Пра капліцу святога Роха ў засценку Шабуні былога Ігуменскага павету (цяпер Пухавіцкі раён) у 11 томе «Геаграфічнага слоўніка» ў 1890 годзе згадваў Аляксандр Ельскі. Пра засценак Шабуні ён пісаў: «Засценак прыгожы, дабротна забудаваны, жыхары заможныя, хоць і без адукацыі...» А ў 1930—1950-я гады гэтыя «заможныя жыхары» ледзь не вымерлі з голаду...

Жыхары навакольных засценкаў лічылі сябе парафіянамі касцёла св. Роха, але пастаяннага ксяндза тут не было — ён прыязджаў на набажэнствы, пэўна, з Анопаля — гэта за 5 км ад Шабунёў. Ельскі пісаў у «Геаграфічным слоўніку» пра кожны засценак у гэтай мясцовасці: усе яны належалі да парафіі Анопальскай, а з 1882 г. — да Кальварыйскай.

Шабуні знаходзяцца за 4 км ад Белькавічаў, дзе нарадзіўся Аляксандр Здановіч, будучы гісторык, бацька Ігната, якога ў 22 гады па прысуду Мураўёва павесілі за ўдзел у паўстанні Каліноўскага. За 2 км знаходзіцца Самалёва, або Самуэлева. Усе навакольныя землі належалі Радзівілам, а потым — Віштгенштэйнам, у якіх у Самалёве працаваў Ясмант, бацька яшчэ аднаго з паплечнікаў Каліноўскага.

Калі паўстала капліца — невядома. Існуе легенда, што неяк у ваколіцы быў страшэнны мор, і людзі выміралі пагалоўна. Для выратавання вырашылі набыць абраз святога Роха. Ахвяраванні на яго збіралі не толькі католікі, але і праваслаўныя.

У наш час у касцёле былі фігурка Маці Божай, крыж з распяццем ля ўваходу, харугвы, каля 20-ці абразоў на палатне (сярод іх — «Езус Укаранаваны», «Хрышчэнне Пана Езуса ў Ярдане»), быў увесь «Рытуал», неабходны для Імшы. На хорах да сённяшняга дня стаіць фісгармонія.

Вельмі балюча гаварыць пра гэта ўсё «было». Знікла ўсё гэта ў 1993 годзе. Страшна, горка да слёз, што рухне наша святыня.

...У 1996 г. мы былі ў Маладзечанскім раёне, і там, каля вёскі Аборак, убачылі руіны касцёла (па іроніі лёсу — таксама св. Роха). І тады малады мастак, дзед якога быў праваслаўным святаром, сказаў нам, што яму сорамна за гэтыя руіны. 5-6 гадоў таму касцёл пахіліўся і як бы прасіў: «Падтрымайце мяне». Падтрымаць не знайшлося каму, а між тым касцёл меў 750 гадоў і запісаны ў каталогах Ватыкана.

Мне страшна, што рухне і наш. Без святара наш касцёл не ўратаваць. Нашы дзяды і прадзеды любілі яго, стараліся ўпрыгожыць якой-небудзь разьбой, каляровым шкельцам у акне. Гэты каляровы праменьчык, што падаў з вокнаў, свеціць мне ўсё жыццё. Не помню, хто быў побач са мной у час Імшы ў дзяцінстве (вядома ж, мама і мае бабулькі), але ружовы праменьчык бачу і сёння...

Чаго я хачу, чаго прашу? Дапамогі. Гэтым летам быў у нас ксёндз і людзі крышачку ажывалі. У яго быў план наведаць усіх іх, прыйсці да іх у хаты, але пераехаў у іншае месца — і ўсё. Нам вельмі трэба, каб ксёндз не забываўся пра наша існаванне, не чакаў запрашэння ў касцёл, а прыходзіў бы сам. Разумею, як мала ў нас яшчэ святароў, як цяжка дайсці ім да кожнага населенага пункта, але без іх дапамогі мы нічога не зробім...

Вікторыя Ніціеўская.
Фота аўтара і А. Яроменкі.