Галоўная крыніца сілы ва ўсіх жыццёвых выпрабаваннях – Эўхарыстыя і давер да Маці Божай, – заўсёды казаў сваім падапечным святы Ян Боска. За тры дні да смерці нагадваў: «Калі гаворыце казанні, асабліва падкрэслівайце важнасць набажэнстваў да Найсвяцейшай Маці».

Ордэн, які заснаваў св. Ян Боска, называюць яшчэ салезіянскім, таму што адпачатку апекуном гэтага таварыства быў святы Францішак Салезскі.

Дзейнасць салезіянскага закону на Беларусі распачалася ў 1981 г. у вёсцы Жупраны, на Ашмяншчыне. Касцёл тут заўсёды быў адчынены, нават пры атэістычным рэжыме. А ў 1990 г. салезіяне ў асобе ксяндза Генрыка Куляшэвіча прыйшлі ў Смаргонь. Пачынаць давялося з аднаўлення будынка касцёла, які за час савецкай улады быў знявечаны. Людзі, змучаныя духоўным голадам, пацягнуліся да святыні. За кароткі час у парафіі налічвалася каля 5 тысяч вернікаў. Сёння іх нашмат больш: у нядзелю касцёл ужо не змяшчае ўсіх парафіянаў, і гэта пры тым, што служыцца пяць набажэнстваў. Касцёл пастаянна папаўняецца вернікамі, большасць з якіх – дзеці. Заняткі па катэхізацыі штогод праходзяць у сярэднім 700 дзяцей, а сёлета было каля 1000. Катэхізацыя адбываецца ў дзве змены, а праводзяць яе шэсць чалавек, трое з якіх законныя сёстры Малгажата, Гэлена і Люцыя. Без гэтых сясцёр салезіянак ксяндзу і парафіі было б вельмі цяжка....

Больш за 10 гадоў ксёндз-дзекан Генрык Куляшэвіч працаваў адзін у чатырох парафіях. І вось год таму ў смаргонскі касцёл св. Міхала прыйшоў вікарыем ксёндз Алег Жураўскі. «Гэта вялікая дапамога для мяне, – гаворыць айцец Генрык. – Ён малады, энергічны, добра валодае беларускай мовай, ягоны прыход вельмі адчувальны для парафіі».

Спецыфіка дзейнасці ордэна Яна Боскі грунтуецца на працы з дзецьмі, падлеткамі, моладдзю. І гэта немагчыма не адчуць і не заўважыць. Дзеці – усюды. Іх шмат на кожным набажэнстве. А такой колькасці юных міністрантаў, шчыра кажучы, яшчэ не даводзілася бачыць нідзе. Прычым на кожнай Святой Імшы. У смаргонскай парафіі нават азначылася цікавая тэндэнцыя – праз дзяцей да веры прыходзяць бацькі, якіх з кожным годам тут усё больш і больш.

Шмат дзяцей і моладзі аб’ядноўваюць такія супольнасці, як «Скаўты» і «Малыя скаўты». На канікулах працуе араторый (памяшканне, дзе збіраюцца школьнікі, каб бавіць свой вольны час). Пакуль што для гэтага прыстасаваны будынак былога кафэ «Казка», які некалькі гадоў таму мясцовыя ўлады перадалі касцёлу. Больш таго, вялікімі намаганнямі а. Генрыка і малітвамі вернікаў касцёл атрымаў будынак былога Дома культуры – ён знаходзіцца на тэрыторыі касцёла і да савецкіх часоў належаў яму.

Плануецца пераабсталяваць гэты будынак цалкам пад араторый, аднак фінансавыя праблемы пакуль перашкаджаюць гэтай высакароднай справе. Але парафіяне і святары шчыра вераць у Божы Провід. Спадзяюцца на дапамогу пасрэдніцы ўсіх ласкаў – Маці Божай, якую тут вельмі любяць і ўшаноўваюць. Марыйны дух у гэтай парафіі адчуваецца адразу, і заслуга ў гэтым пробашча. Задоўга да Імшы ён сядзіць у канфесіянале і заўсёды з ружанцам. Гэтай малітве ў парафіі надаецца асаблівая ўвага. Ружанец тут моляцца перад кожнай Святой Імшой, і мала хто не належыць да ружанцовых колаў, а супольнасць Міжнароднага Жывога Ружанца, у якім моляцца за трыумф Беззаганнага Сэрца Марыі, тут адна з самых вялікіх у Беларусі.

Парафія моцная і сваім «Легіёнам Марыі». «Легіянеры – галоўныя памочнікі святара, – гаворыць а. Генрык. – Ксёндз часта ідзе па іх слядах да хворых, бедных, занядбаных. Дзякуючы легіянерам у нас павялічылася колькасць шлюбаў пажылых людзей, якія амаль усё жыццё пражылі ў сужэнстве без Божага благаславення. Вялікую працу легіянеры выконваюць у бальніцы – кожную сераду там адпраўляецца Святая Імша».

Смаргонскім парафіянам вельмі пашанцавала: яны маюць добрых святароў, якія не толькі словамі, але і прыкладам асабістага жыцця вучаць іх сапраўднаму наследаванню Хрыста. За гэта парафіяне вельмі ўдзячныя сваім пастырам.

Галіна Калевіч.
Фота В. Царыка.