Сярод літанійных ускліканняў да Сэрца Езуса ёсць такое: «Сэрца Езуса, супакой і паяднанне нашае». Наш Бог — гэта Бог супакою, яго Даўца. Супакою прагне раздвоены чалавек, які паддаецца ўплывам гэтага свету і ўсялякаму неспакою. Як струмень крынічнай вады і павеў горнага ветру, Хрыстовыя словы, сказаныя вучням у Вячэрніку: «Супакой пакідаю вам, супакой Мой даю вам; даю вам не так, як свет дае: няхай не сумняваецца сэрца вашае і не баіцца» (Ян 14, 27).
На Гары Благаславенняў Езус кажа: «Шчаслівыя міратворцы, бо яны сынамі Божымі будуць названы» (Мц 5, 9).
Трэба быць вельмі блізка да Хрыста, каб усім сэрцам прыняць праўду, якую нясуць гэтыя словы.

Супакой — гэта дар Духа Святога і пашыраецца ён праз любоў. Толькі той, хто любіць, мае спакой у сабе і можа несці яго іншым. Гэты спакой супрацьлеглы духу гэтага свету, духу звадак, інтрыгаў і канфліктаў.

Брак супакою напаўняе чалавека смуткам, што сведчыць пра наш адыход ад Езуса, які адорвае нас радасцю і супакоем. Уцёкі ад цярпення, ад цяжкасцяў, ад сапраўднай любові ў свет ілюзій і рэкламы яшчэ больш паглыбляюць гэты смутак. Але чалавек, які спрабуе пакорліва адкрыць сябе перад Богам, атрымлівае дар супакою. Дае яму яго шчодры ў сваім прабачэнні Езус, які спачувае нашай слабасці. Тады ў людскім сэрцы адбываецца змена, новае жыццё, як святло і цяпло, праменіць на атачэнне. Аднак, з другога боку,

  • прыняцце супакою
  • патрабуе ўнутранага
  • намагання,

    змагання з самім сабою. Нашу ўнутраную раздвоенасць бачаць іншыя; яна датычыць таксама тых, хто кажа пра сябе, што належыць да Хрыста, да Яго Касцёла. А тым часам еднасць Ягоных вучныў павінна аб’яўляць свету Хрыста і Яго супакой.

    Добра, калі мы часта разважаем над літанійнымі ўскліканнямі, бо яны — святло для нас. Езус ішоў па жыцці, робячы дабро, любячы, адорваючы ўсіх міласэрнасцю. Тым, хто хоча быць Яго вучнямі, Ён сказаў: «...вучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі і лагоднага сэрца, і знойдзеце супакой душам вашым» (Мц 11, 29).

    Езус прынёс Добрую Навіну. Гэта Навіна — супакой для ўсіх людзей добрай волі, супакой сэрца. Будзем жа сведчыць, што нас любіць Бог, каб людзі, да якіх мы ідзем, маглі адчуць гэтыя любоў і супакой. Асоба, паяднаная з Богам, заглыбленая ў Яго Сэрца, абуджае дабрыню, лагодзіць спрэчкі і хоць часта плаціць за гэта ўдзелам у крыжы, нясе супакой.

    Калі адно сэрца клапоціцца пра другое, заўсёды здзяйсняецца цуд новага жыцця, цуд супакою. Калі сёння яго ў нас няма, то гэта яшчэ й таму, што мы забылі, што належым адно аднаму ўзаемна, што ўсе мы, людзі, браты і сёстры паміж сабою.

    Пан Езус сказаў сястры Фаустыне: «Чалавецтва не знойдзе супакою, калі не звернецца да маёй міласэрнасці». Адказам святой была малітва, праца, цярпенні, якія яна зносіла, каб выпрасіць ласку супакою: «О Езу, я разумею, што Твая міласэрнасць неспасцігальная, таму малю Цябе, учыні сэрца маё такім вялікім, каб змясціла яно патрэбы ўсіх душаў, што жывуць на ўсім зямным абшары». Прысутнасць Езуса, Яго спагадлівае і любячае Сэрца — крыніца супакою і паяднання — гэта адзіны паратунак, Яно дапамагае знайсці Дом, у якім чакае багаты сваёю міласэрнасцю Айцец. Супакой сыходзіць ад Бога і ўпарадкоўвае ўсё ў чалавеку і паміж людзьмі. Такі спакой не з гэтага свету. Ён — дар, які можна прыняць альбо адкінуць. А гэта заўсёды мае свае пэўныя вынікі...

    Як жа патрэбна нам, людзям, кожны дзень гэтае благаславенне, аб якім можам прасіць таксама Беззаганнае Сэрца Марыі, такое блізкае Сэрцу Яе Сына. Гэта Найвялікшая Любоў нам кажа: «Няхай табе Пан благаславіць і беражэ цябе. Няхай Пан распраменіць аблічча сваё над табою, няхай адорыць цябе сваёю ласкаю. Няхай паверне да цябе аблічча сваё і няхай адорыць цябе супакоем» (Лб 6, 24—26).

    Пераклад з польскай К. Л.