Складаю вершы. Уклала каля дзесятка кніжак. Запрашаюць мяне на спатканні ў бібліятэкі, школы. Але песняў на мае вершы дасюль не складалі. Ад аўтарскіх вечароў адмаўлялася — мой характар фармаваўся каля сасонак і зёлак, я — хутаранка. Але нядаўна ўгаварылі мяне дырэктар філармоніі Віталь Радзіёнаў і паэтка-спявачка Людміла Кебіч. Яны ж і рыхтавалі аўтарскі вечар у канцэртнай зале «Гродна».

Людміла з мужам Генадзем ствараюць уласныя песні, ад звычайных да джазавых, і самі іх выконваюць. І гэты вечар-канцэрт Генадзь упрыгожыў музычнымі варыяцыямі на сінтэзатары, выканаў уласны твор «Настальгія»...

Зала была перапоўнена. Дастаўляліся дадатковыя крэслы, і ўсё роўна моладзь стаяла па баках. Слухачы — выкладчыкі, пісьменнікі, журналісты, студэнты, настаўнікі і вучні ад 6 да 11 класаў. Прыйшлі мае прыгожыя сяброўкі-паэткі Васіліса Пазнухова, Марына Кандратовіч і Наста Гіль.

Загучаў «Паланез» Агінскага. Выйшлі дзяўчаткі ў балёвых белых сукенках, хлопцы — у чорных фраках. Гэта танцоры мастацкага вучылішча імя Цёткі, 2 курс. Танец паставіла выкладчыца Наталля Парахневіч.

Вялі вечар студэнткі вучылішча Оля Міхута і Марына Жук. Яны апавядалі пра маіх бацькоў і мае сціплыя поспехі ў літаратуры. Выкладчыца Ганна Марутка падрыхтавала чытальнікаў. Вершы чыталіся ў залежнасці ад духоўнага складу. Малітоўныя вершы студэнты выканалі далікатна, сцішана... Мой сярэдні ўнук Андрэй Загнетаў вельмі хваляваўся — ён расказваў верш «пра тыгра, хатняга паэта-коціка і спевака».

Аб вытоках і натхненні разважалі крытыкі і філосафы Мікола Мікуліч і Анатоль Раманчук. Уражаннямі ад вершаў неардынарна падзяліўся мастак Аляксандр Ліпень. Спявачка Вольга Хвашчынская выканала два творы на мае вершы. Адзін з іх — «Марыі Апанасаўны душа» — пра маці Максіма Багдановіча, якая пахавана ў Гродна. Оля для сваёй песні ўзяла мае два вершы і зліла іх у адно... Оля спявае выразна і драматычна, як бы кожную фразу яна вымаўляе апошні раз.

Перад самым вечарам Оля пазнаёміла мяне з Вікай Назаранка, салісткай моладзевага гурта «Айша». За два дні да вечара кіраўнік гурта бас-гітара Сяргей Фінскі стварыў дзве песні: «Вось дзе злучаецца неба з зямлёй» і «Хлопчык малітву спявае ў местачковым касцёле». Іх і выканала Віка адметным, з шырокім дыяпазонам голасам рок-спявачкі...

Людміла Кебіч з Генадзем выканалі песню на верш «Ружанец». Я заплакала: не ўяўляла, што з простага верша-малітвы, дзе паўтараецца благанне — «Мой Божа, мой Божа, мой Божа, з Табой і ў няволі прыгожа!» — можа атрымацца ў таленавітым выкананні такі велічна прыгожы твор, як псальм.

Духоўны хор Веры Кунцэвіч «Бацькаўшчына» ў пашыраным маладымі галасамі новым складзе выканаў старажытную песню пра Багародзіцу, «якой Данута давярае свой лёс і талент», — сказала Вера. Хор заспяваў «Магутны Божа», падспеўвала, стоячы ўся зала.

Вечар адбыўся 10 красавіка 2002 года, на другім тыдні пасля Вялікадня.

Беражы, Божа, сэрцы маіх прыгожых чытачоў-аматараў, маіх сяброў, землякоў, у якіх тоіцца гарачая любоў да Цябе, Божа.

Удзячная Данута Бічэль.