Калі ты знаходзішся побач з тым, хто мае для цябе выключнае значэнне, то табе дастаткова яго прысутнасці. Не турбуешся, што не будзе тэмы для размовы, што не хопіць слоў, што будзе сумна. Вашае маўчанне нязмушанае. Вы разам — у кожным жэсце, позірку, можа, нават думцы. Маеце нават свой, вядомы толькі вам код, каб разумець адно аднаго...

Людзі заўсёды жылі ў глыбокім смутку па Богу і прагнулі ўбачыць Езуса. Таму, пачынаючы з ХІІІ ст., падчас Святой Імшы пры Паднясенні святар высока ўздымае Цела і Кроў Хрыста, каб кожны мог паглядзець і сцішыцца перад таямніцай нашай веры. Між іншым, часта ў гэты момант вернікі схіляюць у пакоры галовы і нічога не бачаць. А трэба глядзець, без слоў скіроўваць туды свой позірк, поўны веры і любові. Бо маліцца — гэта таксама «глядзець з любоўю».

Калі мы ўваходзім у святыню, непагасная лампадка, што мігае ў ёй, паведамляе нам пра сакрамэнтальную прысутнасць Езуса.

Але гэта стала для нас такой паўсядзённасцю, што мы забываем пра тое, Хто тут прабывае. Часта не абменьваемся ні словам з Гаспадаром і нервова паглядаем на гадзіннік, чакаючы, калі распачнецца набажэнства. А пасля таго, як закончыцца Святая Імша, адразу ж уцякаем са святыні.

Мы баімся цішыні і пустога касцёла. Таму што тады вядомых малітваў недастаткова. Украдваецца супакой, які вымушае нас ставіць шмат пытанняў і даваць на іх адказы, вымушае адносіцца да Бога як да Асобы.

Многія з нас, ідучы прымаць Святую Камунію, адчуваюць смутак і збянтэжанасць. Мы сустракаемся з Панам, а так занятыя сабою і сваімі думкамі! Ці годны я, ці няма ніводнага граху, ці дастаткова разумею… Добра было б нарэшце ўсвядоміць той факт, што ніколі не буду годны і толькі ў Ім магу знайсці сілу, каб стаць лепшым. Менавіта таму, што зноў і зноў падаю, я павінен прымаць як пасілак Яго Цела…

Але мы не хочам цалкам аддацца Яму, баімся даручыць Яму таксама і свае слабасці.

Таму адкладваем споведзь і так рэдка прыступаем да Святой Камуніі. Калі б мы часцей прымалі Яго як пасілак, то былі б вымушаныя запрасіць Яго ў нашу паўсядзённасць і працаваць над сабою. Але ж лепей прымаць Святую Камунію толькі ў асаблівых выпадках, гэта больш бяспечна…

Гісторыя сведчыць, што з прыняццем Цела Хрыста было па-рознаму. У пэўны момант гэта адбывалася так рэдка, што Латэранскі Сабор выдаў нават распараджэнне, каб вернікі прымалі Святую Камунію па меншай меры раз у год. Але ж заўважым, што вучні, якія накіроўваліся ў Эмаўс, пазналі Езуса толькі пры ламанні хлеба. Гэта азначае, што найлепшым месцам, дзе можна Яго спаткаць, з’яўляецца Эўхарыстыя.

Часта мы скардзімся: «Раней мне было лягчэй маліцца, а цяпер нібыта якая сцяна вырасла паміж мною і Богам». Задумаемся: тое ж самае адбываецца і ў нашых адносінах з людзьмі. Клопат засяроджвае нас на сабе, стомленасць заглушае нашу радасць ад стасункаў з каханым чалавекам. Але ж гэта не азначае, што ён перастаў цікавіць нас, страціў для нас сваю важнасць.

Многія людзі ўспрымаюць Святую Камунію як заспакаяльную таблетку. Дастаткова праглынуць — і знікнуць праблемы, дэпрэсія, смутак. А калі б гэтак жа даручыць Езусу ўсё — таксама і тое, што нас прыгнятае?

Можа і ты, прыняўшы Цела Хрыста, адкрываеш малітоўнік і запускаеш цэлы «малітоўны апарат»? І станецца так, што ў сваім жыцці ты сотні разоў «прыступіш да балясін», да стала Панскага, і ніколі не дойдзе ў тваім сэрцы да Камуніі, паяднання з Езусам. Бо «communio» азначае паяднанне, супольнасць духу і матэрыі. Гэта азначае адкрытасць на Бога. Гэта азначае шчырае: «Гавары, Пане, бо слухае слуга Твой». Таму, калі прымаем Яго ў постаці хлеба, пабудзем з Ім трохі, услухаемся ў тое, што Ён хоча нам сказаць. І толькі потым пацягнемся па малітоўнік.

Штодзённасць не аблягчае нам кантакту з Богам. Мітусня, спешка, недахоп часу, розныя праблемы… І не трэба цешыць сябе надзеяй, што нешта зменіцца. Што, у такім разе, трэба рабіць, каб адолець расчараванне і нуду, што змяніць, каб быць бліжэй да табернакулюма? Польскі святар а. Ян Паўлоўскі ў сваёй кнізе «Даведнік для расчараваных» прапануе звярнуць увагу на тры моманты. Па-першае, варта знайсці «сваю» Святую Імшу. Клімат, атмасфера, музычнае афармленне дапамагаюць у перажыванні гэтага выключнага спаткання. Па-другое, трэба знайсці свой шлях да касцёла. Калі ідзеш пехатой, выйдзі на пару хвілін раней, не спяшайся, пастарайся супакоіцца, сцішыцца. Калі едзеш аўтамабілем, не ўключай радыё, усвядом, з Кім ты сустрэнешся праз некалькі хвілін. Па-трэцяе, трэба знайсці сваё месца ў касцёле, з якога ты будзеш усё бачыць і чуць. Жэсты святара, які цэлебруе ўрачыстае набажэнства, маюць свой сэнс і значэнне. Калі мы не разумеем іх, то цяжка цалкам далучыцца да таго, што адбываецца на алтары. Літургічная мова, мова знака ў — гэта дыялог паміж Богам і намі. Можа, нам удасца нанава адкрыць тое, што стала звыклым, ператварылася ў руціну?

«З Табою быць хачу я кожны дзень», — спяваем мы. Быць бліжэй да табернакулюма, бліжэй да Езуса Эўхарыстычнага — гэта значыць выбраць найлепшую долю, якой ніколі не будзем пазбаўлены. А як быць з тым, што гэтаму трэба вучыцца, прыкладаць намаганні, часам, можа, глыбока засумаваць, адчуваючы расчараванне і пакінутасць, як вандроўнікі, што ішлі ў Эмаўс? Так і павінна быць. Прыйдзе, аднак, момант, калі мы пазнаем Яго. Безумоўна, прыйдзе.

Юстына Запаточны,
«Gość niedzielny», 21/2001.
Пераклад з польскай мовы І. Б.