Фрагменты Паслання Яна Паўла ІІ на XVII Сусветныя дні моладзі 2002 у Таронта

«Моладзь — наша надзея. Не дазвольце памерці гэтай надзеі», — сказаў Святы Айцец Ян Павел ІІ, звяртаючыся да трохсот тысяч маладых людзей, сабраных у Таронта на XVII Сусветных днях моладзі.
Сталіца Канады напрыканцы гэтага спякотнага ліпеня расквецілася штандарамі 172 краін свету, якія з шацункам схілялі перад Наступнікам Святога Пятра маладыя пасланцы гэтых краінаў.
Незабыўныя дні ў Таронта былі напоўненыя супольнай малітвай, шчырым і глыбокім дыялогам, які Святы Айцец пастаянна вёў з моладдзю.
«Пане Езу Хрыстэ, захавай гэтых маладых людзей у Тваёй любові... Дазволь ім чуць Твой голас... учыні з іх новы люд Благаславенняў, каб яны маглі быць соллю зямлі і святлом свету», — маліўся Ян Павел ІІ. Папа заклікаў моладзь ганарыцца сваёю прыналежнасцю да хрысціянства. «Калі любіце Езуса, любіце і Яго Касцёл», — падкрэсліў на апошняй сустрэчы з маладымі Святы Айцец.

(...) 2. «Вы — соль зямлі... Вы — святло свету» (гл. Мц 5, 13-14) (...) Гэтыя два сімвалы, якія ўжывае Езус, — соль і святло — маюць вельмі багаты змест і ўзаемадапаўняюцца. У старажытныя часы соль і святло лічыліся важнымі элементамі чалавечага жыцця.

«Вы — соль зямлі...». Як добра вядома, адна з асноўных функцый солі — прыправа ежы, наданне ёй смаку. Гэта павінна нам нагадваць, што праз хрост наша чалавечая істота была глыбока зменена, бо была «прыпраўлена» новым жыццём, якое бярэ свой пачатак ад Хрыста (гл. Рым 6,4). Соллю, дзякуючы якой хрысціянская тоеснасць не губляе сваёй сутнасці нават у моцна зсекулярызаваным асяроддзі, з’яўляецца ласка хросту, якая нас адрадзіла, дала нам жыццё ў Хрысце і ўчыніла здольнымі адказаць на яго заклік, каб «аддаць [нашыя] целы як ахвяру жывую, святую, прыемную Богу» (гл. Рым 12, 1). Святы Павел, пішучы да Рымлянаў, заахвочвае, каб яны звярталі ўвагу на свой адметны — у адносінах да сучасных ім людзей — спосаб жыцця і мыслення: «Не прыстасоўвайцеся да веку гэтага, але перамяняйцеся абнаўленнем розуму вашага, каб умелі распазнаць, што ёсць Воля Божая — добрае, прыемнае і дасканалае» (гл. Рым 12, 2).

Доўгі час соль выкарыстоўвалася таксама і пры кансерваванні прадуктаў харчавання. Як соль зямлі, вы пакліканы захаваць веру, якую атрымалі, і некранутай перадаць яе іншым. Вашае пакаленне з асабліваю сілаю пастаўлена перад выклікам, каб захаваць непарушным дэпазіт веры (гл. 2 Фэс 2, 15; 1 Цім 6, 20; 2 Цім 1, 14).

Адкрыйце вашыя хрысціянскія карані, вывучайце гісторыю Касцёла, паглыбляйце веданне духоўнай спадчыны, якая вам была пакінута, наследуйце сведкаў і настаўнікаў, якія ішлі перад вамі! Толькі тады, калі будзеце вернымі Божым запаведзям, Запавету, які Езус замацаваў уласнай крывёю, пралітай на Крыжы, — вы зможаце быць апосталамі і сведкамі новага тысячагоддзя.

Пошукі Абсалюту, сэнсу і паўнаты існавання ўласцівыя для чалавека, асабліва для моладзі. Шаноўная моладзь, няхай вас не задавальняе нічога з таго, што стаіць ніжэй за самыя высокія ідэалы! Не дазваляйце сабе страціць запал з-за тых, хто, расчараваны ў жыцці, не чуе глыбокіх і сапраўдных памкненняў сэрца. Вы маеце рацыю, калі не згаджаецеся на сумніўныя забавы, мімалётную моду і прапановы, якія вас прыніжаюць. Калі вы захаваеце моцнае прагненне Бога, то здолееце пазбегнуць пасрэднасці і прыстасавальніцтва, якія так распаўсюджаны ў нашым грамадстве.

3. «Вы — святло свету...». Для тых, хто слухаў Езуса з самага пачатку, так, як і для нас, сімвал святла атаясамліваецца з імкненнем да праўды і асягненнем паўнаты ведаў, адлюстраваных у глыбіні кожнай чалавечай істоты.

Калі святло змяншаецца ці знікае, немагчыма адрозніць навакольную рэчаіснасць. Часам уначы чалавек баіцца і адчувае сябе няўпэўнена, і тады ён з нецярплівасцю чакае світання. Дарагая моладзь, вы павінны быць вартавымі раніцы (гл. Іс 21, 11-12), што абвяшчаюць узыход сонца, якім з’яўляецца ўваскрослы Хрытус!

Святло, пра якое гаворыць нам Езус у Евангеллі, — гэта святло веры, бескарыслівы дар Бога. Яно прыходзіць, каб асвяціць сэрца і праясніць розум: «Бо Бог, які загадаў з цемры заззяць святлу, засвяціў у сэрцах нашых дзеля прасвятлення нас пазнаннем славы Божай у асобе Езуса Хрыста» (гл. 2 Кар 4, 6). Вось чаму словы Езуса набываюць выключнае значэнне, калі Ён вызначае сваё месца і місію на зямлі: «Я — святло свету; хто пойдзе за Мною, той не будзе хадзіць у цемры, але будзе мець святло жыцця» ( гл. Ян 8, 12).

Асабістае спатканне з Хрыстом пралівае новае святло на жыццё, кіруе нас на адпаведны шлях і абавязвае быць Яго сведкамі. Новы спосаб бачання свету і людзей, што ад Яго паходзіць, глыбока нас пранікае ў таямніцы веры. Яна не з’яўляецца толькі зборам тэзісаў, якія розум павінен прыняць і зацвердзіць. Вера — гэта пэўны вопыт, які трэба засвоіць, гэта праўда, якою трэба жыць, соль і святло ўсёй рэчаіснасці (гл. Veritatis splendor, 88).

У сённяшнім кантэксце секулярызацыі, калі шмат нашых сучаснікаў думаюць і жывуць так, як бы Бог не існаваў, ці захопленыя іррацыянальнымі формамі рэлігійнасці, неабходна, каб менавіта вы, дарагая моладзь, нанава пацвярджалі, што вера з’яўляецца асабістым выбарам, з якога вынікае такое альбо іншае жыццё чалавека. Няхай Евангелле стане важным крытэрыем, які вызначае выбар і кірунак вашага жыцця! Такім чынам вы станеце місіянерамі ў словах і ўчынках там, дзе жывяце і працуеце, будзеце знакамі Божай любові, сапраўднымі сведкамі любячай прысутнасці Хрыста. Памятайце: «Запаліўшы свечку, не ставяць яе пад судзінай, але на ліхтары, і свеціць усім, хто ёсць у доме» (гл. Мц 5, 15).

Так, як соль надае смак ежы, і як святло свеціць у цемры, так святасць надае паўнату сэнсу жыццю, чыніць яго водсветам Божай хвалы. Колькі ж святых, у тым ліку і сярод моладзі, дае нам гісторыя Касцёла! У сваёй любові да Бога яны паказалі свету ўласныя гераічныя цноты, становячыся прыкладамі жыцця, якія Касцёл дае ўсім у якасці ўзору для наследвання. Сярод многіх дастаткова ўзгадаць Агнешку Рымскую, Андрэя з Фу Йен, Пятра Калунгсод, Жазэфіну Бакіта, Тэрэсу з Лізье, П’ера Джорджыо Фрасаці, Марчэла Калё, Францішка Кастэлё Але, ці яшчэ Катэры Тэкаквіта, маладую індыянку, якую называлі «ліліяй племені Mohawks». Прашу Бога, тройчы святога, праз заступніцтва гэтай незлічонай колькасці сведкаў, каб вас, шаноўная моладзь, Ён учыніў святымі — святымі трэцяга тысячагоддзя!

Пераклад з польскай К. Лялько.