Непадалёку адна ад другой знаходзяцца тры парафіі — Рэчыцы, Светлагорска і Гомеля. Пробашчаў гэтых парафій аб’ядноўвае служэнне Богу і людзям. Не зважаючы на пастаянную занятасць, кожны з іх выкройвае час на заняткі з дзеткамі ў нядзельнай школцы, на катэхетычныя лекцыі для моладзі і дарослых і шмат на што іншае.

Калі прыходзіш у касцёл і чуеш гукі аргана, сэрца пачынае біцца ўсё часцей і часцей, душа напаўняецца цеплынёй і забываюцца ўсе непрыемнасці. Кожная Святая Імша праходзіць у нас урачыста і прыгожа, пакідаючы ў душах незабыўныя ўражанні. Касцёл зрабіўся для нас тым месцам, куды мы прыходзім не толькі памаліцца Богу, але і паразважаць пра надзённае жыццё, падзяліцца набалелым, пагутарыць з пробашчам.

Аднак, выйшаўшы з касцёла, мы зноў трапляем у жыццёвы вір, напоўнены рознымі цяжкасцямі. Імгненна запаланяюць думкі: як жыць далей, дзе і ў каго шукаць выйсця? Адказ напрошваецца сам сабою: толькі вера ў Бога і сумленнае жыццё дапамогуць нам ісці правільным шляхам і вырашыць нашы набалелыя пытанні. Добрую справу робяць святары і для моладзі, якая імкнецца быць бліжэй да Бога. Многа маладых міністрантаў мараць быць святарамі, і ксяндзы, не шкадуючы сваіх сілаў, выхоўваюць іх не толькі словам, але і ўласным прыкладам.

Будучыя святары жывуць у нашым асяродку, вучацца ў тых самых школах, побач з намі працуюць. Але аднойчы здараецца цуд — асаблівы дар, калі Бог выбірае канкрэтнага чалавека і кажа: не ты Мяне выбраў, але Я...

Хочацца выказаць самыя шчырыя пажаданні нашым ксяндзам. Дзякуй кажам мы, парафіяне, святарам Гжэгажу Худэку, Тадэвушу Самарэку, Славаміру Ляскоўскаму і Яну Саламону.

Іх ахвярная святарская служба і жыццё, цалкам аддадзеныя Касцёлу і Пану Богу, служаць добрым прыкладам для нашых нашчадкаў.

Тамара Сергіевіч, г. Рэчыца.