М. Кандратовіч

* * *

ляці ў нябёсы, ціхае маленне,
і пацалунак Богу перадай
адно душы нявіннай наталенне —
Твой, Божа, чысты і шчаслівы Край

* * *

дзе сонная поўня
касцёл асвятляе
на вежы
святы галубок спачывае
малыя анёлкі
у светлых галовах
у сне не губляецца
Божае Слова

* * *

святое неба святой Гародні
цалуе сэрца, вочы, далоні, —
маё жыццё
мой Нёман бароніць

* * *

пацалунак нябёс
мне прынесла сняжынка
стала холадна сэрцу
ў яе цеплыні
я такая празрыстая
нібы ільдзінка
а навокал
спакойныя ясныя дні

* * *

адкуль вясна прыходзіць
                           невядома
з якіх далёкіх стоптаных дарог
а я шчасліваю бываю дома
і мне мой добры Бог
                           мой дом збярог

* * *

я схаваю слёзы
у прыціхлай хаце
з іх сплятаю, бы са слёзкаў,
                           палявы вянок
не скажу, чаго я плачу,
                           ціхай маці —
ссушыць слёзы вецер,
вытра змрок

Восень

кранае стомленыя вочы сон
дажджом халодным
                           сплакалася лета
закутаўся
                           у павуцінне дом
душа санлівай стомаю сагрэта