Хор «Hosanna» пры віцебскім катэдральным касцёле св. Барбары быў створаны па бласлаўленні і ініцыятыве біскупа дыяцэзіі Уладзіслава Бліна ў 2000 годзе. Першымі, хто пачуў яго спевы, былі парафіяне і святары — удзельнікі сінадальнага паседжання, якое праходзіла ў святыні ў чэрвені 2000 года.

Кіраўнічка хору Таццяна Дарафеева прыйшла ў касцёл дзесяць гадоў таму пасля наведання санктуарыя Маці Божай Ліхенскай. І сёння яна з хваляваннем згадвае пра Літургію ў Ліхені, якая па сутнасці стала для яе і яе сям’і першым крокам да Бога. Таццяна працавала тады ў Барысаве ў музычнай школе і цвёрда вырашыла паяднаць свой лёс з Касцёлам праз прыняцце святых Сакрамантаў, што неўзабаве і зрабіла разам з мужам пры добразычлівай падтрымцы пробашча мясцовай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі Юзафа Пятушкі. У 1993 г. сям’я Дарафеевых пераехала жыць у Віцебск. І тут вялікую дапамогу ў яе станаўленні як каталіцкай сям’і аказаў пробашч парафіі св. Барбары Януш Скэнчэк.

Хор стварыўся не адразу, хоць, як гаворыць сама Таццяна, такая мара не давала ёй спакою з першага дня жыцця ў Віцебску. Галоўнай перашкодаю для яе ажыццяўлення доўгі час была адсутнасць дзейснага аднадумцы. Сітуацыя змянілася пасля знаёмства ў 1999 г. з верніцай парафіі, выкладчыцай музыкі віцебскай школы мастацтваў № 1 Святланай Шыдлоўскай. Вера і адданасць справе здружылі жанчын, і пачалася сумесная праца. Першым, хто падтрымаў іх, быў пастыр новаўтворанай дыяцэзіі Уладзіслаў Блін. На першыя спеўкі ў чэрвені 2000 г. прыйшло 15 чалавек (амаль усе яны і сёння складаюць аснову калектыва), а наогул падчас святочных Літургій удзел у спевах хору бяруць да 30 чалавек. Гэта і школьнікі, і студэнты, і рабочыя, і службоўцы, і прадпрымальнікі. Некаторыя прыходзяць сем’ямі: Дулебавы, Галуставы, Шыдлоўскія, Образавы, Цары. Усіх іх яднае вера ў Бога і любоў да песні, жаданне зрабіць супольную малітву, Святую Імшу як мага больш прыгожай. Не апошняя мэта калектыва — азнаямленне парафіянаў з літургічнымі спевамі, далучэнне да цудоўнага свету музыкі.

Хор спявае літургічныя песні на лацінскай, польскай, французскай, рускай, італьянскай мовах, але адной з галоўных задач лічыць прапаганду і распаўсюджанне спеваў на роднай мове. Менавіта іх найбольш у рэпертуары, менавіта ім аддаецца перавага.

На працягу двух гадоў хор «Hosanna» ўдзельнічае ва ўсіх святочных і нядзельных Літургіях у касцёле св. Барбары, з’яўляецца жаданым госцем у іншых парафіях горада і дыяцэзіі — шумілінскай Маці Божай Фацімскай, полацкай св. Андрэя Баболі. Сёлета на Каляды хор наведаў сясцёр ордэна Святой Сям’і ў Баранавічах.

Значна дапамагаюць у арганізацыі працы хора ксяндзы Міхал Ермашкевіч і Браніслаў Дашкевіч. Абодва аматары старадаўніх спеваў, яны не толькі дапамагаюць у складанні рэпертуару, але і падтрымліваюць маральна. І ўдзельнікі, і рэгенты хору вельмі ўдзячныя ім за гэта.

Сёння хор катэдральнага касцёла св. Барбары добра ведаюць у горадзе. Самаахвярная, асабліва на пачатку станаўлення, праца яго ўдзельнікаў дала добры плён: людзі цягнуцца да спеваў, знаходзячы ў іх і адхланне ад няпростых жыццёвых клопатаў, і радасць паяднання аднаго з адным і з Богам.

На пытанне, чым з’яўляецца хор у жыцці яго ўдзельнікаў, адказы былі такія:

Ганна Парамонава, студэнтка Віцебскага дзяржуніверсітэта:

— Найперш — цудоўнаю школай узаемаадносінаў. Спяваючы адзін, чалавек прыслухоўваецца толькі да сябе, а ў хоры мусіць лічыцца з іншымі.

Сяргей Ганчароў, дзесяцікласнік СШ № 17:

— Магчымасцю лепш разумець іншых людзей. Маю досвед на гэты конт: мой бацька прыйшоў у касцёл, таму што я тут спяваю.

Таццяна Дарашчонак, адзінаццацікласніца гімназіі № 3:

— Магчымасцю выявіць сябе, а таксама прадэманстраваць людзям тую прыгажосць, якую можа стварыць чалавечы голас у імя праслаўлення Бога.

Таццяна Дарафеева, Святлана Шыдлоўская:

— Справаю, без якой не ўяўляем жыцця.

Дарэчы будзе дадаць, што ў хоры спяваюць не толькі католікі, але і праваслаўныя — выдатны ўзор міжканфесійнага ўзаемаразумення.

Голас — дар Бога. І падараваны ён чалавеку, як і ўсё астатняе, для добрых спраў. Хор «Hosanna» віцебскага катэдральнага касцёла св. Барбары заўсёды гэта памятае.

Франц Сіўко.

P.S. У гэтым годзе на фестывалі «Магутны Божа» хор «Hosanna» стаў лаўрэатам, а таксама адзіным парафіяльным хорам, які выйшаў у фінал і атрымаў спецыяльны прыз за ўклад у адраджэнне беларускай музычнай спадчыны (усе песні і псальмы спяваліся на беларускай мове).