Знаёмцеся: ксёндз дзекан Юзаф Дзеконьскі, пробашч касцёла св. Міхала Арханёла ў Мазыры.
Нарадзіўся на Беласточчыне. Скончыў матэматычна-фізічны факультэт Беластоцкага педагагічнага інстытута. Атрымаў дыплом факультэта матэматыкі Варшаўскага універсітэта, быў студэнтам курса этнаграфіі гістарычнага факультэта. Ва ўзросце 33 гадоў паступіў у Духоўную семінарыю св. Яна Хрысціцеля ў Варшаве, якую скончыў у 1986 г. Гэта быў год чарнобыльскай трагедыі. З 1990 г. працуе на Мазырскім Палессі, у раёнах, пацярпелых ад радыеактыўнага забруджвання.

Прапануем чытачам размову з ксяндзом Юзафам.

— У кожнага чалавека свой шлях да Бога. Вы пакліканы да святарства. Ведаю, што Вы не юнаком прыйшлі ў семінарыю. Як і калі Вы ўсвядомілі сваё пакліканне?

— Калі мне было дваццаць гадоў, зайшоў неяк да школьнага сябра, які ўжо вучыўся ў Духоўнай семінарыі. У пакоі, дзе мы размаўлялі, вісела яго сутана. Я глянуў на яе, а сябра і кажа: «Можа адзенеш?». Я адказаў: «Чаму не?» І адзеў. Як цяпер памятаю, што засунуў рукі ў кішэні і, паглядзеўшы ў вялікае люстра, усміхнуўся. На гэтым тады і скончылася. Але ўсё часцей прыпамінаў словы з Бібліі, з кнігі Эклезіяста: «...марнасць і марнасць і ўсё марнасць і тамленне духу». Заўсёды маліўся, каб Бог дапамог выразна ўбачыць тую дарогу, па якой Ён хоча мяне весці.

Аднойчы паехаў у Непакалянаў і запісаўся ў Рыцарства Беззаганнай, а праз некаторы час крочыў пешым пілігрымам у Чэнстахову, да Маці Божай Яснагурскай. У дарозе яшчэ не ведаў, што і як будзе, нават не ўяўляў сабе, што пілігрымка пераменіць маё жыццё. Унутраны адказ прыйшоў падчас Святой Імшы на Яснай Гары: «Іду ў Духоўную семінарыю». Гэта цяпер я разумею, што Бог праз Маці Божую адарыў мяне святлом свайго Святога Духа, каб я ўбачыў дарогу жыцця.

— На Мазырскае Палессе Вы прыехалі ў 1990 г. Якое было тады становішча з рэлігійным жыццём? І што Вы бачыце цяпер?

— Тады не было ніводнага касцёла як дзейнай святыні. Мяне гэта вельмі ўразіла, бо я ведаў пра старадаўнія каталіцкія традыцыі гэтага краю. У руінах я ўбачыў былы санктуарый Маці Божай Юравіцкай, а калегіум езуітаў у Юравічах быў вельмі пашкоджаны. Рэчыцкі касцёл — цудоўны помнік архітэктуры — быў пераабсталяваны ў бар. У Гомелі і шматлікіх раённых цэнтрах не засталося і следу ад былых святыняў. Пачалася цяжкая праца па аднаўленні страчанага, якую праводзілі ксяндзы Мазырскага дэканату разам з парафіянамі. Гэты працэс працягваецца і сёння.

Касцёл св. Міхала Арханёла ў Мазыры — першая святыня вобласці, якая была асвечана пасля рэстаўрацыі ў 1995 г. Ксёндз Ян Саламон згуртаваў каталікоў Светлагорска, дзе цяпер узвышаюцца вежы цудоўнага касцёла, пабудаванага пад яго кіраўніцтвам і асвечанага ў 1997 г.

Касцёлы ў Лельчыцах, Нароўлі і Грушаўцы былі асвечаны ў час душпастырскай візітацыі кардынала Казіміра Свёнтка ў 1998 г. Пад кіраўніцтвам ксяндза Славаміра Ляскоўскага ўзведзены касцёл у Гомелі (быў асвечаны ў 2000 г.).

Новыя святыні ў Калінкавічах і Петрыкаве — заслуга айца цыстэрцыянца Эфрэма Бісагі — былі кансэкраваныя ў 2001 г. Цяпер галоўны клопат айца Эфрэма — завяршыць будаўніцтва касцёла ў Капцэвічах, падрыхтаваць да асвячэння касцёлы ў Капаткевічах і Брынёве (Петрыкаўскі раён).

Рэчыцкая святыня зноў у надзейных руках — яна належыць мясцовай парафіі, ідзе рэстаўрацыя. У Жлобіне дзейнічае капліца. Будуюцца касцёлы ў Хойніках і Жыткавічах. У Гомелі праводзяць сваю міласэрную ахвярную працу сёстры Маці Тэрэзы з Калькуты, а ў Светлагорску ёсць сёстры «Супольнай працы».

На жаль, яшчэ шмат месцаў, дзе няма ксяндзоў, дзе вернікі не могуць рэгулярна ўдзельнічаць у Святой Імшы. Святары імкнуцца па магчымасці даехаць да кожнага прагнучага.

— Ведаю, што Вы палюбілі беларускую мову, чытаеце нашых класікаў і нават пішаце вершы па-беларуску. Якое значэнне Вы надаеце мове ў душпастырскай працы?

— Я лічу, што кожны святар на Беларусі павінен добра ведаць беларускую мову. Мова — душа народа. Але Касцёл служыць кожнай нацыі: беларусам па-беларуску, палякам па-польску, рускім па-руску і г. д. Галоўная мэта Касцёла — прапаведванне Хрыста — Хрыста Укрыжаванага і Уваскрэслага.

Касцёл на Мазыршчыне шматнацыянальны, сярод вернікаў ёсць беларусы, палякі, рускія, латышы, літоўцы, украінцы і іншыя.

— Акрамя поспехаў заўсёды ёсць праблемы. Што турбуе Вас сёння?

— Сапраўды, праблемы ёсць. Як я ўжо казаў, шмат каталікоў у розных месцах не маюць святароў і касцёлаў, шмат дзе Святая Імша адпраўляецца ў прыстасаваных памяшканнях. Напрыклад, патрэбна рэгістрацыя парафіі ў Ельску, дзе жыве нямала каталікоў.

Не ўсе вернікі разумеюць неабходнасць чытаць каталіцкія выданні — кнігі, часопісы і газэты — паглыбляць праз веды сваю веру. У нашай парафіі распаўсюджваннем каталіцкай прэсы займаецца Легіён Марыі...

Бацькі не заўсёды разумеюць патрэбу катэхізацыі сваіх дзяцей. А дзецям абавязкова трэба пазнаваць Хрыста, які ёсць «Дарога, Праўда і Жыццё».

Сямідзесяцігадовае панаванне атэізму пакінула пасля сябе спадчыну бездухоўнасці, таму і сёння можна ўбачыць людзей, якія замест Службы Божай у нядзелю і святы накіроўваюцца на дачы і агароды, у іншыя месцы. А ўжыванне алкаголю на пахаванні — зусім прыкрая з’ява. Ведаў старых людзей, якія нават баяліся, што іх не пахаваюць, калі не назапасяць адпаведную колькасць бутэлек! Праблема алкагалізму насельніцтва — вялікая грамадская праблема. У нашым парафіяльным доме наладжваліся сустрэчы групы ананімных алкаголікаў (АА). Збіраліся людзі рознага веравызнання...

Добраму выхаванню моладзі перашкаджае тэлебачанне. Думаю, што той, хто не мае тэлевізара, не мае вялікіх стратаў. Ухваляю тых бацькоў, якія разумна абмяжоўваюць дзяцей у праглядзе тэлеперадач, кіно...

— Ці ёсць у Вас запаветная мара? Што б Вы хацелі зрабіць у сваім жыцці?

— Мая мара — быць святым святаром. «Будзьце святыя, бо Я Святы» —заклікае Божае Слова.

Калі сляпы вядзе сляпога, яны разам могуць трапіць у яму. Святому пастыру лягчэй паказаць людзям шлях да Бога, святлом Яго прыкладу многія будуць святыя.

— Дзякую, ксёндз Юзаф, за размову. Жадаю Вам як найбольш поспехаў у Вашай высакароднай дзейнасці.

Гутарыў Руслан Гародка.
Фота аўтара і з архіва кс. Юзафа Дзеконьскага.