Памятаю, як у друйскім касцёле святой Тройцы ў дзень пасвячэння ў святары Міхала Цвячкоўскага і Аляксандра Рагіні мяне вельмі ўзрушыла, калі пасля пасвячэння ксёндз Міхал Цвячкоўскі ў пераліку тых людзей, якім ён дзякаваў за духоўную падтрымку на шляху святарства, падзякаваў і айцу марыяніну Антонію Ласю. Памятаю, як мне здалося ў тую хвіліну, што прысутныя сцішылі дыханне, — малады святар дзякаваў таму, каго ўжо не было на гэтым свеце. І ўсё ж гэты зрух душы Міхала быў зразумелы: вельмі ж шмат сэрца дзеля гэтага дня, дзеля таго, каб ягоны былы парафіянін таксама стаў марыянінам, святаром, аддаў святой памяці айцец Антоні. Шмат маліўся і шмат ускладаў надзеі на моладзь. Ён быў перакананы: Касцёл на Беларусі набярэ моц і будзе хутка развівацца, калі ў яго прыдуць тыя святары, што выйшлі з гэтага ж асяроддзя, спазналі кошт тутэйшага хлеба.

Ксёндз Міхал вырас, як кажуць, пры касцёле. Праўда, яго дзяцінства прыпала на той час, калі за наведванне Святой Імшы бацькі маглі атрымаць сур’ёзнае ўшчуванне на школьным сходзе. Але, дзякуй Богу, час змяніўся. І змяніўся ён настолькі, што хлопец з маленькай вёсачкі Латышонкі, што на Мёршчыне, змог атрымаць вышэйшую адукацыю за мяжой, у Люблінскім каталіцкім універсітэце, і адначасова там жа атрымаць духоўную фармацыю ў ордэне марыянаў. Яго мара збылася вясной 2002 года: з рук Апостальскага нунцыя Івана Юркавіча ён атрымаў сакрамант святарства. І збылася мара айца Антонія, які ўсе гэтыя гады маліўся за рэалізацыю паклікання свайго выхаванца, перадаючы яму духоўныя набыткі беларускіх марыянаў. Праўда, не пакідала адчуванне жалю, што не дажыў да гэтага шчаслівага дня а. Антоні — як бы ён цешыўся! Але... хіба ж не адчувалася ў той дзень так моцна, так выразна ягоная прысутнасць у друйскім касцёле, які ён так любіў і з якім звязаў найлепшыя старонкі свайго жыцця?..

Не хапала на той ўрачыстасці і яшчэ аднаго чалавека, для якога яна была б вялікай радасцю, — Ганны Дубовік, чыё апостальства на гэтай зямлі было такім прыгожым і такім ахвярным. Парафіянка лучайскага касцёла, што на Пастаўшчыне, яна прыняла на сябе вялікую долю цяжару, які выпаў на долю парафіі. Закрыццё касцёла ў часы пераследу, высылка спачатку аднаго, а потым і другога святара, сясцёр-законніц — праз усё гэта трэба было прайсці. І не проста перажыць, перачакаць, але ўсімі сіламі змагацца за вяртанне справядлівасці. Гэтая кволая з выгляду жанчына была надзвычай моцная сваімі высакароднымі ўчынкамі. Яна наведвала ссыльных святароў у далёкім выгнанні, дапамагала ім пасылкамі, трымала сувязь з высланымі законніцамі, а самае галоўнае — не стамлялася маліцца. Касцёл быў зачынены, але Ганна малілася дома, а часта выпраўлялася ў Вільню, да маці Божай Вастрабрамскай. Ёй яна несла вялікую крыўду і скаргі на несправядлівасць, што абрынулася на душы людзей. Тут, у Вострай Браме, яна давала волю слязам, тут чакала падтрымкі, тут і ўмацоўвалася, каб, вярнуўшыся да хаты, у беспрасветную калгасную рэальнасць, знаходзіць у сабе сілы жыць не толькі для сябе і сваіх блізкіх, але і для ўсіх, хто прагнуў Божага слова, Божай падтрымкі. І таму вечарамі, пасля цяжкага працоўнага дня яе хата часта ператваралася ў дом малітвы. Сюды вяскоўцы прыходзілі на ружанец, на іншыя супольныя малітвы. Тут жа яна катэхізавала дзяцей, рыхтавала іх да першай споведзі, а потым сама везла іх ноччу, каб не бачылі непрыязныя вочы, у Гадуцішкі. Наўрад ці ведаў хто з вяскоўцаў, а таксама і з тых дзяцей, якім яна прысвячала так шмат свайго часу, што Ганна Дубовік была патаемнай законніцай, сястрой бернардынкай.

Сярод дзяцей, што пазнавалі Бога ў яе хаце, быў і Аляксандр Рагіня. Яго, чыя душа змалку моцна хінулася да Бога, Ганна Дубовік вылучыла адразу. З ім яна найбольш размаўляла, яму найбольш распавядала пра Бога, а калі хлопец адчуў у душы пакліканне да Божай службы, пачала шчыра і ахвярна маліцца за яго. Сёлета ксёндз Аляксандр атрымаў сакрамант святарства. Радасць гэтай падзеі Ганна Дубовік зведала ўжо ў вечнасці. Цешыць тое, што для самога Аляксандра шмат значыць прыклад яго зямлячкі, як і прыклад святара Часлава Барвіцкага, які некалі служыў у лучайскім касцёле, потым быў высланы ў сталінскі лагер, але нават і ў далёкай Сібіры здолеў застацца святаром для сваіх парафіянаў, навучаючы іх, падтрымліваючы, абвяшчаючы Божую праўду праз лісты, якія ён дасылаў на імя Ганны Дубовік.

Такія старонкі гісторыі Касцёла, калі толькі дакранаешся да іх сэрцам, прымаеш нераўнадушнаю душою, здольныя навучыць маладога чалавека вельмі многаму. Таму, можна сказаць, гэтым двум маладым святарам — Міхалу Цвячкоўскаму і Аляксандру Рагіню — пашанцавала: яны мелі добрых настаўнікаў. Вельмі хочацца верыць, што духоўная спадчына, перададзеная ім людзьмі, якія так аддана, так бескарысліва служылі Богу, будзе праз гады ўмацоўваць іх і дапамагаць гэтак жа любіць наш адзіны, святы, каталіцкі і апостальскі Касцёл.

Ірына Жарнасек.
Фота аўтара ў дзень урачыстасці ў Друі, а таксама з архіва.