Мая дачка ў свой час зрабіла два аборты. Была яна тады далёкая ад Касцёла і не ўсведамляла цяжару граху. Цяпер жа, калі зразумела, што яна зрабіла, не можа сабе дараваць. Была на споведзі, але ніяк не можа паверыць, што Бог ёй прабачыў. Яна замкнулася, рэдка ходзіць у касцёл, кажа, што цяжар граху яе пераследуе. Чым я, маці, магу ёй дапамагчы?

Марыя

На пытанне адказвае кс. Вячаслаў БАРОК.

Часам мы, людзі, надта позна б’ём трывогу, найчасцей пасля таго, як здарыцца бяда. Гэта ўсё роўна як хавацца ад дажджу пасля адгрымелай навальніцы: на небе з’явілася вясёлка, а мы нарэшце ўзгадалі пра свае парасоны, раскрылі іх і здзівіліся — парасоны над намі, свеціць сонца, а мы мокрыя...

Шаноўная спадарыня Марыя! Вельмі добра, што вас турбуе лёс дачкі і што вы хочаце ёй дапамагчы. Каб адказаць на вашае пытанне, трэба спачатку разабрацца, калі нарадзілася сапраўдная праблема вашай дачкі. Вы пішаце, што яе пераследуе цяжар граху, што яна замкнулася, не можа паверыць у Божае прабачэнне. З вашых слоў вынікае, як быццам гэта і ёсць тая праблема, над якой цяпер трэба думаць. Аднак, на маю думку, гэта толькі наступства, вынік праблемы, а сама яна тоіцца ў іншым. Яна нават не ў тым, што ваша дачка зрабіла два аборты, бо тады, калі дзеелася гэтае злачынства, яна, як вы пішаце, не ўсведамляла цяжару граху, інакш кажучы, не ўсведамляла ўсяго зла гэтага ўчынку. А як можна судзіць чалавека, калі ён не да канца разумеў, што робіць? Прычына праблемы ў тым, што ваша дачка была «далёкая ад Касцёла». Калі чалавек далёкі ад Касцёла, то ён далёкі і ад Бога, бо Касцёл — гэта месца, дзе можна сустрэцца з Ім. Цяжка, а дакладней, немагчыма, жывучы без Бога, не заблудзіцца ў сваім жыцці. Чалавек, які жыве без Бога, губляе сваю чалавечнасць. Нават у жывёльным свеце маткі не забіваюць сваё патомства, а калі і сустракаюцца такія выпадкі, то гэта выключэнне, а яно, як вядома, падкрэслівае, што існуе адваротнае правіла.

Можна не ўсведамляць цяжару граху, ідучы на аборт, і не думаць пра адказнасць перад Богам, але немагчыма апраўдаць уласнаручнае забойства сваіх жа дзяцей, бо сам факт аборту супярэчыць усяму іншаму свету, законам, па якіх ён жыве і развіваецца. У сумленні кожнага чалавека напісана, што трэба рабіць дабро і пазбягаць зла. Асабіста мне цяжка паверыць, што ваша дачка не ведала пра тое, што аборт — гэта забойства ненароджанага дзіцяці, вялікае зло. І ўсё ж тэарэтычна гэта можна прыняць, з той умовай, што яна не пазнала Бога, Яго волі, Яго планаў адносна кожнага з нас. А гэта ўжо, хіба, і ваша віна, спадарыня Марыя. Адкажыце, калі ласка, сабе на пытанне, ці ўсё вы зрабілі, каб пераказаць дар веры сваёй дачцэ, ці забяспечылі ёй у свой час рэлігійнае выхаванне? Дык вось: біць трывогу трэба было тады, калі вы заўважылі, што дачка «далёкая ад Касцёла», бо менавіта тады пачыналася яе трагедыя.

Сёння ж вырашэнне праблемы будзе ў тым, каб знайсці адказ на пытанне, што рабіць дзеля таго, каб ваша дачка змагла па-сапраўднаму паверыць у Бога, і не ў таго, якога яна мае ў сваім уяўленні, які не хоча прабачыць ёй грахі (бо такога Бога няма), але паверыць у міласэрнага Айца, які адкрыўся нам праз свайго Сына Езуса Хрыста і які сёння прабывае з намі праз Святога Духа.

Нават калі ваша дачка знойдзе такога Бога, паверыць у Яго, прыйдзе да Яго, то і тады цяжар яе граху не зменшыцца, аднак тады яна зразумее: грэх больш не пераследуе яе, бо яго ўсклаў на свой крыж Езус Хрыстус, які за нас памёр і змёртвыхпаўстаў, каб мы маглі ўжо ў гэтым свеце зведаць такую вялікую Божую любоў. «Хто ж можа нас адлучыць ад любові Божай? Ці гора, ці прыгнёт, ці пераслед, ці голад, ці нястача, ці небяспека, ці меч? ...ані якое-кольвечы стварэнне не зможа нас адлучыць ад любові Бога, якая ў Хрысце Езусе, нашым Пану» (Рым 8, 35. 39).

Паважаная спадарыня Марыя! Для таго, каб ваша дачка знайшла духоўны супакой, трэба, каб яна паверыла ў Бога, які ёсць Любоў. А што трэба рабіць, каб чалавек мог паверыць, гэта ўжо іншае пытанне. Безумоўна, шлях да Бога — шлях не аднаго дня, але варта прыкласці ўсе намаганні, каб ваша дачка вырушыла на пошукі Бога. Сустрэўшыся з Ім, яна зможа адшукаць прабачэнне і супакой, атрымаць адказ на кожнае пастаўленае пытанне.