Вільгельм Мубэрг (1898–1973), выдатны шведскі пісьменнік. Аўтар гістарычных раманаў «Зямля здраднікаў» (беларускі пераклад — 1997), «Скачы зараз жа ўначы», рамана-трылогіі «Эмігранты», «Імігранты», «Навасёлы», п’есаў і аповесцяў. У сваёй гістарычнай эпапеі «Мая гісторыя Швецыі» Мубэрг прысвяціў адзін з раздзелаў святой Брыгіце.

Асоба шведскага паходжання, якая дасягнула найвялікшай і найтрывалейшай славы ў свеце, была жанчынай — святая Брыгіта. Яна не толькі найвядомейшая постаць сярэднявечнай Швецыі — яе слава перажыла стагоддзі. Амаль 600 гадоў мінула з яе смерці, але па-ранейшаму штогод выходзяць на розных мовах дзесяткі кніг, прысвечаныя ёй. Швецыя мае іншых геніяў, вядомых у шырокім свеце, — Свэдэнборга, Лінэя, Стрындбэрга, — але іхняя вядомасць губляецца побач з вядомасцю Брыгіты.

Дзяўчына, якая набыла славу святасці і вечны гонар, нарадзілася ў маёнтку Фінста ў Упландзе ў 1303 годзе. У момант яе нараджэння святар прыходу ўбачыў у нябёсах Дзеву Марыю, якая сядзела на воблаку і трымала ў руцэ кнігу. Цяпер Фінста — станцыя на рослагскай чыгунцы; яна настолькі малая, што пасажыры не заўважаюць яе, а цягнікі рэдка там спыняюцца. А нядаўна прыпынкі зусім адмянілі. Помнік святой стаіць каля вакзала.

Брыгіта была дачкой аднаго з найбагацейшых людзей Швецыі — Біргера Пэрсана. Паводле ягонага тэстаманту, які захаваўся, ён валодаў на момант згону 22 маёнткамі ва ўсёй краіне. Яму наладзілі велічнае пахаванне, якое каштавала 275 марак або больш за 16000 крон у тагачасных шведскіх грошах. На хаўтурах пілі віно трох гатункаў: чырвонае віно, белае французскае і рэйнскае. Спадчына Біргера Пэрсана была падзелена паміж трыма дзецьмі; Брыгіта, дачка Біргера, стала пасля смерці бацькі адной з найбагацейшых жанчын Швецыі.

Яна атрымала найлепшае выхаванне, якое ў той час было даступнае для шляхцянкі, і навучылася ўсяму, што мусіла ведаць жанчына яе стану. У 13 гадоў Брыгіта ўзяла шлюб з Ульвам Гудмарсанам з Ульвозы, яму самому было тады 18 гадоў. Першыя два гады шлюбу яны жылі як брат і сястра. А калі потым рашыліся жыць як муж і жонка, то штораз маліліся Богу, «каб Ён выбачыў ім гэты грэх і даў бы нашчадкаў, гатовых заўсёды служыць Яму». Так распавядае дачка Брыгіты Катарына паводле аповеду самой маці. У 16 гадоў Брыгіта нарадзіла першае дзіця. Што да нашчадкаў, то Ульв і ягоная жонка былі ўзнагароджаныя за іхнія малітвы: на працягу дваццаці гадоў яна нарадзіла восем дзяцей: чатыры сыны і чатыры дачкі.

Брыгіта нараджала дзяцей на славу Пану Богу, каб яны служылі Яму. Яна палала любоўю да Бога, які сказаў ёй аднойчы, што быў такі праведны, што не хацеў рабіць ніякай шкоды нават д’яблу. Яна звярталася па параду да неба ва ўсіх справах.

На працягу 20 гадоў яна жыла з сям’ёй ва Ульвозе, а потым служыла пры двары караля Магнуса як дарадчыца і суддзя. Яна называла караля непаслухмяным дзіцем і склала для яго «Каралеўскае люстра», трактат, у якім выклала, падобна Майсеевым законам, дзесяць запаведзяў, паводле якіх кароль павінен жыць. Яна дала шведскаму каралю «дырэктыву» наконт посту: кожную пятніцу ён мусіў наследваць Хрыста — мыць ногі трынаццаці беднякам і асабіста раздаваць ім ежу і грошы.

У 1349 годзе Брыгіта пакінула радзіму і падалася ў Рым. Там яна з рэдкімі перапынкамі пражыла рэшту свайго жыцця. У 1372-м, за год да сваёй смерці, яна зрабіла пілігрымку да Гробу Панскага ў Ерузалем. Працэс яе кананізацыі праходзіў у Рыме з некаторымі перапынкамі на працягу 13 гадоў, з 1378 да 1391. І ўрэшце дзяўчына з Фінсты была каранаваная святой каталіцкага Касцёла і стала святой Брыгітай.

Мы прасачылі унікальны ў шведскай гісторыі чалавечы лёс. Але якой была гэтая магутная жанчына як чалавек? Як можна вызначыць яе характар па-за роляй абранай і пасланай Богам вястункі, звярнуўшыся да яе чалавечых якасцяў?

Яна была, безумоўна, уладарная асоба. Пра гэта сведчыць яе спроба падпарадкаваць караля Магнуса сваёй волі. Хрыстус сказаў ёй аднойчы: «Ты дасягнеш вялікага шанавання не толькі як мая нявеста, але таксама як манахіня і ігумення кляштара ў Вадстэне». Пасля смерці яна стала аб’ектам культу ў свеце каталіцкага хрысціянства.

Брыгіта, дачка Біргера, зусім не была непрактычнай летуценніцай, што не давала рады рэчаіснасці. Сучаснікі сведчаць пра яе здольнасці і працавітасць. Яна проста не магла сядзець без працы. Дзе б ні была, заўсёды яе рукі займаліся справай. Яна мусіла быць узорнай гаспадыняй вялікага маёнтку ва Ульвозе.

Даваць міласціну — хрысціянскі абавязак, і Брыгіта рабіла шмат дабрачынных спраў для гаротных і бедных. Яна наведвала хворых і нямоглых і апекавалася імі, працавала, як працуюць сучасныя манашкі ў кварталах беднаты. Яна вяла энергічную барацьбу супраць распуснасці і амаральнасці. Яна ўвесь час хадзіла па публічных дамах у Стакгольме, дзе спрабавала вызваліць прастытутак ад прыніжэння.

Падчас аднаго такога наведвання ў доме граху здарылася запамінальная падзея. Сталася так, што і д’ябал прыйшоў у дом цярпімасці адначасова з Брыгітай. Ён ужо запусціў кіпцюры ў адну жанчыну, якая страціла прытомнасць і ўпала на падлогу. Брыгіта ўступіла ў змаганне з д’яблам і вырвала ў яго здабычу. Ён так напалохаўся, што ўцёк праз вакно. Страх, які яна нагнала на самога Князя Цемры, сведчыць пра ўладарную сілу яе асобы.

Брыгіта накладала на сябе пакаранні за грахі і моцна хвастала сябе. Пояс яна абкручвала вяроўкай з трыма вузламі манаскага строю. Яна зацягвала яе так шчыльна, што вяроўка працірала скуру і наносіла глыбокія раны. Штовечар па пятніцах яна брала палаючую свечку з-пад укрыжавання і капала гарачы воск сабе на далоні. Калі раны на далонях пачыналі гаіцца, яна раздрапвала іх пазногцямі. Яна хацела захаваць раны ў памяць пра Хрыстовыя раны. Найцяжэйшым пакараннем быў пост. Ёй заўсёды падабалася добра паесці, і яна вельмі цярпела, рэгулярна накладаючы на сябе абавязак посту. Перажыванні падчас посту могуць быць звязаны з яе яснабачаннем.

За ўсё жыццё ў Брыгіты было каля 700 адкрыццяў яснабачання. Яны запісаныя як у лацінскай, так і ў старашведскай версіях, і прынамсці два з іх напісаны яе рукою. Калі ў яе была візія, яна дыктавала свае яснабачанні пісарчуку. У яснабачаннях яна выказвала свае думкі на шмат якія рэчы гэтага свету і закранала самыя розныя тэмы. І рабіла гэта заўжды паводле Боскага наказу, датычыла гэта Ягоных запаведзяў: сама яна была ўсяго толькі правадніком гэтых запаведзяў. Часам Боскія запаведзі змяшчаюць шмат чыста практычных парадаў і рэкамендацый. Напрыклад, план і статут кляштара ў Вадстэне зробленыя Панам у найдрабнейшых дэталях. Ніхто іншы як Усявышні быў архітэктарам жаночага кляштара ордэна брыгітак.

«Revelationes» Брыгіты былі выдадзеныя ў васьмі кнігах яснабачанняў і каментараў. Спецыяльная камісія на чале з тагачасным арцыбікупам прызнала сапраўднымі яе яснабачанні ў 1340-х гадах. Але на шэрагу касцельных нарадаў у XV стагоддзі выступалі скептыкі, і дэбаты пра Боскае паходжанне яснабачанняў з тае пары працягваліся ў хрысціянскім свеце. Аднак нават ворагі Брыгіты, дачкі Біргера, працягвалі жыць у яе «Яснабачаннях»: яна зрабіла іх несмяротнымі.

У канцы 1340-х гадоў для караля Швецыі, Фінляндыі і Нарвегіі насталі часы цяжкіх выпрабаванняў. Пачалася вайна на ўсходзе — рускія княствы нібыта парушылі мір — і Магнус вырушыў у крыжовую выправу. На працягу 200 гадоў шведы змагаліся, каб выратаваць упартых фінаў з палону паганства, але хрысціянства ўсё яшчэ не замацавалася ў Карэліі, памежнай з Руссю вобласці.

Са сваіх яснабачанняў Брыгіта ведала, як трэба весці гэтую ваенную выправу. І яна паведаміла каралю пра Боскі план выправы. Адначасова яна патлумачыла, што яму будзе кепска, калі ён не пойдзе разам з войскам. Але Магнус не даў веры яе яснабачанням, якія ён, паводле Улаўса Пэтры, «лічыў пустой бабскай балбатнёй». А Брыгіта мела рацыю: справы ў непаслухмянага караля пайшлі кепска. Ваенная выправа ў Фінляндыю скончылася сакрушальнай паразай, да таго ж Магнус стаўся аб’ектам насмешак. Брыгіта сурова асудзіла яго, а моц ягоных ворагаў узрасла. Магнус быў нікчэмным палкаводцам, а брак вайсковага таленту разглядаўся як значны недахоп асобы сярэднявечнага ўладара.

У той жа час, у 1349 годзе, Швецыю напаткала найвялікшае няшчасце за ўсю сярэднявечную гісторыю — Вялікая Смерць, калі краіна згубіла траціну свайго насельніцтва. І, натуральна, Магнус быў абвінавачаны ў тым, што гэтая найвялікшая ў гісторыі чалавецтва эпідэмія чумы абрынулася на Швецыю. Брыгіта сцвярджала, што хвароба была Боскай карай народу за грэшнае жыццё караля. Яшчэ перад сваім ад’ездам у пілігрымку ў Рым у 1349 годзе яна прадчувала і прадказвала, што Сусветная Пошасць прыйдзе ў каралеўства Магнуса. Прадказанне гучыць так:

«Як плуг, пройдзе Боскі гнеў праз усю Швецыю... і труп будзе ляжаць каля трупа... там, дзе жыла тысяча, застанецца жыць ледзь сотня, і дамы апусцеюць». Аказалася, што словы прадказання спраўдзіліся ў найменшых дэталях. Брыгіта, напрыклад, прадказала, што трыццаць тры манахі ў Альвастраўскім кляштары памруць і назвала імя кожнага з іх. Так і сталася, яны памерлі ад чумы. У сваіх «Revelationes» яна ясна ўбачыла, як Анёл Смерці набліжаецца да Швецыі.

Безумоўна, яна належыць да шэрагу вялікіх асобаў шведскай гісторыі. Дзякуючы ордэну брыгітак і яго цэнтральнаму кляштару Вадстэна стала цэнтрам духоўнай культуры сярэднявечнай Швецыі. У кляштары знаходзілася найбуйнейшая бібліятэка еўрапейскай Поўначы. У яго мурах узніклі незлічоныя манускрыпты, створаныя працавітымі манахамі і манашкамі. Немагчыма пераацаніць значэнне кляштара як сацыяльнага інстытута, які апекаваўся беднымі, гаротнымі і хворымі.

У маладыя гады я пэўны час жыў у Вадстэне. Я ўспрымаў гэта месца перш за ўсё як горад Брыгіты, дзе ўсё было прасякнута даўнім сярэднявечным кляштарным спакоем і цішынёй, некранутай мірской мітуснёй. Памяць пра святую працягвае жыць тут. Каталікі з усяго свету ў пілігрымках ідуць у Вадстэну. Брыгіта памерла 23 ліпеня 1373 года.

Культ рэліквій св. Брыгіты спазнаў цяжкасці у перыяд рэфармацыі, але ўзмацніўся зноў у канцы XVI стагоддзя, калі каталіцызм вярнуўся ў Швецыю. Многія гісторыкі прытрымліваюцца версіі, паводле якой герцаг Карл у 1595 годзе загадаў арцыбікупу Абрахаму Ангерманусу вывезці рэліквіі Брыгіты з кляштарнага касцёла і пахаваць у патаемным месцы — Мэсеніюс сцвярджае, што яны былі пахаваны непадалёк ад Вадстэнскага замку. Калі гэта паведамленне праўдзівае, то рэліквіі пазней адкапалі зноў і вярнулі на былое месца.

Косці Брыгіты захоўваюцца як рэліквіі і святыні па ўсім свеце. Іх можна сустрэць у розных каталіцкіх касцёлах. Дзяўчына з Фінсты, адзіная святая з Поўначы, каранаваная каталіцкім Касцёлам — постаць Сярэднявечча, якая здзіўляе і захапляе людзей і праз 600 гадоў.

Vilhelm Moberg. Min svenska historia. Stockholm, 1970.
Пераклаў са шведскай мовы Валеры Буйвал.

* * *

Памятаю, як у верасні 1991 года італьянцы з хваляваннем сачылі за неверагоднай падзеяй, што адбывалася ў саборы святога Пятра ў Рыме. Папа Ян Павел II служыў Імшу, у якой бралі ўдзел пратэстанцкія святары са Швецыі (!). Такое ў гісторыі адбывалася ўпершыню. Шведы былі запрошаны ў Апостальскую Сталіцу на святкаванне 600-годдзя кананізацыі святой Брыгіты. Славутая дачка Скандынавіі і праз стагоддзі паслужыла высакароднай справе ўмацавання міру і ўзаемаразумення паміж людзьмі і народамі. Нам жыццё і служэнне святой Брыгіты нагадваюць, безумоўна, нашу святую Еўфрасінню Полацкую. Яны не былі сучасніцамі, але жылі ў адну эпоху Сярэднявечча, па тых часах далёка ад галоўных цэнтраў еўрапейскай цывілізацыі. Ім давялося ўмацоўваць ў сваіх краінах маладое яшчэ хрысціянства насуперак паганскай стыхіі і чалавечых жарсцяў. Яны не баяліся сказаць праўду ў вочы магутным уладарам. Вялікія асветніцы, яны падарылі сваім народам неацэнныя культурныя каштоўнасці. Абедзве ў канцы зямнога шляху накіраваліся да Гроба Гасподняга. Удзячную памяць пра іх нашчадкі захавалі, нягледзячы на разбуральныя пераўтварэнні і гістарычныя буры.

Папа Урбан V зацвердзіў у 1370 г. статут ордэна сальватарыянаў, заснаванага св. Брыгітай (ад лацінскага Salvator — Збаўца), які часцей традыцыйна называецца брыгіцкім. На Беларусь брыгіткі прыйшлі з Польшчы. Існавалі жаночыя брыгіцкія кляштары ў Берасці (1624—1830) і Гародні (1634 — пач. ХХ ст.).