Калі ўпершыню колькі гадоў таму ўбачыў у касцёле гэтую жанчыну, быў да таго ўражаны яе падабенствам да адной з маміных сябровак нябожчыцы цёткі Ядзі, што нават ледзь не падышоў, каб папытацца, ці не сваячка. Тыя ж уласцівыя нараджэнкам заходнебеларускіх вёсак і мястэчак сціпласць і паважнасць, стрыманасць і пабожнасць, а яшчэ, падумалася, пэўна, і працавітасць ды цягавітасць, бо дзе вы знойдзеце ў тых самых вёсках ды мястэчках жанчын гэткага веку нядбайных і лянівых?

Геня Магрын нарадзілася ў пабожнай каталіцкай сям’і ў вёсцы Аксютава Браслаўскага раёна. Першыя ўрокі Слова Божага атрымала ў далячанскай парафіі св. Станіслава, куды хадзіла на набажэнствы за 7 кіламетраў з маці ці бабуляй. Хадзілі маліцца і ў суседнюю Літву. Дома часта спявалі рэлігійныя песні. Першую Камунію Геня атрымала падчас вайны, калі мела ўсяго сем гадоў. Катэхезу праходзіла ў той жа далячанскай парафіі — і ўрокі катэхезы, і дарогу на іх праз лес, і першую споведзь Генавэфа Станіславаўна памятае так, нібыта ўсё гэта было ўчора.

А яшчэ памятае з тых страшных гадоў такі эпізод. Як толькі пачалася вайна, траіх Геніных дзядзькоў забралі ў польскае войска. І яна, дзяўчо, асабліва перажывала за лёс таго, хто яе хрысціў, Альфонса. Шмат малілася за яго — уранку, удзень, кладучыся спаць. І вось двое вярнуліся, а Альфонса ўсё няма. Прайшла пагалоска, што забіты. Ды аднойчы вярнуўся. Аказалася: быў у савецкім лагеры для ваеннапалонных. Першыя словы, якія вымавіў, ступіўшы цераз парог хаты: «Ці малілася Геня за мяне?» І распавёў, як часта бачыў пляменніцу ў сне ў атмасферы прыязнасці і пастаяннай апекі над сабою. Тады, мабыць, упершыню адчула дзяўчынка сілу малітвы, з таго часу і кіруецца ў жыцці спраўджаным на ўласным досведзе – «Без Бога ні да парога». У якія абставіны ні здаралася трапляць пазней — Бог і абараняў, і даваў сілы пераадолець цяжкасці, і моц знайсці паразуменне з людзьмі.

У Віцебск Геня Магрын трапіла, выйшаўшы замуж за тутэйшага хлопца. А тут — ні касцёла, ні нават каплічкі. Адчувала сябе вельмі няўтульна, дык, каб пабыць у касцёле, вяртаючыся кожны раз з радзімы ад маці, знарок ехала ў Віцебск праз Даўгаўпілс. Там ішла ў святыню, што знаходзілася недалёка ад аўтастанцыі, і малілася. Так працягвалася шмат гадоў.

Пра тое, што ў Віцебску будзе аднаўляцца каталіцкае жыццё, Генавэфа Станіславаўна даведалася, вяртаючыся напярэдадні першых свабодных выбараў з крамы. «Праходжу паўз купку людзей і чую: касцёл святой Барбары! Мяне ажно скаланула ўсю. Падыходжу да жанчыны, якая размаўляе з людзьмі, пытаюся, што будзе ў касцёле. «Можа, канцэртная зала, а можа, – адказвае, – і аддадуць нам, вернікам, калі як след пахадайнічаеце. А з чаго пачынаць тое хадайнічанне, калі нікога з католікаў, што жывуць у горадзе, не ведаю. Паехала ў Браслаў да пробашча Францішка Кіселя. Дамовіліся пра сустрэчу ў Віцебску. Прыехаў ксёндз сюды, сабралі чалавек трыццаць вернікаў і адслужылі прама ў хаце, пры стале замест алтара, першую Імшу. З гэтага дня і пачалі хадайнічаць аб перадачы католікам касцёла святой Барбары. Сабралі подпісы, пайшлі ў аблвыканкам. Хадзілі столькі, што там нас ужо ўсе ведалі. Толькі зойдзем у вестыбюль, а ахова ўжо пасміхаецца насустрач: маўляў, старыя знаёмыя! У аддзеле па справах рэлігій не толькі ведалі нашы прозвішчы, але і адрасы. Колькі слёз было, угавораў, просьбаў...»

У хаце Генавэфы Якушавай адпраўлялі набажэнствы восем месяцаў. Ксёндз Януш Скэнчэк, які прыехаў у горад наладжваць каталіцкае жыццё, жыў тут жа амаль два гады. Цеснавата было, вядома, ды на такую нязручнасць не зважалі: радасць сумеснай Эўхарыстыі перасільвала нязручнасці. Тым больш што неўзабаве і касцёл св. Барбары стаў уласнасцю вернікаў.

Сёння, нягледзячы на паважаны ўзрост, Генавэфа Станіславаўна актыўна ўдзельнічае ў каталіцкім жыцці сваёй парафіі. Пабывала ў пілігрымках да Маці Божай Будслаўскай, у Беластоку на сустрэчы з Папам. Але роднай дагэтуль лічыць далячанскую парафію св. Станіслава. Тую, дзе атрымала Першую Камунію, брала шлюб, хрысціла дачку. Там усё сваё, кроўнае. А яшчэ часта ўспамінае касцёл у Дрысвятах, дзе жылі Магрыны пасля таго, як немцы спалілі іх хату: «Так прыгожа там было! Так прыгожа! Флейта ды скрыпка як зайграюць — сэрца, бывала, заходзіцца ад гэткага хараства».

На маё пытанне, што б пажадала яна моладзі, Генавэфа Станіславаўна адказала: «Жыць з Богам». Бо іншага жыцця яна не ўяўляе.

Франц СІЎКО.
Фота з сямейнага альбома Якушавых.