Данута Бічэль

Будслаў наш санктуарый
Божая Маці ў кароне спакою
хлопчыка туліць да сэрца рукою
ён Ёй трымае палец правіцы
Будслаў вышэй палітычнай сталіцы

выбрацца ў людзі з пяску не маглі мы
цёплаю цемрай ідзём пілігрымы
на літургію ліпнёвую ў Будслаў
збудзем крылатых пакорнымі будзем

Бог не смяецца ні з якага краю
чысты прагал ад Маскоўі да немцаў
Божы прытулак ад сэрцаў да смерцяў
Будслаў сваіх пілігрымаў збірае

* * *
а шурпатыя рукі старога каштана
пазбіралі на кніжку мяне нечакана

* * *
хто закінуў на хмаркі мярэжы
гэта вецер з заснежанай вежы
ён бяссонны і грэшны ён першы
б'юцца словы бы рыбіны ў вершы

нехта ж грае на лютні наверсе
на святой вышыні паднябесся
пачынаецца ветрава песня
галубок чысціць перыйка ў снезе

шчэ бяссонная хмарка заспана
шчэ не дыхаюць духі аргана
шчэ прасветлена плакаць зарана
шчэ нічогачкі не змарнавана

* * *
утварае дарога
знак крыжа старога
і апроч мяне анікога

край зямлі свабодны ад зорак
нібы там пракаціўся паморак
маладзік як ножык-сцізорык

адна пры ўсім небакраі
каменне ў жменю збіраю
апроч неба нічога не маю

* * *
была я лёгкай як белы птах
тады я лётала ў снах
чыстай была як белы анёл
у снах не ўпала на дол

была я грэшнай ведзьмай была
лётаць у снах я магла
маланкай з громам у буры слоў
гарэла і лётала зноў

цяпер жыццё святое ў мяне
цяпер я лётаю ў сне
не ў вырай лячу а лячу дамоў
на белых аблоках сноў

* * *
не замучыце неба грамамі
не закурыце неба дымамі
не задыміце і цыгарэтамі
не застрэліце неба ракетамі

не захопіце неба і танкамі
не затопчаце дзікімі танцамі
ні сваімі пампезнымі святамі
ні сваімі дарамі багатымі

да Маці Божай у Вострай Браме
адчынена сэрца Марыі перад сусветам
надскрыжаваннем пагоджаных з воляю рук
вось гэты горкі аповед Бог пра мяне даўно ведае
пацалунак кладу я мой грэшны на мой вастрабрамскі брук

жыццё мяне сцісне а сэрца жывога не вырве
абступяць з балота падлюгі паставяць сумненні сцяной
прыходжу я з-за балота да вастрабрамскае Вільні
ціха кажу падымі мяне адну мяне нада мной

* * *
вылечым самі хваробы дзяцінства
вырасцем самі з цямрэчы дзікунства

укультувуемся светлай яснотай
у мудрасць сусветную у глыбіню

ці застанемся святой наіўнотай
жыць сярод мёду і палыну

будзем маліцца на мове дзіцячай
ці з апастольскай малітвы тлумачыць

ці абмяжуем родныя гоні
Крыжам на княскай белай Пагоні

ды папракаць Цябе з крыўдамі будзем
з намі не дзеляцца добрыя людзі

ксёнжа
паміж мною і правам Божым
за мяне заступаецца ксёнжа

дае мне поўную ласку
цудам святой Эўхарыстыі
сумленне маё ў ім чыстае

ад мяне апрача грахоў
ксёнжа не мае нічога

мае ўсмешку Бога жывога

* * *
неяк трымаюся
смерцю Тваёй пераможана
Крыжам за грэх перапрошана

нібы ў сярэдзіне часу
які прыпыніўся і дрэмле
а паміж мною і сонцам
анёлы на дрэве

раптам зачэрпне ад грому
ўтопіць вядзёрка па воселка
возьме ў нябёсы дадому
хмарку ягнятка і восліка

з сонечнай песняй
прышле мне замежную візу
Брат мой духоўны
Паэта Францішак з Асізі

быццам ніякіх навацый
думкай запоўніць навейшай
сэрцы святыні і пляцы
прастору бязмежжа

* * *
на другім канцы свету
у капліцы прыбранай
спавядаюся Пану
які ўкрыжаваны

сярод чыстых людзей
і людзей расспяваных
апантаных
студжу пацалункам раны