З лістоў а. Піо

«Ужо даволі даўно я адчуваю патрэбу ахвяравання сябе Богу як ахвяры за бедных грэшнікаў і за душы ў чысцы.

Гэтая прага безупынна развівалася ў маім сэрцы так моцна, што цяпер стала ўжо, я нават сказаў бы, моцнай цягай. На самай справе, гэтае ахвяраванне сябе Пану Богу я ўчыніў ужо некалькі разоў, заклінаючы Яго, каб Ён пажадаў перанесці на мяне кары, падрыхтаваныя для грэшнікаў і для душ чысцовых, і нават у сто разоў памножыў іх у адносінах да мяне, толькі б навярнуў і збавіў грэшнікаў, а таксама, каб хутка прыняў да неба душы чысцовыя».
29 лістапада 1910 г.

«У параўнанні з тымі фізічнымі пакутамі, што мне даводзіцца цярпець, духоўныя бітвы намнога цяжэйшыя. Прагну … не кажу ўжо пра некалькі гадзін адпачынку, але хоць бы адну гадзіну на працягу дня. Але няхай дзейнічае заўсёды ўва мне, вакол мяне, ва ўсім і ў адносінах да ўсяго найсвяцейшая і наймілейшая воля Божая, бо толькі яна робіць магчымым маё трыванне».
10 студзеня 1911 г.

«Цярплю пакуты, і пакуты вельмі моцныя, але дзякуючы добраму Пану Езусу адчуваю, што яшчэ маю крыху сіл. І чаго толькі не ў стане чыніць стварэнне, якому дапамагае сам Езус Хрыстус? Ні ў якім разе не хацеў бы я, каб крыж стаў лягчэйшым, бо цярпенне з Езусам мне вельмі дарагое. Бачачы крыж на плячах Пана Езуса, заўсёды адчуваю сябе вельмі ўзмоцненым і напаўняюся радасцю.

(…) Ён выбірае сабе душы і сярод іх — без ніякай маёй заслугі — выбраў таксама маю, каб дапамагала Яму ў тым вялізным заданні: у спаўненні справы збаўлення людзей. Чым больш гэтыя душы церпяць без найменшага суцяшэння, тым большую палёгку ў цярпеннях прыносяць добраму Езусу.

Вось у гэтым прычына таго, што я прагну цярпець усё большыя пакуты і цярпець без суцяшэння. У гэтым выток усёй маёй радасці».
20 лістапада 1912 г.

«Колькі ж разоў, — запытаў мяне Езус нядаўна, — пакінуў бы ты Мяне, сын Мой, калі б Я не прыбіў цябе да крыжа? Пад крыжам чалавек вучыцца любові, і Я не адорваю ім усіх людзей, а толькі тыя душы, якія найдаражэйшыя для Мяне».
13 лютага 1913 г.

«Калі мне ўдаецца ўзяць сябе ў рукі і задумацца над сваім жыццём, якому, безумоўна, не пазайздросціш, у мяне стае сіл заявіць: я нізавошта не абмяняў бы яго на многія іншыя жыцці на гэтай зямлі.

Я хацеў бы лунаць над зямлёю, каб запрашаць усе істоты любіць Езуса, любіць Марыю. (…) Велізарная асалода напаўняе ўсё маё сэрца і робіць мяне шчаслівым і задаволеным. Цярплю пакуты і хачу цярпець яшчэ больш, адчуваю, што згараю і хачу палаць яшчэ мацней.

Прагну смерці толькі дзеля таго, каб непарыўна злучыцца з Божым Абраннікам. І, нягледзячы на гэта, прагну жыць, каб пастаянна цярпець усё большыя пакуты з таго часу, калі Езус даў мне зразумець, што цярпенне з’яўляецца бясспрэчным доказам любові. (…) Люблю і цярплю пакуты занадта мала і хацеў бы намнога мацней любіць тое, што шукаю, хацеў бы намнога больш цярпець дзеля таго ідэалу, якога шукаю».
6 мая 1913 г.

«Якое ж салодкае слова „Крыж“! Тут, каля падножжа Крыжа Езуса, душы залітыя святлом і распаленыя любоўю, тут яны атрымліваюць крылы, каб узняцца ў найцудоўнейшыя палёты.

Гэты Крыж няхай заўсёды будзе для нас ложам для адпачынку, школай дасканаласці, нашай умілаванай спадчынай. Таму будзем сачыць за тым, каб не аддзяляць Крыжа ад любові да Езуса. У процілеглым выпадку ён, без Езуса, стаў бы невыносным у нашай слабасці. Няхай Маці Божая Балесная выпрасіць для нас у свайго Найсвяцейшага Сына ласку, каб мы ўсё болей разумелі таямніцу Крыжа і паглыбляліся разам з Ёю ў пакуты Езуса. Самы пэўны доказ любові заключаецца ў цярпенні дзеля таго, каго любіш. З таго часу, калі Сын Божы вынес столькі цярпенняў з чыстай любові, няма сумневу, што крыж, які нясеш дзеля Яго, становіцца такім мілым, як і сама любоў.

Няхай Найсвяцейшая Панна выпрасіць для нас любоў да Крыжа, любоў да болю і цярпення. Няхай Яна, якая першая захавала Евангелле ва ўсёй яго дасканаласці і ва ўсёй яго суровасці яшчэ да таго, як яно было напісана, атрымае для нас гэтыя ласкі і заахвоціць нас трымацца ў непасрэднай блізкасці да Яе».
1 ліпеня 1915 г.

«(…) прашу Бога аб любові для цябе. Яна — усё для нас; гэта мёд, які прыносіць асалоду ўсім нашым слабасцям, нашам пачуццям і нашым дзеянням. (…) якое ж шчаслівае ўнутранае валадарства, калі ў ім пануе гэтая святая любоў! Як жа блаславёныя ўлады нашай душы, калі яны паслухмяныя такому мудраму Валадару! (…) Ён не дазваляе, каб у Яго падначаленні, у Яго Валадарстве прабывалі ані цяжкія грахі, ані якая-небудзь прывязаннасць хоць бы і да найлягчэйшых грахоў».
23 ліпеня 1917 г.

Падрыхтавала І. Б.

Жыццё а. Піо

Айцец Піо, святар ордэна братоў меншых капуцынаў, нарадзіўся 25 мая 1887 года ў паўднёвай Італіі, у П’етрэльчыне, што знаходзіцца ў раёне Беневенто (вобласць Кампанья). Яго бацькі, Грацыо Фарджоне і Марыя Джузэпа дэ Нунцыо, былі дробнымі землеўладальнікамі. Пры хросце хлопчыку далі імя Францішак. У сям’і і ў парафіі ён атрымаў глыбокае релігійнае выхаванне і ўжо ў дзесяцігадовым узросце выказаў жаданне стаць манахам. Для таго, каб даць сыну магчымасць адказаць на пакліканне, а значыць, атрымаць адукацыю прыватным чынам, бацька мусіў выехаць на працу ў Амерыку.

6 студзеня 1903 года Францішак паступіў у навіцыят капуцынаў у Марконе, прыняўшы імя брата Піо. Пасля шасці гадоў фармацыі ў розных кляштарах, на працягу якіх ён даволі часта вяртаўся ў родную вёску з-за слабога здароўя, 10 жніўня 1910 года ў катэдры горада Беневенто брат Піо прыняў святарскія пасвячэнні.

У 1916 годзе, пасля шматлікіх праблем, выкліканых хваробамі, ён быў накіраваны ў Сан-Джавані-Ратондо (непадалёку ад горада Фоджо), у вобласці Апулья, дзе спаўняў святарскую паслугу да канца жыцця.

20 верасня 1918 года айцец Піо атрымаў дар стыгматаў на руках, нагах і падрабер’і. Незвычайная з’ява адразу ж выклікала цікавасць і стала прыцягваць да яго вялікія натоўпы людзей з усяго свету.

Айцец Піо шмат маліўся і прасіў маліцца іншых. Пад яго духоўным кіраўніцтвам узніклі «Групы малітвы», якія хутка распаўсюдзіліся па ўсёй Італіі і ў многіх замежных краінах. У той жа час айцец Піо пабудаваў з дапамогаю вернікаў шпіталь, які назваў «Домам аблягчэння пакутаў». Паступова шпіталь пераўтварыўся ў сапраўдны бальнічны гарадок, што прывяло да бурнага развіцця раней пустыннага рэгіёна. Шмат людзей прыйшло да веры, многія атрымалі Божую ласку праз пасрэдніцтва айца Піо.

Ён памёр у святасці 23 верасня 1968 года. Пасля завяршэння кананічнага працэсу, 18 снежня 1997 года, Ян Павел II аб’явіў яго прападобным. Яго магіла і месцы, дзе ён жыў, прыцягваюць да сябе ўсё болей і болей людзей. Выдатныя асобы Касцёла і іншых сфераў дзейнасці часта наведваюць крыпту кляштарнага касцёла, дзе пахаваны а. Піо, каб памаліцца. У 1987 годзе, з нагоды стагоддзя з дня нараджэння айца Піо, тут пабываў і Папа рымскі.

21 снежня 1998 года кардыналы, якія сабраліся на кансісторыі ў прысутнасці Папы, прынялі дэкрэт, дзе прызнаваўся цуд, што адбыўся дзякуючы заступніцтву айца Піо, адкрыўшы, такім чынам, шлях да яго беатыфікацыі 2 мая 1999 года.

Праз пасрэдніцтва айца Піо Пан Бог учыніў мноства цудоўных аздараўленняў і навяртанняў. Але айцец Піо быў, найперш, чалавекам гераічнай веры і безупыннай малітвы. На працягу ўсяго свайго зямнога жыцця ён цярпеў вялікія пакуты, ахвяруючы іх Богу за чалавечыя грахі. Пакліканнем айца Піо была любоў, якая найпаўней выявілася ў пакутах разам з Хрыстом дзеля збаўлення чалавецтва. Ён гаварыў: «… спальвае мяне любоў да Бога і да бліжняга (…). Душы маюць высокую цану, таму мы павінны здабываць іх так, як гэта рабіў Езус Хрыстус». Жыццё айца Піо і сёння напамінае нам, што цярпенне, прынятае з любоўю і перажытае з верай, у лучнасці з Езусам Хрыстом, мае вялізную каштоўнасць. Яно становіцца шляхам да збаўлення.

16 чэрвеня 2002 г. — кананізацыя а. Піо.