1. Наведзіны Найсвяцейшай Паннай Марыяй св. Альжбеты з’яўляюцца адной з самых радасных падзей у Яе жыцці. Гэта падзея вельмі сямейная, вельмі чалавечая і Боская, вельмі блізкая перш за ўсё сем’ям, якія чакаюць патомства.

Яна павінна стаць асабліва блізкай народу, які вымірае!

2. Добра, што свята Наведзінаў было запісана ў літургічным календары нашай Пінскай дыяцэзіі, хоць яна мае толькі адну святыню і парафію з гэтай назвай.

Добра, што наша дыяцэзія мае ў Ганцавічах (каля Брэста) святыню і парафію, прысвечаную радаснай сустрэчы Найсвяцейшай Панны Марыі і святой Альжбеты, сустрэчы прыгожых цяжарных Маці, якія чакалі дзіця.

Добра ўсведамляць, што ёсць у нашай дыяцэзіі парафія, якая, калі так можна сказаць, па абавязку разважае аб наведзінах Найсвяцейшай Паннай Марыяй св. Альжбеты: і тады, калі моліцца другую радасную таямніцу ружанца, і тады, калі наследуе сваю Апякунку ў яе чыне: наведвае мацярок, якія чакаюць патомства, нясе Хрыста сем’ям!

3. Свята Наведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі было ўстаноўлена ў 1389 г. Папам Баніфацыем ІХ, каб выпрасіць праз заступніцтва Марыі еднасць у Касцёле Хрыстовым. Па гэтай прычыне яно вельмі нам блізкае, бо нашы сем’і часта складаюцца з католікаў і праваслаўных.

Гэта дзень асаблівых малітваў у інтэнцыі ўмацавання веры ў нашых сем’ях, у інтэнцыі цяжарных маці, а таксама ў інтэнцыі еднасці ў Хрыстовым Касцёле.

4. Наведзіны адбыліся ў Аін-Карыме, які знаходзіцца за 7 км ад Ерузалема, але з Назарэту, дзе жыла Найсвяцейшая Маці, да Аін-Карыма, дзе жыла св. Альжбета, недзе каля 150 км, калі абыходзіць Самарыю. Мы ведаем, што ў тыя часы габрэі жылі ў нязгодзе з самаранамі і абыходзілі іх тэрыторыі, аднак мы не ведаем, ці падзяляла гэтую нязгоду Найсвяцейшая Маці. Верагодней ўсяго, што Марыя прайшла гэтае падарожжа пешкі.

5. Мэты падарожжа цяжарнай Божай Маці:

  • падзяліцца навіною, якую атрымала ад анёла ў хвіліну Звеставання, што яна стала выбранаю на Маці Збаўцы свету;
  • павіншаваць Альжбету, што яна ў сталым узросце зачала так доўга чаканае дзіця... сына;
  • дапамагчы сваёй старой сваячцы па гаспадарцы і пры нараджэнні дзіцяці;
  • напоўніць дом Альжбеты і Захарыі радасцю і высакароднай любоўю, а таксама ўдзячнасцю да Бога;
  • мець кантакт з Захарыем – на мігі – праз позірк, знакі рук і адносіны, поўныя пашаны, праз спачуванне, падбадзёрванне, ажыўленне надзеі, што ў хуткім часе расчыняцца яго вусны, развяжацца язык, каб мог ён, як і раней, моваю праслаўляць Бога, бо набліжаецца дзень нараджэння сына, абяцанага Богам.

    6. На працягу трохмесячнага побыту ў доме Альжбеты і Захарыі Марыя стала ўзорам і апякункаю для старых і маладых людзей, жанчын і мужчын, якія ідуць да бліжніх з паслугаю.

    Трэба часта задаваць сабе пытанне: хто чакае маёй дапамогі?

    Трэба па прыкладу Марыі пакідаць свой дом, каб ісці туды, дзе ёсць хтосьці самотны альбо хворы, хто чакае самай нязначнай паслугі і дапамогі.

    Трэба мець павагу да маці, якія чакаюць патомства.

    Трэба словам праслаўляць Бога за дар мацярынства.

    7. Свята Наведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі з’яўляецца не толькі днём цяжарных маці, але таксама днём мужчын, бо менавіта ў доме св. Альжбеты Найсвяцейшая Маці сустрэла яе мужа Захарыю. Ён быў нямы.

    А чаму нямы? Таму што ён быў недавяркам. Ён не паверыў словам анёла, не паверыў праўдзе, якую яму аб’явіў Бог праз свайго анёла.

    Жанчыны, Альжбета і Марыя, былі радасныя, бо яны паверылі Богу!

    Захарыя быў сумны, бо не паверыў Богу!

    Мужчыны, паверце Богу, прыміце Яго слова, Яго аб’яўленне і будзьце радаснымі, шчаслівымі.

    Будзьце шчаслівымі, калі вашыя жонкі зацяжараць!

    8. Св. Альжбеце было крыўдна з-за таго, што яе муж Захарыя недавяраў Божаму слову і што быў пазбаўлены дару мовы.

    Відаць, шмат жонак засмучаны тым, што іх мужы няверуючыя.

    Няхай у свята Наведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі Бог дасць сілу веры ўсім хрысціянам.

    9. Свята Наведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі з’яўляецца таксама святам ненароджаных дзяцей, дзяцей, якія жывуць пад сэрцам маці.

    Жанчыны-маці вітаюцца, вітаюцца таксама і хлопцы ў іх улоннях: Хрыстус вітае Яна, а Ян – Хрыста. Альжбета гаворыць, што ў момант, калі Марыя яе прывітала, узварушылася з радасці дзіцятка ў яе ўлонні. Былі гэта не толькі наведзіны Марыяй маці прарока, але таксама была гэта сустрэча Месіі са сваім папярэднікам.

    Маці, аддаючыся Божай волі, прынеслі радасць дзецям і аблегчылі ім сустрэчу. Варта пра гэта памятаць.

    10. Касцёл удзяляе благаславенне мацяркам, якія чакаюць патомства. Урэшце, там, дзе распачынаецца жыццё, мы сустракаемся з Божай таямніцай, бо ўсё тое, што жыве, аддаецца бацькоўскай апецы Бога. Кожны чалавек, нават яшчэ ва ўлонні маці, ужо атулены асаблівым клопатам Божага Провіду. Такой ёсць вера Касцёла. Яе праявай з’яўляецца благаславенне будучых маці, якія з даверам павінны чакаць дня нараджэння дзіцяці.

    Адна з малітваў благаславення такая:

    «Пане Божа, добры і літасцівы, Створца сусвету, Ты з дапамогаю Духа Святога падрыхтаваў хвалебную Панну Марыю годным памяшканнем для Свайго Сына, Ты напоўніў Духам Святым Яна Хрысціцеля і сказаў яму радавацца ва ўлонні маці; прымі гарачыя прагненні Тваіх служанак, што пакорна просяць Цябе аб захаванні патомства, якое Ты паклікаў да існавання. Няхай з Тваёй дапамогай іх дзеці шчасліва ўбачаць дзённае святло і дойдуць да ласкі святога хросту. Няхай яны заўсёды Табе верна служаць і спазнаюць жыццё вечнае. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн».

    У іншай малітве благаславення Касцёл просіць Бога аб глыбокай радасці маці пры з’яўленні цудоўнага новага жыцця, у існаванні якога яны прымаюць удзел, а таксама аб трывалай любові да дзіцяці, якая так неабходная кожнаму чалавеку.

    11. І напрыканцы нашага разважання...

    У Ліване ў 1988 г. быў створаны рух, які меў назву «Ліванка – жанчына 31 мая». Заснавальніца гэтага руху – Джалін Кхуеры, журналістка, якая прайшла курс тэалагічнага навучання. Яна так тлумачыць місію руху: «Ліванка – гэта жанчына, якая хоча заўсёды служыць Лівану, але згодна з вучэннем каталіцкага Касцёла. У нашай назве маем дату 31 мая, бо гэта свята Наведзінаў, свята жанчыны, якая нясе Хрыста іншай жанчыне».

    Дэвіз руху гучыць так: «Адбудаваць Ліван згодна з Сэрцам Марыі і вучэннем каталіцкага Касцёла».

    Варта крыху задумацца таксама над гэтым грамадскім фактам, які адбыўся ў Ліване, краіне, заселенай людзьмі розных веравызнанняў.

    12. Няхай гэтае разважанне заахвоціць прыхільнікаў Божай Маці да супрацоўніцтва з натхненнямі Духа Святога ў справе еднасці ў Касцёле Хрыстовым! У справе «наведзінаў» бліжніх, якія знаходзяцца ў патрэбе, у дапамозе самотным маці, нясенні Хрыста іншаму чалавеку!

    Кс. д-р Станіслаў Паўліна fDP