ПАПА Ў АЗЕРБАЙДЖАНЕ

У сераду, 22 мая, Святы Айцец Ян Павел ІІ распачаў сваё 96-е замежнае падарожжа.

А 16-й гадзіне мясцовага часу Папа прыбыў у міжнародны аэрапорт Баку — сталіцы Азербайджана. Тут Яго Святасць прывітаў прэзідэнт краіны Гейдар Аліеў, які падкрэсліў, што Ян Павел ІІ з’яўляецца прыяцелем усіх народаў і як выдатная асоба свайго часу ўплывае на хаду гісторыі.

Пасля цырымоніі прывітання Папа ўсклаў вянок да помніка азербайджанцам, што загінулі за свабоду і незалежнасць свае радзімы, а таксама нанёс візіт прэзідэнту Гейдару Аліеву.

У прэзідэнцкім палацы Святы Айцец сустрэўся з прадстаўнікамі свету палітыкі, навукі і культуры.

Прамова Яна Паўла ІІ на гэтай сустрэчы была прасякнута любоўю і павагаю да трох вялікіх рэлігій, якія суіснуюць на зямлі Азербайджана: юдэйскай, хрысціянскай, ісламскай. Папа асабліва падкрэсліў, што «рэлігія не павінна служыць узрастанню супрацьстаяння і нянавісці, але садзейнічаць памнажэнню любові і міру».

«Даволі вайны ў імя Божае! Хопіць абражаць Яго святое імя! — сказаў Пантыфік. — Я прыбыў у Азербайджан як пасланец міру. Пакуль у мяне будзе голас, я буду ўсклікаць: «Мір у імя Божае!» І калі слова далучыцца да слова, то ўтворыцца хор, сімфонія, здольная захапіць душы, згасіць нянавісць, абяззброіць сэрцы».

Звяртаючыся да прадстаўнікоў свету культуры і мастацтва, Папа заклікаў іх імкнуцца вяртаць людзям «радасць прыгажосці», бо «прыгажосць, ісціна і дабро паяднаны непарушнымі повязямі». «Калі ізалюецца культура, калі людзі грэбуюць і пагарджаюць мастацтвам, тады ў небяспецы апынаецца само выжыванне цывілізацыі, таму што гэта перашкаджае перадачы тых каштоўнасцяў, якія складаюць глыбінны ідэнтытэт народу», — падкрэсліў Ян Павел ІІ.

Палітыкам ён нагадаў, што палітыцы неабходныя сумленнасць і празрыстасць. Яна павінна праводзіцца выключна дзеля дабра народу.

23 мая ў бакінскім Палацы спорту Папа адправіў Св. Імшу, у якой удзельнічала каля 2 тыс. азербайджанцаў і гасцей з блізкага і далёкага замежжа. На Імшы прысутнічалі таксама мусульмане. Святы Айцец падзякаваў каталіцкай супольнасці, якая ў гэтай краіне налічвае каля 150 чалавек, за вернасць у веры. Ён запэўніў азербайджанскіх католікаў, што ведае пра іх цярпенні і «ўсіх насіў у сваім сэрцы ў гады пілігрымавання па пустыні».

У часе Св. Імшы Папа паблагаславіў вуглавы камень пад будучы парафіяльны касцёл у Баку і перадаў на будову святыні пэўную суму грошай.

Візіт Святога Айца ў Азербайджан — падзея надзвычай важная не толькі для мясцовых католікаў, але й для шматлікіх прадстаўнікў іншых веравызнанняў. Гэта асабліва падкрэсліваецца ў прэсе. Менавіта гэты, па-надканфесійны, характар папскай пілігрымкі ацэньваецца як найважнейшы.

ПАПА Ў БАЛГАРЫІ

Дэвізам гэтай пілігрымкі сталі словы Папы: «Няма міру без справядлівасці, а справядлівасці без прабачэння».

23 мая на плошчы Аляксандра Неўскага ў Сафіі было шматлюдна. Сабраныя католікі, праваслаўныя і вызнаўцы іншых рэлігій (усяго прысутнічала каля 5 тыс. чалавек) сардэчна прывіталі Святога Айца. Каля папскага трону сабралася ўся эліта балгарскага народу: палітыкі на чале з прэзідэнтам і прэм’ерам, парламентарыі з усіх палітычных партый і групаў. Прысутнічала таксама вялікая дэлегацыя балгарскай праваслаўнай Царквы. Апладысментамі было сустрэта з’яўленне патрыярха Максіма і чатырох мітрапалітаў.

На сустрэчу з Папам прыбылі вялікі муфцій Балгарыі і кіраўнік габрэйскай супольнасці.

На вялікую радасць прысутных, Папа пачаў сваю прамову на балгарскай мове. Ян Павел ІІ зазначыў, што ён заўсёды памятае пра балгарскі народ і штодзённа за яго моліцца. Святы Айцец падкрэсліў, што сучасная дэмакратыя павінна абапірацца на тыя каштоўнасці, якія ў Балгарыі спрадвеку маюць хрысціянскія карані...

З плошчы Аляксандра Неўскага Папа накіраваўся ў будынак нунцыятуры, які яшчэ ў 30-я гады збудаваў арцыбіскуп Ранкаллі, тагачасны папскі нунцый у Балгарыі і пазнейшы Папа Ян ХХІІІ.

Святы Айцец Ян Павел ІІ з першых хвілінаў побыту на балгарскай зямлі заваяваў сэрцы яе жыхароў словамі, поўнымі любові да гэтага народу. Асаблівае ўражанне на балгараў, як згодна адзначае прэса, зрабілі словы Папы пра Балгарыю як пра мост, што злучае Усход з Захадам. «Без гэтага моста, — неаднаразова падкрэсліваў Папа, — нельга будаваць паяднанай Еўропы, у якой Балгарыя павінна мець сваё бяспечнае месца...»

24 мая — дзень, прысвечаны памяці святых Кірыла і Мятода. Для балгараў ён мае асаблівае значэнне і традыцыйна адзначаецца як дзяржаўнае свята балгарскай культуры і пісьменства. У сувязі з гэтым уся праграма візіту Святога Айца была звязана з гэтай падзеяй.

Падчас візіту ў прэзідэнта Пырванава Ян Павел ІІ сказаў, што ніколі не верыў у так званы балгарскі след, гэта значыць у саўдзел балгараў у падрыхтоўцы замаху на яго жыццё 13 мая 1981 г. Гэтая заява была з асабліваю ўвагаю і ўдзячнасцю ўспрынята ўсім балгарскім грамадствам, бо абвінавачванне ў дачыненні да ганебнай справы замаху вельмі балела балгарам.

Пасля Святы Айцец наведаў праваслаўны катэдральны сабор Аляксандра Неўскага і помнік святым Кірылу і Мятоду, дзе яго прывітаў прэзідэнт Пырванаў, а таксама навуковая эліта балгарскай сталіцы.

«Сведчанне Кірылы і Мятода — важнае для еднасці Еўропы», — сказаў Ян Павел ІІ у часе візіту ў сядзібу праваслаўнага епіскапату Балгарыі. Там Папа сустрэўся з патрыярхам Максімам і іншымі членамі Святога Сіноду.

Папа з болем гаварыў пра падзелы паміж хрысціянамі. Ён зазначыў, што віна часта была і з аднаго, і з другога боку. «Мы й надалей, на жаль, адчуваем цяжар грахоў мінулага, якія дайшлі да сённяшняга дня як усё яшчэ актуальныя спакусы. Трэба абавязкова выправіць іх наступствы, настойліва просячы Хрыста аб прабачэнні». Як прыклад, годны наследавання, Ян Павел ІІ яшчэ раз прыгадаў дзейнасць святых братоў Кірыла і Мятода.

Сустрэча Папы з прадстаўнікамі свету культуры ў Нацыянальным Палацы культуры стала цудоўным і незабыўным святам усяе балгарскай культуры. У зале на 4 тыс. месцаў сабралася ўся сталічная інтэлектуальная эліта, якая, стоячы, гарачымі апладысментамі доўга і шчыра вітала Наступніка святога Пятра.

25 мая Святы Айцец наведаў кляштарны комплекс у гарах Рыла — нацыянальны санктуарый балгараў. Наведваючы гэтае месца, Ян Павел ІІ аддаў пашану рэліквіям вялікага праваслаўнага святога Яна з Рылы.

Вельмі важным момантам візіту ў рыльскі кляштар была сустрэча Папы з балгарскім прэм’ерам (фармальна царом) Сімяонам. На здзіўленне многіх прысутных, Сімяон, які з’яўляецца праваслаўным, пацалаваў руку Святому Айцу. Сустрэча праходзіла ў сардэчнай і прыязнай атмасферы.

У апошні сафійскі вечар Святы Айцец сустракаўся з прадстаўнікамі евангелісцкай і мусульманскай супольнасцяў і наведаў дзве каталіцкія катэдры: лацінскую конкатэдру св. Юзафа і уніяцкую Успення Маці Божай.

26 мая Ян Павел ІІ адправіў пантыфікальную літургію на цэнтральнай плошчы ў Плоўдзіве — другім па велічыні балгарскім горадзе. У гэтай Св. Ішмы ўзяло ўдзел больш за 10 тыс. вернікаў.

Святы Айцец сардэчна прывітаў шматлікіх праваслаўных, якія прыбылі на літургію. «Ваша прысутнасць, — сказаў Папа, — гэта цудоўнае сведчанне, якое дазваляе наперад адчуць радасць поўнай еднасці, калі будзе нам дадзена супольна справаваць эўхарыстычную ахвяру, памятку смерці і Змёртвыхпаўстання Пана».

Сустрэча з балгарскаю моладдзю ў Плоўдзіве прыгожа завяршыла гэту вельмі важную для ўсіх хрысціянаў пілігрымку.

«Толькі ідучы за Хрыстом, маладыя людзі могуць знайсці паўнату жыцця, а маладосць можа знайсці сваё поўнае значэнне», — сказаў Папа на развітанне маладым балгарам, і словы Яго, несумненна, былі пачутыя.

Па матэрыялах прэсы падрыхтавала К. Л.