У прынцыпе мы мала ведаем пра Найсвяцейшую Маці. Новы Запавет абмінуў маўчаннем не адзін марыйны сюжэт (пра іх шырока гавораць апокрыфы).

Біблія звяртае нашу ўвагу толькі на тое, што ў Марыі найважнейшае... Людзі пытаюць, ці прыгожаю жанчынаю была Божая Маці. У Святым Пісанні мы не знаходзім адказу на гэтае пытанне. Касцёл кажа: была прыгожая, але не тою прыгажосцю, пра якую думаюць цялесныя людзі (так называе тых, хто думае часовымі катэгорыямі, св. Павел — гл. 1 Кар 3, 3), бо людскія думкі не з’яўляюцца думкамі Божымі (гл. Іс 55, 8). Так, Яна была найпрыгажэйшаю сярод жанчын — але ў вачах Бога. Для тых, хто не глядзіць на свет па-Божаму, Марыя не можа быць узорам хараства, бо Яна жыла так, «каб падабацца не людзям, а Богу» (1 Фес 2, 4).

Найсвяцейшая Маці апраналася заўсёды сціпла (калі Яна мае каралеўскія шаты, то толькі на абразах і ў скульптурах — у людскім уяўленні, не ў аб’яўленнях). Мала хто ведае пра тое, што ў Фаціме Яна не прыняла парфумаў. «Калі я хацела даць Ёй флакончык парфумы, ахвяраваны адным з пілігрымаў, — успамінае с. Люцыя, — Марыя ўсміхнулася толькі і сказала, што ў Валадарстве Божым такія рэчы непатрэбныя». Свет не скажа: паглядзіце, якая Яна прыгожая! Але Бог так гаворыць, а Касцёл спявае Ёй песні праслаўлення.

Няважна знешняе, тое, на што глядзіць і чым захапляецца свет. Святое Пісанне не пакідае сумненняў: лічыцца толькі тое, што важнае ў вачах Бога. Калі мы сутыкаемся са сцэнай Апошняга Суда (гл. Мц 25), то ясна заўважаем адзіны крытэрый: для Бога мае значэнне толькі сэрца.

Мы павінны «падабацца не людзям, а Богу, які даследуе нашыя сэрцы» (1 Фес 2, 4). Мы павінны быць як Марыя. Што гэта значыць, калі кожны чалавек — іншы, а гэтую адметнасць вызначае нашае пакліканне і падпарадкаваныя яму таленты? Марыя — знак для нас, што, каб стаць святым, трэба перадусім развіць у сабе той дар, які кожны з нас атрымаў. Гэты дар — сэрца. Яно, як зернейка, пасеянае ўнутры нас. Судны Дзень пакажа, наколькі зерне адмерла і дало плён...

Бог глядзіць толькі ў нашае нутро, а прыгожы чалавек у Яго вачах той, хто мае прыгожае сэрца... Марыя прыгожая, бо мае прыгожае сэрца. Яе Сэрца — Беззаганнае, а таму не нараджае зла, не памятае злога, усё зносіць, усяму верыць, усё вытрымлівае; гэтак, як у гімне пра любоў (гл. 1 Кар 13). Яе сэрца ўражлівае, Яго лёгка параніць, бо Яно не замыкаецца перад людзьмі, Яно адкрытае для добрых і злых...

Калі мы ўшаноўваем Беззаганнае Сэрца Марыі, мы кленчым перад Яе вялікаю святасцю — такою вялікаю і чыстаю, што Ёй баліць найменшы грэх.

«Май спачуванне...» — прасіла Марыя ў Фаціме. Калі нашыя сэрцы адміраюць для сябе, то мы спачуваем цярпенню Яе Беззаганнага Сэрца. (...) Мы становімся падобнымі да Марыі праз спачуванне гэтаму незвычайнаму Сэрцу, якое з малога зернейка разраслося так, што кожны, хто хоча, можа наблізіцца да Яго і выцягнуць руку, каб зачэрпнуць з паўнаты ласкаў. Зачэрпнуць альбо... зраніць.

Пераклад з польскай К. Л.