Ванда Пултаўская, вядомы вучоны-медык і псіхолаг, член Папскай Рады па справах сям’і, якая шмат гадоў працавала ў сямейных кансультацыях, галоўную прычыну распаду сем’яў бачыць у тым, што муж і жонка не могуць стварыць тую неабходную для захавання сям’і сувязь, якую Ян Павел ІІ называе асабовым адзінствам («communio personarum»). Калі не існуе адзінага «мы», а ёсць толькі дзве асобы, якія ідуць побач па жыцці, нічым, або амаль нічым не злучаныя, з цягам часу яны разыходзяцца. Праяўленняў адсутнасці глыбокага духоўнага адзінства ў сям’і можна назіраць шмат, бо раней ці пазней «адзінота ўдваіх» ператвараецца ў канкрэтную праблему — п’янства, здраду, прыніжэнне адно аднаго ці інш. Сямейныя кансультацыі, што дзейнічаюць па ініцыятыве і пад духоўным кіраўніцтвам Касцёла, існуюць менавіта для таго, каб дапамагчы людзям зразумець прычыну разбурэння ўласнага ачага і ў крытычны момант захаваць яго. Адна з такіх кансультацый з’явілася ў Гродна прыкладна 6 гадоў таму.

Напачатку было маленькае памяшканне пры пабрыгідскім касцёле ў цэнтры горада і група валанцёраў — медыкаў і псіхолагаў, якія мелі жаданне дапамагаць. У той час не хапала, аднак, яшчэ добрай арганізацыі працы, інфармацыі і вопыту, а ў большасці людзей — свядомасці таго, што ў моры цяжкіх сямейных праблем звычайная размова можа прынесці нейкі эфект. Лічба наведвальнікаў не павялічвалася, а паступова падала, кансультанты трацілі энтузіязм, і на нейкі час іх праца перарвалася.

У студзені 2000 г. гэтая дзейнасць, аднак, атрымала новы імпульс. Па ініцыятыве біскупа Антонія Дзям’янкі пры Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі пачало арганізоўвацца душпастырства сем’яў, і, такім чынам, праца набыла трывалы арганізацыйны падмурак. З кожнай парафіі пробашчы вылучылі людзей з адпаведнай адукацыяй, ахвотных уключыцца ў дзейнасць душпастырства. Для іх было арганізавана некалькі курсаў, дзе святары і спецыялісты агаворвалі задачы і метады працы ў гэтай галіне. Неўзабаве кансультацыя зноў адчыніла дзверы і распачалася рэгулярная праца: у панядзелкі, серады і чацвяргі з 18 да 20 гадзін. У сярэднім сёння падчас кожнага дзяжурства кансультант прымае 2-3 асобы. Гэта пераважна моладзь якую ў рамках перадшлюбнай падрыхтоўкі кіруе парафія, калі ў ёй няма спецыялістаў у галіне планавання сям’і.

Усё часцей прыходзяць людзі ў пошуках дапамогі ў вырашэнні складаных жыццёвых праблем — жонкі алкаголікаў, маці наркаманаў, жанчыны, якія зрабілі страшэнную памылку і цяжка перажываюць наступствы аборту. Сярод наведвальнікаў — не толькі практыкуючыя каталікі, хаця такіх большасць, але і людзі іншых веравызнанняў і наогул вельмі далёкія ад Касцёла. Яны выпадкова даведаліся пра існаванне такой паслугі і ідуць па дапамогу, прыціснутыя цяжарам праблем. Урачы і псіхолагі не адмаўляюць нікому, а каб заўсёды мець сілы дапамагаць іншым, яны імкнуцца паглыбляць сваё духоўнае жыццё, пашыраць веды, дзяліцца вопытам. З гэтай мэтай яны праходзяць курс адпаведнай падрыхтоўкі, удзельнічаюць у рэкалекцыях, штомесяц арганізоўваюць сустрэчы, на якія запрашаюць свайго духоўнага апекуна святара Юзафа Ганчыца. Для кс. Юзафа гэтыя заняткі не звычайны абавязак, але магчымасць у жывой канкрэтнай справе рэалізаваць сваё пастырскае пакліканне — ён спецыялізуецца ў кірунку душпастырства сем’яў у Варшаўскім каталіцкім універсітэце імя кард. Стэфана Вышынскага. А яшчэ — ён пробашч парафіі Святой Сям’і, якая з’яўляецца ўзорам і абаронцай усіх сем’яў, асабліва хрысціянскіх, на іх нялёгкім жыццёвым шляху. На адной з такіх сустрэч, якую яе ўдзельнікі называюць «фармацыйнай», кс. Юзаф разважаў пра прычыны сённяшняга становішча сям’і. Сярод бачных прычын яе распаду, на думку святара, асноўная палягае ў духоўнай няспеласці моладзі і адсутнасці адказнасці за сям’ю. За часы прымусовага атэізму сям’я страціла не толькі сваё духоўнае жыццё, сувязь з Хрыстом, але перацярпела і якасныя перамены — сёння яна складаецца пераважна з двух пакаленняў, а не з трох, як раней. У сям’і, дзе разам жыве некалькі пакаленняў, адбываецца спантаннае ўзаемавыхаванне, у аснове якога ляжыць пазітыўны прыклад і вопыт старэйшых. Сёння ж моладзь жыве сваім жыццём, не звяртаючыся ў складаныя моманты па параду старэйшых. Адсутнасць «крытычнага вока» прыводзіць да таго, што людзі, якія не маюць моцнай духоўнай апоры, лёгка трапляюць пад уплыў фальшывых ідэй і вартасцяў.

Удзельнікі сустрэчы ў працэсе дыскусіі разглядалі самыя розныя аспекты, што ўплываюць на стан сям’і, абменьваліся вопытам сваіх размоў з наведвальнікамі кансультацыі. Існаванне падобнай кансультацыі — гэта добры пачатак, які трэба развіваць і ўмацоўваць, бо ад якасці нашых сем’яў залежыць будучыня ўсяго народу і краіны.

Л. М.
Фота аўтара.