5 мая 2002 года ў касцёл святых Сымона і Алены ў Мінску была прывезена фотакопія Турынскай Плашчаніцы. Гэта быў сапраўдны цуд, вялікая Божая ласка, якую мы яшчэ павінны ўсвядоміць.

На сённяшні дзень у свеце ўсяго сем такіх фотакопій. Пяць — на Захадзе. Шостая знаходзіцца ў Расіі ў адным з праваслаўных манастыроў. А сёмая цяпер у нас — у Мінску.

Перад тым як Плашчаніца адправілася ў Беларусь, у Турынскім катэдральным саборы была адслужана ўрачыстая Літургія, прысвечаная гэтай значнай падзеі. Падчас Богаслужэння копія Святога Палатна была ўскладзена на рэліквіяр, у якім знаходзіцца арыгінал Плашчаніцы.

Турынская плашчаніца — пахавальнае палатно, у якое пасля страшнага катавання і смерці на крыжы было загорнута цела нашага збаўцы Езуса Хрыста. Гэта ільняная тканіна адлюстравала жудасныя сляды ўсяго таго, што выцярпеў за нашыя грахі Хрыстус — бічаванне, цярновую карону, укрыжаванне.

Навуковыя даследаванні даказваюць, што адбітак на Плашчаніцы ўтварыўся ад укрыжаванага цела, якое за 36 гадзін таямнічым чынам «пранікла» праз пахавальную тканіну і падчас інтэнсіўнага выпраменьвання адбілася на ёй, як на фотанегатыве. Даказана таксама, што Езус меў групу крыві АВ Rh(+) (чацвёртая група, станоўчы рэзус-фактар). Яму было нанесена 600 ранаў, і на целе не было жывога месца, аднак адбітак мёртвага цела не меў аніякіх прыкметаў распаду. Гэтыя звесткі адпавядаюць евангельскім апісанням, але дапаўняюць іх важнымі падрабязназнасцямі. Плашчаніца наглядна паказвае увесь жах пакутаў Хрыста, на якія Ён аддаў сябе з любові да нас.

Божы Провід захаваў да нашых часоў ні з чым не параўнальны Абраз, які многія называюць пятым Евангеллем, напісаным не чарніламі, але крывёю, пралітай дзеля збаўлення людзей.

«Гэта каштоўнае Палатно, — гаварыў Ян Павел ІІ падчас гаміліі ў Турынскай катэдры ў 1998 годзе, — дапаможа нам лепш зразумець таямніцу любові Божага Сына да нас... Сузіранне гэтага знявечанага Цела дапамагае сучаснаму чалавеку вызваліцца ад павярхоўнасці і эгаізму, якія вельмі часта фармуюць яго адносіны да любові і да граху... Хрысціянін павінен з любоўю схіліцца (над гэтаю святыняю), паказваючы поўную гатоўнасць пайсці па слядах Хрыста...»

Святы Айцец сказаў, што кожны чулы чалавек уздрыгвае, калі глядзіць на Плашчаніцу. І гэта сапраўды так. Многія з тых, хто ўжо быў каля Плашчаніцы ў Чырвоным касцёле, сведчаць пра асаблівыя пачуцці, якія давялося там перажыць. Яніна Чарнушэнка, напрыклад, сказала: «Адчуванне рэальнай блізкасці Хрыста настолькі моцнае, што, здаецца, растае душа, а па спіне бегаюць мурашкі».

Разважаючы над падзеяй з’яўлення ў Беларусі унікальнай рэліквіі, разумееш, што гэта адбылося невыпадкова. У Юбілейным 2000 Годзе пры касцёле святых Сымона і Алены быў створаны навукова-даследчы цэнтр па вывучэнні Турынскай Плашчаніцы, які ўзначаліў заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь акадэмік, прафесар Міхал Цяўлоўскі. Неаднаразова тут былі прачытаны лекцыі на гэту тэму. Пабывала ў Чырвоным касцёле і знакаміты прафесар з Рыма Эмануэла Марынэллі, аўтарка шыраковядомай кнігі «Плашчаніца — Абраз немагчымы?» Дарэчы, гэта кніга перакладзена ксяндзом Уладзіславам Завальнюком перакладзена на рускую мову і ўжо выдадзена, але пакуль што невялікім накладам (рыхтуецца і беларускамоўны пераклад).

— Пра набыццё фотакопіі Турынскай Плашчаніцы мы і не марылі, — гаворыць у нашай размове пробашч касцёла святых Сымона і Алены ксёндз Уладзіслаў Завальнюк. — Але ўсё склалася цудоўным чынам. У студзені мне давялося быць у Італіі, і, безумоўна ж, я не мог не наведаць Турын. Там высветлілася, што фотакопію Плашчаніцы можна набыць, вядома ж, не бясплатна. Такіх грошай у мяне не было, але праз некалькі дзён знайшоўся спонсар — і вось мы маем унікальную фотакопію каштоўнага пахавальнага Палатна Езуса Хрыста.

— За што нам такая ласка! — паўтаралі са слязьмі на вачах многія з тых, хто прыйшоў 5 мая ў Чырвоны касцёл ушанаваць святую рэліквію.

— Якія ж вы шчаслівыя! — гавораць сёння тыя, хто прыязджае ў Мінск, каб наведаць Плашчаніцу. Мне, напрыклад, давялося спаткаць пілігрымаў з Літвы, а вернікі з Заходняй Украіны папрасілі даць ім Плашчаніцу, бо немагчыма ўсім прыехаць у Мінск. На жаль, на Беларусі людзі пакуль што мала ведаюць пра унікальную рэліквію, якая цяпер — зусім побач. Такое ўражанне, што мы яшчэ не зразумелі, што атрымалі.

Хочацца завяршыць гэты матэрыял цудоўнымі словамі нунцыя Апостальскай Сталіцы на Беларусі Івана Юркавіча: «Няхай жа прысутнасць гэтага святога Абраза ў парафіі святых Сымона і Алены ў Мінску стане стымулам для лепшага зразумення волі Божай над намі і над хрысціянскім пакліканнем у гэтай багатай Божымі ласкамі краіне».

Галіна Калевіч.
Фота В. Кучаравага.