Пешыя пілігрымкі ў Тракелі да цудадзейнага абраза Маці Божай Тракельскай адбываюцца ў пачатку ліпеня. Я вырасла на дарозе пілігрымаў у мястэчку Забалаць. На ўрачыстасці Маці Божай у Тракелях я бывала са сваімі бацькамі, з дзядулямі і бабулямі. Некалькі разоў далучалася да пілігрымаў на невялікія часткі дарогі, а ў гэтым годзе прайшла пілігрымку з гродзенскай моладдзю ад Фарнага касцёла і да Тракеляў. Нас было каля 450 чалавек, мы ішлі пяць дзён — з 1 да 5 ліпеня (уся дарога складае 134 кіламетры). З намі ўвесь час былі ксёндз пралат францішканін Юрый Лявінскі, ксёндз дыякан Валерый Быкоўскі, клерыкі семінарыі, законныя сёстры.

Кожны дзень мы пачыналі з ранняй малітвы. Выходзілі ў дарогу пасля Святой Імшы, на шляху спявалі Гадзінкі аб Беззаганным Пачацці Найсвяцейшай Панны Марыі, у тры гадзіны адмаўлялі і спявалі Вяночак да Божай Міласэрнасці, часткі ружанца, спявалі песні пад гітару. Кожны вечар перад сном мы адмаўлялі малітоўную пераклічку (Apel).

Пілігрымка — гэта малітва дарогі, рэкалекцыя руху. У ёй удзельнічаюць не толькі людзі, якія ідуць за Крыжам Хрыстовым, але і ўсё наваколле — вёскі, прырода. Пілігрымка ўзняла нас над будзённым жыццём, мы былі бліжэй да неба, да Марыі, нашай і Хрыстовай Маці, якая першая, ужо цяжарная, прайшла пілігрымку да сваячкі Альжбеты, і была Яе дарога прыкладна такой, як наша — мы ўвесь час памяталі пра гэта.

1 ліпеня а 9-й гадзіне пасля споведзі ў Фарным касцёле мы шчыра ўдзельнічалі ў Св. Імшы. Кс. біскуп Антоні па-бацькоўску нагадаў нам, што да Божай Маці нас накіравалі нашы парафіі, святары і бацькі, і мы павінны памятаць пра ўсіх іх у малітвах дарогі. Благаславіў пілігрымаў таксама і кс. біскуп Аляксандр. Нас натхняў на добры марш дыякан Валерый. І мы пайшлі...

Першы прыпынак – у Путрышках. У Верцялішках абедалі і маліліся з ксяндзом Юрыем Лявінскім. У вёсцы Табала клерык Павел распачаў канферэнцыі аб Божых благаславеннях. Мы ў цішыні ўзгадвалі тыя выпрабаванні, у якіх Езус прыходзіў нам на дапамогу...

У вёсцы Бутнева мы прачыталі радасную частку ружанца, а ў мястэчку Азёры маліліся за першы дзень нашай пілігрымкі.

2 ліпеня ў Азёрах Святую Імшу праводзілі ксяндзы нашай дзевятоўскай парафіі. Кс. Станіслаў гаварыў казанне, наш ансамбль «Roax» спяваў, мы чыталі Святое Пісанне, псальмы, каментары. Ад Азёраў да Астрына нас вяла прыгожая лясная дарога. У Навасёлках над Котрай кс. Аляксандр прадоўжыў разважанні аб благаславёных справядлівых, бо яны святыя, а святым быць проста, калі заўсёды застаешся самім сабой, такім, якім цябе стварыў Бог...

У Астрыне мы маліліся ўвечары на стадыёне.

Трэці дзень, 3 ліпеня, быў найцяжэйшым. Зноў мы маліліся за жывых і памерлых навакольных вёсак Кулінарцы, Прудзяны, Хадзілоні. Па абедзе ў Новым Двары ў разважаннях аб благаславёных міласэрных дыякан Валерый апавядаў пра жабрачку, якой аднойчы паклалі ружы. Некалькі дзён яна не магла выйсці на сваё звыклае месца, бо ружы ёй падаравалі як міласціну, а яны сімвалізуюць любоў...

Забалаць — Радунь занялі чацвёрты дзень пілігрымкі. Мы прайшлі вёскі Праважа, Кулі, Клайшы, Куркі. Ксёндз Віктар разважаў пра благаслаўлёных у супакоі Божым. Супакоеныя пасля малітвы ў Радуні, мы назіралі футбольны матч паміж ксяндзамі і пілігрымамі...

Ранкам пасля Св. Імшы, якую цэлебраваў айцец францішканін Юрый, мы выйшлі на дождж і прайшлі без адпачынку да Пагародна, дзе кс. Андрэй правёў канферэнцыю аб благаславёных, якія церпяць у імя Езуса.

Гэта была пятніца. Мы прайшлі Крыжовую Дарогу, а пасля в. Асавы прачыталі балесную частку ружанца. Каля Бастунаў да нас далучыліся біскуп Аляксандр і Антоні.

Каля крыжа пасля малітвы «Ойча наш» мы ўзяліся за рукі і прасілі ўзаемнага прабачэння. Памаліліся за Святога Айца. У Тракелях нас спаткаў кс. Павел, пробашч тракельскай парафіі, а кс. Раман правёў з намі святую малітоўную ноч. Імша і працэсія са свечкамі па вёсцы Тракелі адбывалася з удзелам біскупаў. Потым былі ружанец, малітвы, песні з лідскім ансамблем «Міласць», прыміцыйная Імша маладых ксяндзоў і ўрачыстасць Маці Божай Тракельскай, у якой прымалі ўдзел 4 біскупы —– Аляксандр і Антоні, а таксама Ян і Кароль са Злучаных Штатаў. Госці з Амерыкі віталі тракельскіх пілігрымаў ад імя 65 мільёнаў католікаў свайго шматнацыянальнага і рознакаляровага краю...

Дадому мы паехалі аўтобусамі, машынамі – павезлі ў сваіх сэрцах вялікую збаўленчую радасць і Божую Міласэрнасць.

Марына Кандратовіч.
Фота аўтара і В. Царыка.