Пад апекаю Маці Божай Анёльскай

Пінская дыяцэзія, як адзначыў Яго Эмінэнцыя кардынал Казімір Свёнтэк, адметна вылучаецца тым, што за апошняе дзесяцігоддзе рэлігійнага адражэння на яе тэрыторыі ўзведзена найбольш новых святыняў. Вось і сёлета, 19 мая, ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога ў в. Лясная Баранавіцкага дэканату адбылося вялікае свята – кансэкрацыя касцёла Маці Божай Анёльскай. Касцёл у Лясной быў знішчаны ў 1934 г. І вось цяпер новаўзведзеная святыня адчыніла свае дзверы для ўсіх, хто шукае Хрыста, хто шукае ў Яго падтрымкі і ўспамогі.

Гледзячы на новакансэкраваную ім святыню, Яго Эмінэнцыя кардынал Казімір Свёнтэк сказаў: «Найвышэйшае шчасце для мяне, калі Езус займае ў святыні належнае Яму месца – пасяляецца ў табернакулюме. Тады святыня ажывае, набывае сваю душу. І з гэтага моманту яе асабліва трэба аберагаць і абараняць, каб яна заўсёды была сапраўдным Домам Божым...»

Каб былі праўдзівым адлюстраваннем Хрыста...

Касцёл св. Зыгмунта ў новым мікрараёне Баранавічаў – адзіная на Беларусі святыня, якой Апостальскай Сталіцай нададзены статус юбілейнай як знак Юбілейнага 2000 Года хрысціянства.

Ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы, якраз у гадавіну кансэкрацыі касцёла, кардынал Казімір Свёнтэк удзяліў сакрамант бежмавання вернікам трох парафій горада. Арцыпастыр пажадаў бежмаваным, каб «сталі больш дасканалым падабенствам Хрыста і сапраўднымі членамі Яго Касцёла, а перад светам сведчылі пра муку і змёртвыхпаўстанне Хрыста, каб, як сказаў апостал, заўсёды вашае жыццё было праўдзівым адлюстраваннем Хрыста». На ўрачыстай Святой Імшы прысутнічала каля тысячы вернікаў. Завяршаючы ўрачыстасць, Яго Эмінэнцыя сказаў:

«... Якімі б справамі я не быў бы заняты, але адмовіць гораду Баранавічы, калі святары запрашаюць мяне, я не маю сілы. Тут прайшло маё дзяцінства, юнацтва, вучоба. І таму з задавальненнем сёння я прысутнічаю ў горадзе майго дзяцінства і маладосці і шчыра радуюся, што бежмавана больш як 200 вернікаў, і амаль усе прысутныя прынялі Святую Камунію... Некалькі дзён назад можна было пачуць, што Баранавічы – гэта праваслаўны горад. Я не аспрэчваю гэтага выказвання. Але сёння я маю ўсе падставы сказаць: Баранавічы – гэта таксама горад каталіцкі. Пацвярджэннем з’яўляецца колькасць вернікаў, якія ўдзельнічаюць не тэарэтычна, але практычна ў абрадах і ў жыцці каталіцкага Касцёла...

Так склалася, што нядаўна я вярнуўся з Рыма, дзе сустракаўся са Святым Айцом. Сэрца яго адкрыта не толькі для ўсіх вернікаў Беларусі, але і для ўсіх хрысціянаў, і асабліва для братоў і сясцёр нашых праваслаўных. Прыклад гэтаму – візіт у Балгарыю, якая з’яўляецца ў большасці праваслаўнай краінай. Але, нягледзячы на гэта, Ян Павел ІІ быў запрошаны ў гэтую краіну і сустрэўся з патрыярхам Максімам – галавой праваслаўнай балгарскай Царквы. Гэта сведчанне таго, што наш Святы Айцец мае асаблівы дар Духа Святога паядноўваць людзей, а не раздзяляць іх, паядноўваць, нягледзячы на нацыянальнасць, веравызнанне ці на нейкія іншыя асаблівасці... Вы можаце быць упэўнены, што ён заўсёды з намі. Гэта не таямніца, што пры кожным нашым спатканні Святы Айцец кажа: «Мне так хочацца прыехаць на Беларусь. Я жыву гэтым». Няхай жа яго жаданне споўніцца...»

А.Н.
Фота М. Новікава.