Да Будслаўскай Божай Маці 2.07.2002 г.
О Мадонна малога мястэчка ў кароне світання
калі Тваё белае войска перад Табою паўстане
на чыстых Тваіх дарогах Тваіх пілігрымаў калоны
на ясных Тваіх нябёсах Тваіх анёлаў заслоны
спакой на ўсход і на захад перадаюць Твае хоры
і чуе хвалебную песню глухі забіты і хворы
і я стаю пасяродку Твайго святога з’яўлення
а Ты ад мяне прымаеш слязу любоў і маленне
Данута Бічэль

* * *
Восем гадоў таму, калі полацкія пілігрымы ўпершыню зрабілі пешую пілігрымку ў Будслаў, яны зразумелі, што найцяжэй ісці першы дзень, ад Полацка да Празарокаў, і не толькі таму, што гэта ажно 45 км, але яшчэ і таму, што ў гэты дзень амаль не сустрэнеш прыветных твараў на сваім шляху. Ніхто тады нашых пілігрымаў не прывеціў, не падаў кубка вады, нават не ўзмахнуў ім прывітальна рукой. Наадварот, стрэчныя ўнікалі спаткання з крыжом пілігрымаў, адварочваліся ад яго, а хтосьці выразна круціў пальцам каля скроні, маўляў: «Неразумныя! Куды вас нясе? Чаго вам не хапае ў вашым Полацку?»

Той, хто ніколі не хадзіў у пілігрымку, не мераў свой крок за крыжом ды харугвай, што на фоне неба асабліва моцна прамаўляюць да твайго сэрца, той наўрад ці зразумее радасць пілігрымскіх дарог. Але не гэта галоўнае. Галоўнае тое, што цяпер полацкіх пілігрымаў па дарозе да Празарокаў сустракаюць і гасцінна частуюць у Фарынаве, Ветрыне, Ломашах, Ламцях (дарэчы, у гэтай вёсцы нас заўсёды прывячалі, але гэта ж ужо пад самымі Празарокамі). Значыць, збыліся словы ксяндза Францішка Кіселя, якія ён сказаў 8 гадоў таму: «Калі гадоў дзесяць паходзім гэтай дарогай у пілігрымку, то, можа, і зразумее нас хтосьці, і нават кубак вады падасць». Зразумелі! Больш за тое, тут за гэты час стварыліся каталіцкія парафіі: у Фарынаве ды Ветрыне! І пілігрымы ў ружанцовай малітве дзякуюць за гэта Богу.

* * *

Тры часткі Ружанца. Іх штодня моляцца пілігрымы. І стала ўжо традыцыяй, што першая частка ў нас — падзяка Пану Богу за Яго дары, другая — перапрашэнне за свае правіны, трэцяя — просьбы да Пана Бога. Найлягчэй маліцца трэцюю, бо чаго-чаго, а ўжо просьбаў у нас заўсёды хапае. Ды толькі каб дайсці да просьбаў, трэба яшчэ падзякаваць ды перапрасіць Найвышэйшага. Гэта даецца цяжэй, але затое як не скалануцца сэрцу, калі раптам пачуеш, як хтосьці перад чарговай таямніцай кажа ў мікрафон: «Дзякуй Табе, Божа, за тое, што я жыву на гэтым свеце...» А хтосьці: «Дзякуй за дар веры...», «...дзякуй за маіх бацькоў», «...за гэты дзень і магчымасць ісці гэтай дарогай». А ў другой частцы хтосьці пакорліва папросіць: «Прабач мне, Пане Божа, за мой нястрыманы гнеў на іншых», «прабач за гады бязвер’я», «прабач за страх, які мне перашкаджае бараніць праўду». Асабліва цяжка казаць «прабач», але калі ты ўсё ж знайшоў у сабе смеласць на гэта, ты адчуеш раптам, як гэта здорава — быць пачутым, зразуметым і прабачаным.

* * *

Другі дзень пілігрымкі. Пасля Імшы ў празароцкім касцёле, тым самым, які савецкая ўлада ператварала ў калгасную канюшню, мы зноў збіраемся ў дарогу. Апошнія словы развітання з гасціннымі гаспадарамі, апошні позірк на велічны касцёл, які для нас стаў сімвалам перамогі духоўнага ды прыгожага над смярдзючым калгасным стойлам. У дарогу! Але праз некалькі метраў зноў кароткі прыстанак — пры магіле заснавальніка беларускага прафесійнага тэатра Ігната Буйніцкага. Празарокі — ягоная радзіма. І як жа не ўспомніць нам яго, няўрымслівага вандроўніка, нястомнага, таленавітага акцёра і танцора, чалавека, у якога нам трэба вучыцца бескарыслівай любові да Бацькаўшчыны! Вечны спачын табе, пане Ігнацы! Няхай твая вечнасць будзе прыгожай, бо прыгожым ды яркім было тваё нядоўгае жыццё!

* * *

Возера Доўгае, як вядома, самае глыбокае на Беларусі. А для нас яно яшчэ і самае жаданае, бо каля яго заўсёды бывае працяглы адпачынак. Падмацоўваемся. Перавязваем ногі. А потым хтосьці дрэмле з паўгадзіны на лузе пад ціхамірнае зумканне пчолаў, хтосьці, з маладзейшых ды мацнейшых, гуляе ў мячык, а той, каму зусім не сядзіцца, можа нават пакатацца на ровары, які цудам аказаўся на гэтым адрэзку шляху ў аднаго з пілігрымаў.

* * *

Памятаю, як некалі ішлі мы з дзецьмі з чыгуначнай станцыі «Баравое» да бабулі ў вёску і ў Прошкаве збочылі на могілкі, зазірнулі ў шэрую, напаўразбураную капліцу. Усярэдзіне буяла крапіва. Памятаю, як сыны добра абжыгліся, пакуль прабраліся да алтара, а потым доўга разглядвалі табернакулюм у ім. Памятаю, як сварылася я на іх, каб не лезлі на хоры, бо лесвіца ледзьве ліпела...

Той выпадак нагадаў мне ўвечары мой малодшы сын, седзячы ў прыгожай адноўленай капліцы. Цяпер яму, высокаму баскетбалісту, была б ужо не страшнаю тая даўняя крапіва. Але, дзякуй Богу, яе тут больш няма і нішто ўжо не нагадвае пра былое занядбанне. Прошкаўцы маюць сваю капліцу, любяць яе і кожную нядзелю збіраюцца ў ёй на супольную малітву.

* * *

Дзень святых апосталаў Пятра і Паўла полацкія пілігрымы штогод святкуюць у Глыбокім, куды мы прыходзім увечары на трэці дзень пілігрымкі і разам з глыбачанамі ўдзельнічаем у Святой Імшы. Глыбокае, вядома, маладзейшае за Полацк, але і гэты старадаўні гарадок шмат памятае. Памятае, як у глыбоцкім кляштары кармелітаў маліліся пабожныя законнікі, як узводзіўся прыгожы Троіцкі касцёл (дарма што і яго, і полацкую Сафію стварыў адзін дойлід — Глаўбіц), памятае неспакойны час паўстанняў Касцюшкі і Каліноўскага, памятае і адважных юнакоў ды дзяўчат з Саюза беларускай моладзі, чыю маладосць хіжа скалечыў сталінскі рэжым, памятае бесчалавечнае Беразвеччча...

На наступны дзень у Глыбокім нас более — да нас далучаецца група глыбоцкіх пілігрымаў.

* * *

Прыдарожныя крыжы. Як жа моцна яны прамаўляюць да стомленых пілігрымаў! Каля іх нас часта сустракаюць зычлівыя людзі, тады мы разам з імі молімся, трохі размаўляем, хтосьці з іх просіць перадаць у Будслаў ахвяру...

А часта каля такога крыжа мясцовыя сардэчныя кабеты наладжваюць для нас пачастунак, які, вядома, бывае дарэчы, асабліва нашай дзятве. Мамы дома, можа некаторыя і не падазравалі нават, колькі іхняе дзіця можа выпіць ды з’есці за дзень. Заплаці, Божа, гэтым шчодрым, працавітым кабетам! Прымі нашыя малітвы за іх, нашых прыгожых, спрацаваных, такіх добрых беларускіх жанчын.

У Варганах, як заўсёды, кароткі прыпынак, і бывалыя пілігрымы гатовыя выконваць ролю экскурсаводаў каля дзівосных каменных крыжоў пры капліцы Маці Божай ды фігуры Пана Езуса. Гэты рукатворны цуд пры дарозе — плён працы рук мясцовага майстра Аляксандра Калбасіча, чалавека нялёгкага лёсу, шчырай веры і вялікай любові да Бога і людзей. Блаславі, Пане Божа, ягоную сям’ю, дзяцей ды ўнукаў! Пашлі ім палёгку ў іхніх цяжкіх выпрабаваннях.

* * *

Вельмі люблю, калі ранішнія малітвы праводзіць сястра эўхарыстка Ірэна Варонька. Здаецца, мы перажываем з ёю аднолькавыя пачуцці, вітаючы дзень, што толькі-тлькі распачынаецца. І, загадзя прымаючы ягоныя радасці, выпрабаванні, а, можа, і боль, мы разам цешымся, што вось прыйшоў ён для нас, гэты незвычайны, непаўторны дзень нашага жыцця. Калі сястра Ірэна моліцца малітву пілігрыма да Маці Божай Будслаўскай, яе голас пачынае дрыжэць, здаецца, на словах пра заблытаныя сцежкі нашага жыцця. Іх шмат, гэтых складаных клубкоў нашых шляхоў-дарог. Вось і разблытваем мы іх паціху-памалу ў часе пілігрымкі, аналізуючы, шукаючы адказаў, а, знайшоўшы, магчыма, кажам Богу скрушнае: «Даруй...»

* * *

На падыходзе да Порплішча кожны пілігрым ведае, што яго чакае шчодры абед. Мы, вядома ж, штогод радуемся нашай сустрэчы з гэтымі гасціннымі, зычлівымі людзьмі. А ў прахалодзе і цішы іхняга касцёла, на высокія прыступкі якога так цяжка ўзыходзіць пілігрыму, добра размаўляць з Найвышэйшым.

* * *

Апошні прыстанак каля крыжа ў Загорцах, малітва падзякі за нялёгкі дзень — і застаецца ўсяго некалькі метраў да касцёла ў Параф’янаве. Але якія ж яны цяжкія, гэтыя метры, і якія доўгія! У касцёл уваходзім, калі на дварэ ўжо добра прыцямнела. Касцёл жа заліты святлом, і ты нечакана думаеш, што калі б яго было менш, гэтага святла, то, можа, не так бы і заўважна было, як ты ледзьве апускаешся на калені, а потым без падтрымкі не дасі рады падняцца. Ды ведаю: у Загорцах, у сям’і Януша Пухальскага, нас з сынам чакае, як і кожны год, шыкоўная лазня, смачная вячэра, добрая размова, і гэта надае сілы.

* * *

Апошні дзень пілігрымкі асаблівы. Гэта — трапяткое чаканне сустрэчы з Будславам і лёгкі сум, што вось і сканчваецца яна, яшчэ адна наша дарога да Маці Божай Будслаўскай. І ўжо, вядома, не памятаеш ні пра мазалі, ні пра стому, ні пра якія дробныя непамыслоты. І ўвогуле: пяць пілігрымскіх дзён — гэта зусім ніякі не цяжар, а толькі радасць. Здаецца, гэта адчуваюць усе, хто прайшоў па шляху з Полацка да Будслава, — вернікі з Полацка і Наваполацка, з Ушачаў і Талачына, Расонаў, Фарынава, Глыбокага і нават з расійскага Уладзіміра. Пяцёра ўладзіміраўцаў ідуць разам з намі з Глыбокага, старэйшы ў іх, вядома ж, святар, айцец Банавентура, ураджэнец Конга, які вось ужо дзесяць гадоў жыве ў Расіі. Ну як тут стрымацца ды не пазнаёміцца з жыццярадасным афрыканцам і ягонымі расейскімі сябрамі.

— Што вас паклікала ў Будслаў? — пытаю ў айца Банавентуры.

— Маці Божая Будслаўская, — проста адказаў ён. — Я ўжо другі раз буду ў Будславе і ў гэтыя хвіліны жыву чаканнем сустрэчы з Маці Божай. Гэта вельмі цудоўна, што беларусы маюць такі санктуарый. А пілігрымкі я люблю за тое, што ў іх найлепш адчуваеш сябе пілігрымам у нябесны Ерузалем.

* * *

У Ілаве ўжо адпачываюць ды надчэкваюць, пакуль збярэцца ўся Віцебшчына — пілігрымы з Мёраў, Браслава, Друі, Шаркаўшчыны, Верхнядзвінска, Докшыцаў. Нас вітаюць прыязна, і мы таксама гучна вітаем іх у адказ. Стома некуды вокамгненна знікае, хочацца спяваць: нас так шмат ідзе сёння ў Будслаў! І наша галасістая моладзь спявае — прыгожа, ад душы.

* * *

Полацкія жанчыны з нашай пілігрымкі, мабыць, самыя працавітыя. У той час, калі ўсе мы адпачываем на жаданым прыстанку, яны сплятаюць з папараці ды яркіх лугавых красак вялікі вянок-сэрца, з якім наша пілігрымка падымецца на прыступкі будслаўскай святыні. Менавіта сэрца — наш найлепшы, найпрыгажэйшы дар. Дзякуй вам, нашы руплівыя працаўніцы! Вы цудоўна зразумелі, што будзе найкаштоўнейшым падарункам для Маці Божай.

* * *

Апошнія кіламетры да Будслава. Праходзім іх паволі, урачыста, у чаканні тае жаданае хвіліны сустрэчы...

Нішто не можа перадаць тое непаўторнае, ні з чым непараўнанае адчуванне трапяткой радасці сустрэчы з Маці Божай Будслаўскай, сустрэчы, дзеля якой і быў увесь гэты шлях, усе малітвы, спевы, разважанні ў глыбіні сэрца. Апускаюся на калені перад Яе абразом і... маўчу. Маўчым усе мы, нават самыя гаваркія. А што скажаш у такія вось хвіліны, калі нашы сэрцы найлепш прамаўляюць у цішы? Яна ж, наша Маці, наша Апякунка Беларусі, умее чытаць цішыню нашых сэрцаў.

Ірына Жарнасек.
Фота аўтара.