З якога боку ні пад’язджай да Солаў, першае, што кідаецца ў вочы здалечыні, — дзве вежы касцёла. Адна з іх, вышэйшая, належыць званіцы, другая прыўзнімаецца над ружова-карычневай чарапіцай даху. З вялікай адлегласці тутэйшая святыня бачная ўсім, хто імчыць па старажытнай, сёння абноўленай, шасэйцы Маладзечна—Смаргонь—Ашмяны-Вільня. Сумысля ці выпадкова, але яна заўсёды нагадвала і нагадвае заклапочаным буднімі справамі падарожнікам пра Бога, веру, пра вечнасць. Відаць, усе нашы храмы — гэта не толькі Дамы Божыя, дзе гучаць малітвы, песні, дзе адбываецца Эўхарыстыя і адпускаюцца грахі, — гэта яшчэ і лёсаносныя сімвалы нашага жыццёвага руху, неабходныя «дарожныя знакі» на шляху да вечнасці. Светлыя сілуэты касцёлаў Беларусі гарманічна зліваюцца з краявідамі, робяць іх як бы завершанымі, надаюць прасторы найвышэйшы сэнс...

Калі я знаёміўся з гісторыяй сольскага касцёла, яго шматразовага руйнавання і няспыннага аднаўлення, мяне ўпарта не пакідала думка: не, нельга знішчыць слова Божае, праўду Хрыстову, нікому не ўдасца дарэшты разбурыць будынак, дзе гэта праўда хоча гучаць, — ён нараджаецца нанава, і ні войны, ні пажары, ні д’ябальскія рукі ваяўнічых атэістаў таму не перашкода.

Сольская парафія была зарэгістраваная яшчэ ў канцы ХVІ стагоддзя. Будаўніцтва драўлянага касцёла вялося пры фундатарстве Гальшкі Радзівіл, жонкі ваяводы віленскага. У 1656 г. касцёл быў спалены маскоўскім войскам падчас ваенных дзеянняў супраць Рэчы Паспалітай, у якую ўваходзіла Вялікае Княства Літоўскае. У часе гэтай вайны, як вядома, страшэнна нішчыліся каталіцкія святыні.

Калі распачалася Паўночная вайна, сольскі касцёл быў зноў спалены, на гэты раз шведамі. Святыню аднавілі, але ў 1812 г. яе спаліў атрад рускага войска, што адступала пад націскам французаў. Аднак і гэта быў не апошні попел. У 1915 г., у пару першай сусветнай вайны, сольскі касцёл разам з усёй яго культавай маёмасцю спалілі казакі... Сёння проста дзіву даешся з гэтай незразумелай упартасці ўсходніх праваслаўных ваяроў нішчыць каталіцкія святыні, якія тым жа казакам роднасныя па духу. Той непрыхаваны беспрычынны вандалізм быў звычайным святатацтвам, богаадступніцтвам, якое адпрэчвала яго ўдзельнікаў ад хрысціянства.

Пэўны час сольскія парафіяне не мелі сталага месца для набажэнстваў. Праўда, Імша правілася ў суседняй вёсцы Івашкаўцы ў невялічкім драўляным касцёльчыку, які ўзнік пры тутэйшай капліцы.

Будаўніцтва новага касцёла з каменя і цэглы распачалося ў 1926 г. Вуглавы камень будучай святыні быў асвечаны 24 чэрвеня 1928 г. ксяндзом-канонікам Каралем Любянцом. Узвядзенне касцёла ішло пад кіраўніцтвам інжынера Адама Дубановіча пры ўдзеле ксяндза-пробашча Уладзіслава Курпіса-Гарбоўскага, фундатара Баніфацыя Трахневіча, а таксама Юзафа Захарэўскага. Гэта была сапраўды «ўсенародная будоўля», бо практычна ўсе жыхары Солаў і навакольных вёсак бралі ўдзел у будаўніцтве касцёла і мелі вялікую радасць з той калектыўнай працы.

Будаўніцтва святыні было завершана ў 1934 г. Яе архітэктурны стыль лічыцца эклектычным, хоць і пераважаюць у ім элементы барока. У касцёле былі абсталяваны тры алтары: галоўны — Маці Божай Ружанцовай, алтар Маці Божай Вастрабрамскай і алтар Сэрца Пана Езуса. Паколькі касцёл мае тытул Маці Божай Ружанцовай, усе яго роспісы звязаны з Марыйнай тэмай, а зрабіў іх выдатны беларускі мастак, таленавіты майстра манументальнага жывапісу Пётра Сергіевіч. Роспісы прэзбітэрыя, сцен, купала робяць вялікае ўражанне на ўсіх, хто пераступае парог святыні (згадаю, што роспісам сольскага і жодзішскага касцёлаў быў прысвечаны артыкул Вольгі Бажэнавай, змешчаны ў № 1 часопіса «Наша вера» за 2001 год, дзе аўтарка трапна назвала роспісы сольскага касцёла «музеем творчасці Сергіевіча»; хачу толькі назваць яшчэ імя мастака Фелікса Табера, які дапамагаў Пётру Сергіевічу ў афармленні касцёла: маляваў арнаменты).

Дарэчы, у даволі сталым узросце Пётра Сергіевіч наведваў сольскі касцёл. Мастак усхвалявана глядзеў на сцены, якія выразна сведчылі пра яго колішняе натхненне і напружаную працу. Ён доўга маўчаў, а ў вачах былі і радасць, і смутак. Ён шкадаваў, што ўжо няма сілы зноўку ўзяцца за работу, каб усё паднавіць і асвяжыць...

Шалёныя вятры атэізму, якія падзьмулі з прыходам бальшавіцкай улады ў Заходнюю Беларусь, закранулі і сольскі касцёл, які ўжо стаў надзейным месцам духоўнага жыцця парафіянаў. Ксёндз Вацлаў Бэкіш, які ацалеў падчас даваеннага атэістычнага пераследу і фашысцкага рэжыму, быў у 1949 г. арыштаваны і высланы. Чатыры гады касцёл не меў пробашча, але па нядзелях і святах людзі наведвалі святыню і маліліся самастойна. Спроба тутэйшых уладаў зачыніць касцёл і прыстасаваць яго пад збожжасховішча не ўдалася. Калі аднойчы прадстаўнік Смаргонскага райвыканкама, прыехаўшы ў Солы, выклікаў да сябе вартаўніка касцёла Юзафа Янцэвіча і загадаў яму аддаць касцёльныя ключы, палохаючы расстрэлам, той рашуча адказаў: «Ну і страляйце!».

Відавочна, што актыўная пазіцыя большасці насельніцтва ў адстойванні свайго святога права верыць у Бога і хадзіць у касцёл часам спыняла ўлады ў іх нахабным парыве нішчыць веру. Там, дзе з боку парафіянаў праяўляліся цвёрдасць і смеласць, улады адступалі, бо не хацелі шырокага розгаласу з прычыны «ідэалагічных сутычак».

Добрую памяць у сэрцах парафіянаў пакінуў ксёндз Уладзіслаў Матуліс, які працаваў пробашчам у Солах 15 гадоў. Ён быў вельмі далікатны, сардэчны, уважлівы да патрэбаў і клопатаў вернікаў, сяк-так ладзіў з раённым і сельсавецкім начальствам.

Пасля яго пастырскую місію ў касцёле прадоўжыў ксёндз Юзаф Мадсангер, які пераехаў у 1969 г. з Краснага. У першую ж нядзелю перад Імшой ён наказаў па даўнейшай звычцы званіць у званы, каб такім чынам склікаць людзей на набажэнства. Звон быў строга забаронены, і таму смелы і «дзёрзкі» жэст новага пробашча ўзрадаваў людзей. Мясцовыя пастухі ад улады абурыліся і пад пагрозай суровых санкцый забаранілі званіць. Але айцец Мадсангер усё ж выйшаў пераможцам у іншай справе. Ён упершыню абсталяваў у касцёле мікрафон, і як ні стараліся прыспешнікі атэізму ліквідаваць яго, у іх нічога не атрымалася. З прадстаўнікамі ўладаў ксёндз заўсёды трымаўся годна і нікому не дазваляў сябе прынізіць ці зняважыць. Калі аднойчы ў сельсавеце ён у чарговы раз спакойна, абгрунтавана адпрэчыў прэтэнзіі кагосьці з начальства і пачуў у адказ рэзкае «вон!», то з ветлівай усмешкай запытаўся: «Няўжо вы не бачыце, што перад вамі чалавек, а не сабака?»

Як вядома, 1960-я і 1970-я гады вызначаліся незвычайным наступам на хрысціянскую веру ў Беларусі, асабліва на каталіцызм. Камуністычная ідэалогія прагнула поўнага трыумфу, а ён, гэты трыумф, ніяк не прыходзіў. Усялякія правіны, непаслушэнства святара цягнулі за сабой пагрозу закрыцця касцёла. Прычыны фармуляваліся самыя розныя: несвоечасова выплачаныя падаткі ці страхоўка (а яны былі празмерна вялікія), і асабліва караліся «правіны» ідэалагічнага кшталту — наведванне касцёла дзецьмі. Трубадуры камунізму вайну за іх душы ў Заходняй Беларусі так і не выйгралі: дзеці з рэлігійных сем’яў, паслухмяныя бацькам і Богу, як хадзілі на набажэнствы, так і працягвалі хадзіць. Хочацца ўспомніць добрым словам усіх тых самаахвярных парафіянаў, хто не прамяняў касцёл на залаты медаль, які маглі атрымаць па заканчэнні школы іх разумныя дочкі і сыны, але так і не атрымалі — былі пакараныя зніжэннем адзнак на выпускных экзаменах...

Сапраўднае адраджэнне веры настала ў канцы 1980-х гадоў. Гэта тычыцца, вядома, і сольскага касцёла. З Польшчы сюды пачалі прыязджаць маладыя ксяндзы, манахіні, якія сталі праводзіць актыўную катэхізацыю дзяцей і моладзі. Душпастырская дзейнасць не абмяжоўвалася сценамі касцёла, дзе, дарэчы, наладжваліся цікавыя гутаркі, сустрэчы з моладдзю суседніх парафій, ранішнікі, конкурсы, выступленні прыезджых ансамбляў. Айцец Бярнард, напрыклад, вельмі заахвоціў хлопцаў хадзіць у касцёл тым, што пачаў арганізоўваць футбольныя сустрэчы і асабіста ўдзельнічаў у іх у якасці палявога іграка ці галкіпера. Тым самым касцёл рабіўся больш дэмакратычным і сучасным. Вельмі любілі дзеці айца Казіміра, як і айца Бярнарда. За пару гадоў душпастырскага паслугавання ў парафіі айцец Казімір зрабіў сапраўды тытанічную працу па аднаўленні касцёла. Было праведзена ацяпленне, замест цэментавага долу пакладзены прыгожы мармур. На гэта патрабаваліся грошы, і айцец Казімір нястомна шукаў іх — у Польшчы, Італіі. Ім жа была спланавана мадэрнізацыя ўнутранага афармлення касцёла, але маладога ксяндза перавялі ў іншую парафію.

Цяпер пробашчам сольскага касцёла працуе ксёндз Леанард Станкоўскі. Родам ён з Ашмянскага раёна. Душпастырскую дзейнасць пачынаў у савецкі час, таму добра ведае, як жыў, ці лепей сказаць, выжываў каталіцкі Касцёл ва ўмовах атэістычнага гнёту. Высокі аўтарытэт духоўнага лідэра сярод тутэйшага насельніцтва айцец Леанард набыў адданым служэннем хрысціянскай маралі, выхаваннем якой сёння, апрача Касцёла, ніхто грунтоўна не займаецца.

Айцец Леанард упэўнены, што дэманічны тэлеэкран — адна з галоўных прычын дэградацыі чалавечай душы. На маё пытанне, чаму ўсё-ткі мала моладзі ў касцёле, айцец Леанард разважліва адказаў: «Змусіць сябе пайсці ў касцёл для маладога хлопца ці дзяўчыны — гэта валявы ўчынак, пэўная фізічная і псіхалагічная нагрузка. Удзел у набажэнстве патрабуе значных душэўных высілкаў. Нашмат прасцей у выхадныя дні, лежачы на канапе, уключыць тэлевізар і акунуцца ў шматлікія забаўляльныя праграмы, якія нічога ад цябе не патрабуюць. Усе гэтыя баевікі, розныя тэле-шоу не сілкуюць розум і душу, а толькі цешаць цёмныя чалавечыя інстынкты. Тое, што моладзь часам пасіўная ў дачыненні да касцёла, — гэта ў першую чаргу недагляд, нядбайнасць бацькоў. Бо там, дзе бацькі самі пабожныя, дзе іх сямейны аўтарытэт высокі, ніякіх праблем з наведваннем касцёла дзецьмі, у тым ліку і дарослымі, не ўзнікае».

Пробашч сольскага касцёла вельмі заклапочаны такой пачварнай з’явай нашага часу, як п’янства, якое неўпрыкмет набыло характар сапраўднай эпідэміі, губячы людзей фізічна і маральна. Гэта балючая тэма гучыць у касцёле пастаянна, і вырашаецца яна не толькі ў форме ўшчуванняў ці добрых пажаданняў, але і праз сур’ёзныя размовы, асабліва падчас калядавання. Айцец Леанард не менш занепакоены і такой недарэчнасцю сярод хрысціянскага люду, як праца ў нядзелю і святы. Святар не раз усхвалявана ўсклікае падчас казання: «Калі ж мы, урэшце, выбавімся ад камунізму? Як можна свядома парушаць адну з галоўных Божых запаведзяў?»

Працоўны дзень пробашча, як і яго памочніка айца Аляксандра, запоўнены да краёў. Святая Літургія, шлюбы, пахаванні, наведванне хворых і нямоглых у блізкіх і далёкіх вёсках... Айцец Леанард шчыра прызнаецца: «Як яны, гэтыя бабулькі і дзядкі, радуюцца, калі ступіш на іхні парог. Адзінокія, пакінутыя, часам ужо нікому не патрэбныя, яны са слязьмі радасці сустракаюць ксяндза, каб паспавядацца, расказаць пра сваё жыццё. Для іх гэта вялікае шчасце».

Пробашчу хапае і іншага клопату. Абсталявана новая плябанія, зроблена складское памяшканне, плануецца ўзвесці будынак, што стане рэлігійным цэнтрам для дзяцей і моладзі, якім пакуль што няма дзе збірацца. А яшчэ — няспынны рамонт святыні, знешняе і ўнутранае абнаўленне, нарыхтоўка паліва для кацельні...

Калі я завёў гаворку адносна моўнай сітуацыі ў касцёле, айцец Леанард памаўчаў, падумаў і, ціха ўздыхнуўшы, сказаў: «Хто яго ведае, які варыянт лепшы. Старэйшыя людзі ў прынцыпе жадаюць чуць польскую мову, хоць беларуская ці руская ў іх не выклікаюць недаверу — яны для іх звыклыя. Мае маладыя ксяндзы, выпускнікі Гродзенскай семінарыі, на ранішняй Імшы зрэдку гавораць казанні па-руску, але ў асноўным — па-беларуску. Сама Імша — польскамоўная. Напэўна, пакуль што павінен быць кампрамісны варыянт».

Гаворачы пра сольскі касцёл, не магу не сказаць пра арганіста Станіслава Чарнушэвіча, які амаль 50 гадоў штодзённа падымаецца па крутой лесвіцы наверх, туды, дзе стаіць арган, набыты яшчэ да вайны. Праўда, цяпер арган не працуе (патрэбны рамонт) і касцёльныя спевы суправаджаюцца музыкай фісгармоніі. Станіслаў Станіслававіч паяднаў свой лёс, усё сваё жыццё малітоўнай мелодыяй з касцёлам, якому аддаў сілы, здольнасці, душэўныя парывы. Вядома, яму ўжо цяжкавата выконваць свае абавязкі, але замены пакуль што няма — не так проста завабіць прафесійнага арганіста ў звычайнае мястэчка. Хочацца пажадаць шаноўнаму Станіславу Чарнушэвічу трывалага здароўя і добрага настрою...

Пакідаючы сольскую святыню, я яшчэ раз прыпыніўся каля брамы і ў каторы раз падумаў: «Нельга Касцёл ні знішчыць, ні зняважыць, ні занядбаць. Ён вырасце зноў і зноў, уздымецца з попелу, святатацтва, з часовага зацьмення чалавечых душ. Бо ён — святое месца нашых сустрэч з Езусам Хрыстом і Маці Божай, бо ён — прыцягальны і велічны куток шчырай размовы з Богам, дзе мы атрымліваем абяцанне шчаслівай вечнасці, без якой наша жыццё пустое і марнае».

Мар'ян Дукса
Фота М. Мельнікава, В. Царыка.