Урачыстасць у Шчучыне

12 мая, напярэдадні ўспаміну Маці Божай Фацімскай, у шчучынскім касцёле айцоў піяраў пад тытулам св. Тэрэсы ад Дзіцяці Езуса адбылася вялікая ўрачыстасць. Два прадстаўнікі гэтага закону — выпускнікі семінарыі айцоў піяраў у Кракаве — Андрэй Агель і Віталій Сярко атрымалі з рук гродзенскага ардынарыя кс. біскупа Аляксандра Кашкевіча сакрамант святарства, а клерык гэтай жа семінарыі Віталь Цыбульскі — паслугу дыяканату. Урачыстасць невыпадкова супала са святам Маці Божай Фацімскай — у шчучынскім касцёле знаходзіцца санктурый Маці Божай Фацімскай, які ў 1990 г. заснаваў пробашч кс. Казімір Вуцяк. Акрамя таго, маладыя кс. піяры атрымалі свае пасвячэнні ў юбілейны год — восенню спаўняецца 285 гадоў знаходжання прадстаўнікоў гэтага закону на Беларусі. Заснавальнік закону — св. Юзаф Каласанты — вылучаўся вялікім шанаваннем Найсвяцейшай Марыі Панны. Яшчэ пры ягоным жыцці піяры прыехалі ў Вялікае Княства Літоўскае і заснавалі шмат школаў, дзе давалі дзецям усебаковую адукацыю, рэлігійную і агульную. Шчучынская парафія пераняла і працягвае традыцыі піярскай калегіі, якая паўстала тут у 1718 г. У 1832 г. яна была зачынена, але ў 1927 г. аднавіла сваю працу і працягвала яе да другой сусветнай вайны. Пасля таго як у 1962 г. з парафіі забралі апошняга піяра, касцёл зачынілі і аддалі вернікам толькі ў 1988 г. у моцна пашкоджаным стане. Намаганнямі пробашча кс. Казіміра і парафіянаў будынак касцёла і былой калегіі адноўлены, і сёння парафія мае багатае рэлігійнае жыццё.

На ўрачыстасці прысутнічала каталіцкае духавенства з Беларусі і Польшчы, у тым ліку — правінцыял закону айцоў піяраў кс. Тадэвуш Суслік, які прадстаўляў кандыдатаў да святарства і дыяканату біскупу Аляксандру Кашкевічу. Св. Імша, якую цэлебраваў біскуп Аляксандр Кашкевіч, завяршылася працэсіяй з фігурай Маці Божай Фацімскай вакол касцёла. У працэсіі парафіяне неслі запаленыя свечкі.

А. П.

Новая святыня

Дзень 24 мая назаўсёды ўвойдзе ў гісторыю вёскі Цэнтральная, што на поўнач ад горада Іўе Гродзенскай вобласці. Бо менавіта ў гэты дзень тут адбылося асвячэнне капліцы пад тытулам Узвышэння Святога Крыжа – першай рыма-каталіцкай святыні ў гісторыі вёскі.

А гісторыя гэтых мясцінаў пачыналася з далёкіх часоў. Калісьці тут быў панскі маёнтак Галімшчына, а за рэчкай Гаўя размяшчалася вёска з такой жа назвай. І двор, і сяляне з’яўляліся парафіянамі касцёла св. Казіміра ў Ліпнішках, заснаванага яшчэ ў 1510 г. каралём Сігізмундам. Туды, у Ліпнішкі, за 7 км ездзіў мясцовы люд на вяселлі і хрэсьбіны, хадзілі ўрачыстымі працэсіямі на святы. Таксама можна было наведваць капліцы ў Зыгмунцішках і Урцішках, што былі крыху бліжэй за цэнтр парафіі.

Аднак гісторыя 2-й паловы ХХ ст. перапыніла звыклы ход каталіцкага жыцця ліпнішскай парафіі – капліцы былі альбо знішчаны, альбо зачынены, працэсіі забароненыя, сакраманты здзяйсняліся патаемна, як, урэшце, і па ўсёй краіне. Толькі касцёл цудам застаўся дзейнічаць.

Але хрысціянская вера ўжо каторы раз ў гісторыі чалавецтва зноў выстаяла і перамагла сваіх ганіцеляў. Нармальнае жыццё парафіянаў зноўку стала вяртацца і ў гэтыя мясціны. І хоць за дзесяцігоддзі атэістычнага ліхалецця тут не засталося і следу ад былой сядзібы, ды і сам маёнтак атрымаў новую назву – Цэнтральная (вёска Галімшчына гістарычную назву захавала), зямля забудавалася новымі дамамі і сучаснымі катэджамі. Разам з тым тут яшчэ шмат і людзей сталага веку, якія памятаюць даатэістычныя часы, і, што самае галоўнае, шмат дзяцей і моладзі, якія і не падазраюць, якое яно – жыццё верніка.

І ў першую чаргу для іх, якія вырастуць і стануць будучыняй Цэнтральнай, і была пабудаваная капліца. У святыні будуць адбывацца рэгулярныя набажэнствы па выходных і святочных днях, як гэта было ў апошнія гады, калі вернікі збіраліся ў мясцовым клубе, дзе часова арандавалі памяшканне. Таксама, як і раней, абслугоўваць капліцу будуць ксяндзы капуцыны з Ліпнішак на чале з пробашчам айцом Крыштафам Грошыкам. Менавіта а. Крыштаф дапамог мясцовым жыхарам здзейсніць іх даўнішнюю мару мець сваю ўласную каталіцкую святыню. З цягам часу плануецца пабудаваць яшчэ і цэнтр катэхізацыі, пакуль жа яго функцыю будзе выконваць зала самой капліцы. Асноўныя сродкі на будаўніцтва (па праекце мінскага архітэктара А. Яроменкі) выдзяліў мясцовы жыхар і прадпрымальнік Франц Віктаравіч Бяроза — цяпер ён мае ганаровы тытул фундатара капліцы. Дапамагалі яму сіламі і сродкамі практычна ўсе каталікі супольнасці. Стараліся так, што ўсяго за адзін год будаўніцтва было завершана.

Капліцу пабудавалі ў маляўнічым зялёным гаі пры ўездзе ў вёску і арыентавалі алтар так, што падчас набажэнства промні сонца праз крыжападобнае акно з Укрыжаваннем над прэзбітэрыем быццам благаслаўляюць сабраных...

І вось надышло 24 мая. Капліца, якая яшчэ пахла фарбай і лакам, чакала свайго асвячэння, а ўся парафія рыхтавалася да прыезду гродзенскага біскупа Аляксандра Кашкевіча. Дарогі ў Цэнтральную ўжо ад трасы былі ўпрыгожаныя каляровымі стужкамі і сцяжкамі, па старажытнай мясцовай традыцыі тарцы дамоў ўпрыгожыліся дыванамі з выявамі абразоў. У самой капліцы сабралася больш за тысячу вернікаў з Цэнтральнай і навакольных вёсак, былі госці і з Мінска, Гродна, Іўя, але асабліва радавала вялікая колькасць дзяцей і моладзі. Хоць сама капліца разлічана на 85 месцаў для сядзення, сонечныя промні ад Крыжа над алтаром асвятлілі больш за 300 вернікаў, якія здолелі ўвачавідку бачыць асвячэнне сваёй капліцы, а для тых, хто застаўся на вуліцы, былі ўстаноўленыя гучнагаварыцелі.

«Пад тытулам Узвышэння Святога Крыжа асвечаная гэта капліца», – урачыста аб’явіў Яго Эксцэленцыя біскуп Аляксандр Кашкевіч.

Аляксей Яроменка.
Фота аўтара.