людзі ніяк не могуць нагаварыцца, што яны там усё так абмяркоўваюць? На першы погляд, сапраўды дзіўна, калі людзі, якія яшчэ нядаўна пры сустрэчы толькі ківалі адзін аднаму галовамі, цяпер гатовыя ісці адзін да аднаго на першы кліч ці то аб дапамозе, ці дзеля таго, каб раздзяліць нейкія прыемныя хвіліны.

А для дзяцей хатні касцёл таксама радасць. І немалая. Бо таты, раней такія суровыя ды нешматслоўныя, на агульных святах неспадзявана пачалі сыпаць жартамі, а то і гуляць у смешныя, вясёлыя гульні. А ў мамаў нечакана прарэзаўся акцёрскі талент, ды і таты не хочуць саступаць ім на падмостках самадзейнага тэатра. Ну а зімовыя «андрэйкі» — гэта ўвогуле цуд: столькі смеху, радасці, выдумкі!

За цікавае, напоўненае духоўным зместам жыццё ўдзельнікі кола хатняга касцёла ўдзячныя свайму пробашчу Чэславу Куцмежу. Бо ён не толькі арганізаваў іхняе кола, але і духоўна кіруе ягоным існаваннем. І таму супольнае чытанне Евангелля прыносіць не толькі веды, але і роздум над сучаснасцю, погляд на яе праз прызму Божага слова, навучання каталіцкага Касцёла.

Не для ўсіх іх быў лёгкім працэс навяртання да Бога. Хтосьці хадзіў у касцёл змалку, а для кагосьці шлях да Бога дапамог знайсці менавіта хатні касцёл. Цяпер Таццяна і Аляксандр Зялёнкі з гумарам прыгадваюць той час, калі Аляксандр з насцярогай прыглядваўся да таго жыцця, якім жыла ягоная жонка ў касцёле, а пасля каляднага наведвання іхняга дому ксяндзом Чэславам нібыта нейкая заслона спала з вачэй і, перажыўшы ў сарамяжлівым хваляванні той візіт, Аляксандр разам з Таццянай стаў актыўным парафіянінам.

Магчыма, у нейкіх парафіях рух хатняга касцёла прынёс больш значны плён, чым у Шаркоўшчыне. Але на прыкладзе гэтай парафіі можна ўбачыць, як гэты рух на вачах змяняе людзей да лепшага, робіць іх жыццё цікавым, змястоўным, а галоўнае — дапамагае паглыбіць веру.

Ірэна Задарожная.